Нарэшце нешта адбываецца.
Зрушыліся мы і ў накірунку разьвіцьця футбола. За “батонаў” радуюся й адначасова ім зайздрошчу, але аб гэтым пазьней. Ёсьць у гэтай усёй сітуацыі адзін цікавы факт, на які нешта спадары журналісты асабліва ўвагі не зьвярнулі. Паглядзіце: будаўніцтва футбольнага стадыёну пачалося толькі тады, калі “батоны” дабіліся відавочных посьпехаў на міжнародным узроўні. І прытым будаваць пачалі ўсяго-та адну арэну па еўрапейскіх стандартах, а не сто трыццаць пяць і па ўсіх гарадох краіны адразу.
Гэта я да таго, што пры ўсёй гламурнасьці нашага спартовага разьвіцьця агульныя справы рухаюцца даволі павольнымі тэмпамі. А што можна хацець, калі кіруюцца ў нас не аб’ектыўнымі перспектывамі разьвіцьця таго ці іншага віду спорту ў тым ці іншым месцы, а банальным імкненьнем да паказухі? Ня буду лішні раз заганяць пра штампаваньне лядовых палацаў і гарналыжных курортаў - гэтыя рэчы пасьпелі паперамываць і безь мяне. Лепей возьмем той жа самы айчынны футбол і паспрабуем растлумачыць сітуацыю на ягоным прыкладзе. А кажучы больш канкрэтна, я паспрабую распавясьці Вам пра адну правінцыяльную каманду, гісторыя якой паказвае альтэрнатыўнае разьвіцьцё беларускіх футбольных клубаў. І не дай Божа камусь такой альтэрнатывы.
Калі ўзяць гульню “БАТЭ” цяперашняга перыяду, то вельмі нагадвае ён мне тое, што паказваў родны мне мазырскі “МПКЦ” у 96-м, а пасьля “Славія” у 2000-м годзе. Каманда з правінцыяльнага горада, ёсьць спонсарскія сродкі (і даволі неблагія), перамогі ідуць адна за адной, чэмпіёнскі кубак уздымаецца над галовамі гульцаў датэрмінова… Як мне знаёмыя ўсе гэтыя факты. Успаміны да гэтага часу прысутнічаюць даволі яскравыя: відаць, у дзіцячым узросьце такія ўражаньні адбіваюцца ў памяці асабліва моцна.
Але было ўсё ж адно адрозьненьне. У 96-ым годзе ў Мазыры ўжо быў стадыён, які цалкам адпавядаў міжнародным нормам УЕФА. І прымала палеская дружына замежных гасьцей перад сваімі гледачамі з горда ўзьнятаю галавою. Дарэчы, рэкорд наведвальнасьці нашага “Юнацтва” складае каля 22 тысяч чалавек (пры ўмяшчальнасьці ў 5 тысяч) - дагэтуль не разумею, як яны там усе памясьціліся. Была й вялізная клубная база, а таксама школа падрыхтоўкі юнакоў. Два разы на тыдзень выходзіла газета “Футбол Гомельшчыны”. Узгадваю, як кожны панядзелак і чацьвер бацька прыносіў дадому сьвежы нумар самага чаканага мной выданьня… Ой, нешта я ад пытаньня адхіліўся.
Стадыён, кажу, быў. І было ўсё на ім шыкоўна, як вы разумееце, бо УЕФА проста так ліцэнзіямі не кідаецца. Але адзін недахоп месца-такі меў: не было сьвятла штучнага на “Юнацтве” (электроннае табло тады прыярытэтным не было, хаця таксама адсутнічала). І вось, наш знакаміты АРоЛ, які пару дзён таму закладваў капсулу ў фундамент новай барысаўскай арэны, падчас працоўнага візіту ў Жамчужыну Палесься, паабяцаў, што, калі МПКЦ атрымае тытул чэмпіёна РБ у 96-м годзе, то дзяржава дась грошы на пакупку “сьвятла”. Пры такіх умовах матчы моладзевай зборнай павінны былі праводзіцца менавіта ў горадзе над Прыпяцьцю, бо лепей за мазырскі стадыён было на той час толькі манументальнае “Дынама”.
Грошай, як вы ўжо зразумелі, ніхто й нікому не даў. Сьвятло не купілі. Каманда яшчэ раз атрымала чэмпіёнскі тытул праз чатыры гады, а пасьля пачала каціцца ўніз з-за шэрагу разнастайных нагодаў, сярод якіх і перакройкі на МНПЗ, які быў галоўным спонсарам. На дзяржаўную падтрымку спадзявацца не прыходзілася. Сродкі на разьвіцьцё клуба й інфраструктуры выдзяляліся мізэрныя, спецыялісты разьехаліся, стадыёну сталі аддаваць меней увагі, а пасьля й зусім амаль што забілі на гэтую справу. Дзяржаўнае кіраўніцтва папросту загубіла тое, што патрэбна было толькі разьвіваць і стымуляваць, а не будаваць з нуля.
Зараз на “Юнацтва” сумна глядзець. Ня верыцца, што калісь гэтая арэна прымала замежныя каманды ў рамках адборачнага этапу Лігі Чэмпіёнаў. “Футбол Гомельшчыны” не выходзіць болей за пяць год. Тое, што засталося ад “Славіі” ашываецца ў пердыве й пастаянна змагаецца за захаваньне там прапіскі. На фанатскім сектары, які паважалі па ўсёй краіне, зараз не зьбіраецца й трэці таго, што было, а пра персаналіі “хуліганаў” зусім казаць не прыходзіцца. Гамон, карацей кажучы, прыйшоў.
Дык вось, чаму гэта я тут разьвёў столькі тэксту? Ды таму, што, каб што-небудзь загубіць, шмат розуму й намаганьняў ня трэба. А на будаўніцтва стадыёна ў Барысаве зараз плануецца выдзяліць 20 мільёнаў Еўра. Сам па сабе новы стадыён - нагода весяліцца. І я шчыра радуюся. Хай хоць у адным горадзе краіны адбудзецца футбольнае сьвята.