#Belarus 2020

Oct 17, 2020 11:17

Гэты горад нібы хірургічны разрэз,
А вачэй не схаваць, не адвесьці.
Ты даўно на ражоны і ў жорны ня лез,
Ды застаўся за сьпінай сьмярдзючы пад’езд,
Па завулках найлепшага з тысячы мест
Ты ідзеш на апошняе шэсьце.
П’яны спальнік ускраінны,
доўгія дамбы-дамы.
І суседзі на лаўцы
ў абдымках штодзённай чумы.
Вось яны, а вось мы.
Вось яны, а вось мы.
Праглынаем пякучае крыўды камы,
І нязгоды грымяць унутры камяні,
І з разгорнутых горлаў шугаюць агні
І лятуць на прадмесьце.
Беларускія Паркі
прадуць толькі зь белага льну.
Апусьцелыя паркі
хаваюць за дрэвамі восень, а можа, вайну.
І жалезныя турмы на колах бягуць на работу між белага дня.
І нам часам здаецца, што гэта такая гульня.
Пахаваныя ў гэтай краіне жыўцом,
Запляваныя ўшчэнт найвышэйшым жрацом,
Мы гадаем, нас сто або дьвесьце.
Як бы ты ні баяўся ўласнай крыві,
Калі чуеш “Жыве”, калі ласка, жыві.
Датрывай тое “мы”, нечаканае “мы”
да другога прышэсьця.
Перамогі Пандора, бяззбройны Ахіл…
Кожны танны смартфон - гістарычны архіў.
Што рабіць сярод гэтай сьмяротнай любові?
Я прачнуцца аднойчы хачу без навін.
А пакуль што туды, да напружаных сьпін,
Незнаёмыя твары зьліліся ў адзін,
Насьцярожаны, напагатове.
Мы пакрочым у цэнтр, рука ў руку,
Каб уліцца ў жывую раку на рагу,
Каб сябе ў яе цела ўплесьці.
І кідаецца
вуліца
проста пад колы
жалезнай турмы.
Вось яны, а вось мы.
Вось яны, а вось мы.
І вачэй нам ужо не адвесьці.

Альгерд Бахарэвіч



Фото: usembassy.gov

Беларусь, стихи

Previous post Next post
Up