"Дай-ка я загляну в свое око, может там что-то есть"

Oct 22, 2013 16:28

Толькі што скончыў чытаць жэжэшныя нататкі чалавека, якога не разу не сустракаў на вуліцы, з якім ніколі не перакідваўся ані словам, якога нават не ведаў да пэўнага моманту. А зараз вось хочацца: і пазнаёміцца, і прашпацыраваць па восеньскім праспекце, ці па жоўтым парку. А нельга... Суворая рэчаіснасць ушчэнт разбівае па-дзіцячаму наіўныя мары. "Дзівак! Летуценнік! Вар'ят!" - крычыць нехта, седзячы у глыбіні душы. Сумленне, адэкватнасць, розум... Не ведаю хто. ды і не хачу ведаць, насамрэч.

Цікавае назіранне: нават самыя светлыя думкі і годныя ўчынкі часта носяць эгаістычны характар. Напрыклад, я вось выратую сабачку, а мяне за гэта пахваляць - будзе прыемна. Так і я: хачу пазнаёміцца з разумным, прасветленым чалавекам, не дзеля таго, каб атрымліваць асалоду ад нашых стасункаў, а каб стаць такім жа прасветленым ды разумным... Эгаізм чыстай вады, ну. А яшчэ звычайная чалавечая зайздрасць, як дадатак.

І па той жа прычыне зараз пішу гэты пост, каб даказаць сабе, што я не горш за іншых, што я таксама хачу прасвятляцца, што я ўжо прасвятляюся, чытаючы нейкія філасофскія трактаты ды працы усходніх і заходніх філосафаў... А насамрэч не ведаю, нават, ці правільны накірунак я абраў у гэтым жыцці і як пазбавіцца ад звычкі дарэмна губляць час, утаропіўшы вочы ў манітор кампутара.

Усё.

эгаізм, парнаграфія мозгу, жыццё

Previous post Next post
Up