Вялікодны кватэрнік - Ростані

Apr 24, 2022 23:35


Музычная вечарына "Ростані" ставіла на мэце, каб у вялікодны вечар прагучала беларуская музычная і паэтычная спадчына. Вершы Караткевіча, Купалы, Янішчыц, опера нараджэнцаў Беларусі Манюшкі і Генрыка Радзівіла, народныя беларускія песні.

Юры Гарадзецкі і Таццяна Гаўрылава, як на мой аматарскі густ, цудоўны оперны дуэт. Я даволі кепска разбіраюся ў музыцы, і заяўленыя кампазіцыі чуў упершыню, хоць там досыць вядомыя назвы гучалі. Мяне здзівіла, наколькі цікава і прыгожа гучыць гэта музыка. Вось уявіце сабе прыгожую класічную музыку, вось так яна і прагучала. Калі Таццяна Гаўрылава ўзяла першую вакальную ноту я адчуў дрыжыкі па спіне, у мяне ад оперных спеваў і класічнай музыкі менавіта такая фізіялагічная рэакцыя.

Тое, што канцэрт адбываўся ў вельмі камернай залі, да таго ж называўся кватэрнік, вельмі спрыяла нейкаму нефармальнаму настрою. Я, як аматар сацыяльных формаў тэатра, які рэдка спалучаецца з формамі тэатральнай умоўнасці, да опернага акцёрства стаўлюся з падазрэннем. Але ўсе гэтыя шырокія жэсты і характарныя позы, якія прымалі выканаўцы, у невялікім памяшканні не выглядалі тым ілжывым пафасам, які для мяне ёсць асноўнай праблемай. Я вось аднойчы быў на прэзентацыі кніжкі пра "Дон Жуана" і аўтарка выконвала арыі Моцарта наўпрост у кнігарні, і эфект быў вельмі падобны. Вельмі цікава, як музыка, прыдуманая, для аркестра і вялікай сцэны, становіцца раптам вельмі простай і блізкай. Я тут раптам задумаўся, што цікава гучала б умоўная опера пад гітару ля вогнішча)



Я дачакаўся пакуль выканаўцы спяюць "Купалінку". Для мяне гэта, вядома ж, падарожнічак на ранетае сэрца. І Таццяна Гаўрылава праспявала яе найлепшым чынам. Гэта прыгожая музыка, і калі яна спяваецца з далікатнасцю і нежнасцю, то што можа быць лепш.

Я не рабіў абвестку пра імпрэзу на канале, бо месцаў было няшмат і запіс ужо хутка закрылі. Але калі вам цікавыя такія імпрэзы, то дайце мне знаць.

Т.Гаврилова, Ростани, Ю.Городецкий

Previous post Next post
Up