Легіён Марыі - якая шчасьлівая назва!
Папа Пій ХІ
У Табе, Найсьвяцейшая Дзева, мы маем бясспрэчнае сьведчаньне нашага ўваскрашэньня.
Сьв.Яфрэм Сірын
Насьледуючы Яе, ты не саб’есься з дарогі,
Прызываючы Яе, ты не спазнаеш адчаю,
Думаючы пра Яе, ты ня будзеш блукаць,
Зь Яе падтрымкай не ўпадзеш,
Пад Яе абаронай ня зьведаеш страху,
Пад Яе заступніцтвам ня стомісься,
Яе ласкаю дасягнеш прыстані.
Сьв.Бэрнард Клервоскі
Легіён Марыі - гэта
супольнасьць католікаў, якія са згоды Касьцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваныя на ўзор арміі, каб дапамагаць Касьцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Члены гэтай супольнасьці выбралі менавіта Марыю як найкарацейшы шлях да сьвятасьці і збаўленьня.
Гэты апостальскі рух сьвецкіх людзей узьнік у Ірляндыі, у Дубліне, 7 верасьня 1921 года, у вігілію сьвята Нараджэньня Беззаганнай Марыі.
Цяпер Легіён Марыі працуе амаль у кожнай краіне сьвету і налічвае каля 3 мільёнаў актыўных удзельнікаў і яшчэ больш дапаможных (якія ня ўдзельнічаюць у апостальскай працы, а толькі моляцца).
У Беларусі першы Легіён Марыі ўзьнік у 1994 годзе. Яго заснаваньню пасадзейнічаў ксёндз, а цяпер біскуп, Ежы Мазур. Сёньня Легіён Марыі ў Беларусі налічвае каля 400 актыўных легіянэраў і каля 600 дапаможных.
Насьледуючы пакору Беззаганнай Маці, легіянэр ідзе зь Ёю на заданьне, каб кожную душу прывесьці да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях сьвятару, які прынясе Езуса ў Сьвятой Камуніі, разам зь іншымі легіянэрамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў.
Легіянэры Марыі наведваюць таксама шпіталі, дамы састарэлых і турмы. Змагаюцца яны і за жыцьцё ненароджаных дзяцей. Наведваюць абортныя аддзяленьні бальніц, ратуючы самых безабаронных. У інтэрнатах, парках і сквэрах размаўляюць з моладзьдзю аб дашлюбнай чысьціні, аб каштоўнасьці чалавечага жыцьця ад моманту зачацьця.
Легіянэры пашыраюць ушанаваньне Беззаганнай Дзевы Марыі, Пасрэдніцы ўсіх ласкаў, распаўсюджваюць цудатворныя мэдалікі Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Можна сьмела сказаць, што праз заступніцтва Яна Хрысьціцеля (аднаго з апекуноў Легіёна Марыі) яны прастуюць сьцежкі для Пана.
Багаславёны Папа Ян Павал ІІ сказаў пра гэты рух:
“Легіён Марыі на працягу 60 гадоў распаўсюдзіўся па сьвеце і сёньня (…) пасьля сьмерці свайго заснавальніка Фрэнка Дафа, існуе ў многіх дыяцэзіях Паўсюднага Касьцёла.
Вы зьяўляецеся рухам сьвецкіх людзей, якія імкнуцца зрабіць веру лейтматывам свайго жыцьця аж да дасягненьня асабістай сьвятасьці.
Вашае пакліканьне (…) быць закваскаю сярод Божага народу. Яно адначасова зьяўляецца хрысьціянскім натхненьнем да дзейнасьці ў сучасным сьвеце, а таксама пакліканьнем да таго, каб набліжаць сьвятара да людзей, і з адказнасьцю ставіцца да асноўных заданьняў Касьцёла.
Ваша актыўная легіянэрская дзейнасьць становіцца яшчэ больш пільнаю справаю, калі параўнаем, з аднаго боку, патрэбы грамадзтва (…) і патрэбы народаў (…), а з другога - сьветлыя прыклады тых, хто перад вамі прайшоў праз ваш Рух. (…)
Ваша духоўнасьць - гэта цалкам марыйная духоўнасьць (…), іншымі словамі, вы імкняцеся служыць у духу і з клопатам Марыі кожнай чалавечай асобе, якая зьяўляецца вобразам Хрыста”.
Багаславёны Папа Ян Павал ІІ, маліся за нас!
ЛЕГІЁН МАРЫІ ДАПАМОЖА ТАБЕ:
Убачыць у бліжніх Хрыста і празь іх служыць Яму;
Узрастаць у сьвятасьці;
Працаваць пад апекай Марыі, нашай Маці;
Натхняцца Духам Сьвятым;
Рабіць вялікія справы для Бога і для збаўленьня душаў.
Праца і пасьвячэньне сябе для іншых можа ў адно імгненьне надаць твайму жыцьцю новае вымярэньне.
КАЛІ ВАС ЗАЦІКАВІЎ ГЭТЫ РУХ, ЛЕГІЯНЭРЫ ПРЫЕДУЦЬ ДА ВАС У ПАРАФІЮ І ДАПАМОГУЦЬ АРГАНІЗАВАЦЬ ЛЕГІЁН МАРЫІ.
Духоўны кіраўнік Легіёна Марыі ў Беларусі
а.Юры Находка
Каміцыюм Легіёна Марыі Маці Божай Будслаўскай:
Галіна Калевіч (г.Менск)
Марына Парховіч (г.Баранавічы)
***
Нумары тэлефонаў кіраўнікоў Легіёну будуць паведамляцца ўсім жадаючым па іхніх асабістых просьбах :)