Пачынаю новы этап у жыцці - жыццё ў вёсцы.
Гэта чарговая гульня не менш цікавая і не менш небяспечная чым падарожжа праз паўсвету.
Правілы простыя - адключаешся ад матрыцы ў горадзе і перасяляешся ў дзікую прыроду, дзе вада ў калодзежы празрыстая і смачная, дзе паветра так свежа, што досыць 4 гадзіны ў суткі каб выспацца, дзе неба з мільёнам зорак, рака са зграямі рыб і лес з усёй палескай фаунай.
Чырвоны Кастрычнік - вёска ў Гомельскай вобласці Рэчыцкага раёна.
Увага, адкрыта новая суполка
Кастрычнік Калі мы знайшлі гэтую вёску ў 2009 годзе ў ёй было каля 10 прыдатных для аднаўлення дамоў і ўсяго адзін жыхар - 81 гадовая баба Оля. Астатнія жыхары пакінулі вёску 5-10 гадоў таму з-за дрэннага спалучэння з светам - узімку дарогі засыпае снегам па пояс, увесну Днепр разліваецца так, што Кастрычнік становіцца востравам. Асфальт пачынаецца толькі ў суседскіх вёсках - Глушец - 2-5 км у залежнасці ад сезону, Хоўхла - 7 км ад Кастрычніка.
Дзеючыя асобы:
На сённяшні дзень Бабу Олю сваякі аддалі ў дом прыстарэлых і я - адзіны жыхар.
Дзіма Янкоў - самы актыўны "набрыдзень" :-))) Бывае ў вёсцы кожныя выхадныя, рамантуе свой дом, абзавёўся лодачкай, заняўся пчалярствам і дзякуючы Дзіму ў вёску зноў правялі святло. Хоць пакуль ні адна лямпачка там яшчэ не гарыць - падлучыць святло ў дом стоіць дзесьці 300 даляраў і кучу цяганіны. Дзіма абяцае перасяліцца ў вёску як толькі зробіць святло і вадаправод.
Надзя - жанчына Дзімы.
Дачнік Коля - Даўно мае самы крайні дом на табурэтнай плошчы і практычна на ўсё лета пераязджае ў Кастрычнік рыбачыць і паляваць. Я пакуль з ім не знаёмы.
Саша Дабрыян - знайшоў гэтую вёску разам са мной і Дзімам, таксама набыў там дом, але, кажуць, з'яўляецца апошні час там рэдка і асаблівага энтузіязму не выяўляе.
Сярожа Негярэвіч - дом сабе ніякой так і не набыў, але зімовы адпачынак правёў не прыязджаючы ў горад, жывучы там адзін, размаўляючы з жывёламі ледзь не здзічэў, спаліў Дзіму сцяну ў доме.
У суседніх вёсках што такое Кастрчнік не ведаюць і называюць вёску "Красны".
З жывёл у гэтых месцах жывуць: дзік, казуля, лось, алень, заяц, воўк, бабёр, рысь.
У планах у мяне арт-фестываль "Чырвоны Кастрычнік" 01/02 кастрычніка, 16-19 студзеня 2012 - фестываль з удзелам прадстаўнікоў краін амерыканскіх кантынентаў.
Да кастрычніка, думаю, хто-небудзь зробіць пару фэстаў у вёсцы таксама, а я з задавальненнем дапамагу. А пакуль буду займацца дакументамі на дамы, прапішусь там, правяду святло і інтэрнэт, зраблю дробны рамонт, зарэгіструюся рамеснікам, пабудую маленькі цэх для вырабу вырабаў з дрэва і буду цяслярыць - як ніяк, хутка 33!
Кастрычнік - гэта пляцоўка для людзей мастацтва. Сюды можа прыехаць і тварыць любы ахвочы. Вітаюцца ўсе ідэі і пачынанні. Абы гарэў агонь.
На мінулых выходных адбылася Сустрэча-пікнік, трохі фотак з якой і выкладваю.
За 3 дні ў антікрізісной вёсцы пабывала каля 30 чалавек. Кожны з'ехаў з натхненнем.
Чакаю у госці ўсех жадаючых у любы момант!