Набліжаецца Фэст “Права быць Свабодным!” і час выбраць якім транспартам і шляхам дабірацца да Луцка!
Тут кожны можа выбраць тое, што яму бліжэй па духу і кішэне!
Аматары экстрыма і стопа могуць дабрацца з Менска праз Баранавічы-Берасьце-Мяжа-Ковель-Луцк. Ці зьвярнуць у Баранавічах на Пінск, і ўжо адтуль дабірацца да Луцка праз Любешаў і Маневічы (райцэнтры на поўначы Валыні). Да таго ж для стопераў будзе конкурс і пераможцы атрымаюць падарункі!
Для тых, хто не любіць ездзіць стопам, і хоча быць упэўнены ў своечасовым даезде, прапануем варыянт ехаць цягнікамі-аўтобусамі! Сярэдні кошт даезда з Менску ад 27 да 35 тысячаў (калі ехаць да Берасьця цягніком, электрацыяй таньней)! Адразу папярэджваньне - выбірацца па маршруту Менск-Берасьце-Луцк лепш за ўсё вечаровым, ці начным цягніком! Будзе мажлівасьць нармалёва паспаць і зранку выехаць з Берасьця ў Луцк. Але кожны сам выбірае сабе шлях, і можа хтосьці захоча перад Украінай пабачыць горад-герой Берасьце, тады трэба выбрацца раней!
Дабрацца да Берасьця можна маршруткай ці аўтобусам, але зручней і таньней ехаць цягнікамі, якія не надта дарагія (ад 11 да 18 тысяч) ці электрацыяй, якія ідуць на Берасьце вельмі часта! З Берасьця да Луцка можна дабрацца наўпрост аўтобусам наЛуцк(адыходзіць у 10:00 і ў Луцку аж пад самы пачатак Фэста - 14:55), ці аўтобусам Брэст-Львоў - выходзіць з Брэста ў 8:25 раніцы і праходзіць праз Луцк трохі раней.
Лягчэй за ўсё даехаць з Берасьця да Луцка праз Ковель, з якога кожныя 10 хвілін ідуць маршруткі на Луцк (кошт 10,35 Грн). Вось дакладны расклад даезду з Берасьця да Ковеля: 02:00 адпраўленьне з Берасьця - 5:50 у Ковелі; 05:55 - 09:20; 06:35 - 10:25. Кошт да Ковеля - 12 тыс рублёў.
З Берасьця да Ковеля таксама можна дабрацца электрацыямі, што таньней за аўтобус, але час які пры гэтым згубіцца (каля 6-7 гадзін) і нязручнасьці з мяжой і перасадкамі не каштуюць таго!
Ну а для самых лянівых (ці наадварот, прагматычных) будзе зарганізаваны праезд аўтобусам ад Менска да Ковеля і назад! Ён, канешне ж, будзе даражэй за самастойны даезд, але навошта шкадаваць грошы за зручнасьць, камфорт, хуткасьць і добрую кампанію! Замовіць месца, даведацца кошт і іншыя акалічнасьці можна па тэлефоне 8-029-6225720, 8-029-5789708.
Чакаем Вас на Фэсьце!!!
P.S. Ёсьць яшчэ адзін маршрут - Менск-Баранавічы-Луцк! Якім таксама можна ехаць, але гэта адыме цэлы дзень на даезд! Добра, калі ты вызваляешся ў чацьвер, то пятніцу маеш на даезд, а вось калі вызваляешся толькі непасрэдна перад выходнымі, то гэта варыянт не для цябе! Але ж: дабіраемся да Баранавічаў рана-ранкам, там сядаем на аўтобус Баранавічы-Луцк у 09:10 раніцы і даязджаем да Луцка ў 19:00 вечара! Жадаючыя падсядаюць у Пінску ці ловяць аўтобус па дарозе! uff-by.org