Агу, вясна!

Mar 01, 2014 17:17

Вясну хачу! Не каляндарную, а сапраўдную. У мяне ўжо ўстойлівая нелюбоў да белага колеру, папярэдняга прагрэву машыны, мокрых рукавіц Дані, мічыганскіх вятроў, а сваю цёплую вопратку я ўжо амаль ненавіджу. Учора нават не стала бахілы надзяваць, абула дэмісезонныя закрытыя туфлі. Усё адно прастыла і хаджу саплівая, куды ўжо больш. Муж і дзеці мяне падтрымліваюць - усім зіма абрыдла.
Малыя ўжо нагуляліся са снегам і лёдам. Што яны толькі не рабілі: з горак куляліся, на катку каталіся, сцежкі чысцілі, пафарбаваную ваду замарожвалі, снегавікоў ляпілі, у снежкі гулялі... Нават была неўдалая спроба паставіць Даню на лыжы. На двары мы будавалі снежныя крэпасці і разбуралі іх, каталі снегавікоў і таксама разбуралі, пасля чарговага снегападу мне прыйшла ў галаву светлая думка пракапаць лабірынт і мы яшчэ і пабегалі па ім немала. Але больш ужо не хочацца такіх забавак, нават Даня згадзіўся, што трэба вясну, траўку і лісцікі, птушак і вавёрак.
Дык не, блін, сёння зноў снег ідзе. Усё, наступнымі выхаднымі паедзем у парк гукаць вясну, заманіваць яе стэйкамі і хлебнымі птушкамі! Я нават згодна падраць горла народнымі запеўкамі-заклічкамі 8) Абы хутчэй ужо снег патаяў і цяпло вярнулася.



Пераднавагодні парад у адным з суседніх гарадкоў. Холадна, але снега яшчэ не было. Клоун на веліке - мясцовы пажарнік 8) Пажарная каманда была самай крэатыўнай і прыкалывалася па поўнай праграме.



Наш сціплы домік з лямпачкамі. Атрымалася нішто так, праўда? Перасталі ўключаць гірлянды пару тыдняў таму, як і большасць суседзяў.


Наша елачка, Даня адразу як упрыгожылі залез пад яе са словамі "Я - падарунак!" Той яшчэ! 8)



Перад мясцовымі калядамі паехалі ў фордаўскі музей - глядзець на іх шырока разрэкламаваную святочную тусоўку. Нам не спадабалася нешта. Хадзілі па цемры на холадзе, зрэдку спыняючыся, каб паслухаць калядныя песні, грэліся каля спецыяльных вогнішчаў... рамантыка для маладых парачак ці для жвавых яшчэ пенсіянераў. А мы толькі дзяцей памарозілі. Быў светлы момант з Сантай - той стаяў на балконе дома і віншаваў усіх са святам, а па тратуары побач прагуліваліся дзеўчыны у старадаўніх строях, спынялі малых дзяцей, каб спытаць імя і падарункавыя хацелкі. У працесе апытання яны вельмі выразліва паўтаралі дзіцячыя адказы - праз мікрафон у вухе Санта атрымліваў усе "паролі і яўкі" і тут жа паведамляў з балкона нешта кшталту "Даня! будзь паслухмяным і добрым хлопчыкам! а я цябе прынясу пад елачку монстр-машыну". 8) А дзеці верылі ў магію, канешне.

Перад Новым годам мы паехалі на поўнач у Траверс-сіці - за снегам (тады мы яшчэ хацелі снегу!) Атрымалі снега ўжо па дарозе - ехалі ў завірусе, назіралі за машынамі ў кюветах і трымалі пальцы, каб нас абмінула. Замест 4 гадзін дарога зацягнулася на 6 з паловай. Прыехалі позна і паспелі толькі пакатацца на "бубліках" з горкі. Янку не пусцілі на забаўку з-за ўзросту, затое Даня адарваўся і мы з ім заадное - па чарзе.






Наступным ранкам мы геройскі папёрліся на нейкі невядомы маяк на беразе возера Мічыган. Даехалі нармальна, на месцы высвятлілі, што маяк пабудаваны роўна пасярэдзіне паміж полюсам і экватарам (ну і?..), парабілі тунелі ў снезе вакол, і тут нас накрыла чарговай завірухай. Ані дня без завеі, блін! Але мы паспелі яшчэ пару анёлаў зрабіць 8)




Вінаграднікі і пнёвае поле па дарозе назад у горад. Вінаграду там шмат расце - з яго робяць мясцовае мічыганскае віно.



У Траверс-сіці мы першы раз за зіму пакуляліся з горкі. Так як Даня забраў сабе адзіныя на той момант санкі, я катала Янку на сябе. Вось такая я самаахвярная! 8) На попе далёка не з'едзеш, а вось Даню ўнасіла амаль да рэчкі, на беразе якой мы бавіліся. Андрэй стаў з фотаапаратам унізе і працаваў буферам.



Потым быў аквапарк, дзеля якога мы і паехалі ў Траверс-сіці. Класная забаўка, але надоўга нікога не хапае звычайна. Там можна было сядзець і сядзець, нас жа хапіла на пару гадзін у першы дзень ды гадзіны на 4 у другі. І тое часта заскоквалі ў маленькі басейн з цёплай вадой - адпачыць ды пагрэцца. Але я першы раз у жыцці па такіх кручастых горках каталася, было вельмі весела! 8) Яшчэ спадабалася па рацэ плаваць на бубліках: я на бубліку, Янка на мне - і рэлаксіруем...



На новы год бацькі ў Данінай школе зкідваліся на падарункі настаўнікам. Мне закарцела ў дадатак зрабіць што-небудзь самой, вось вынік. Шыць гэтыя зорачкі было нескладана, але прыходзілася пастаянна бегаць у падвал, каб папрасаваць швы, бо прас і дошка адшукалі сабе месца толькі там. Затое атрымала задавальненне ад творчасці! 8)



Даня на каньках, Янка ў пледзе - бо холадна ж. Пазней Янка адшукаў сабе занятак - чысціць снег пластыкавай рыдлёўкай, пакуль тата (ці мама) бегае з Данем кругамі па катку.




Даня - цар гары. Любая гара снегу - ягоная. І добра, калі той снег не з бруднай дарогі сабраны.



Янка - цар горкі. Вельмі ён палюбіў катацца з горак - без розніцы са снежных ці пластыкавых 8)



Зноў Даня - цар гары. А Янка - пан лужы. Гэта лужа будзе ў нас перманентна ўсю вясну, я так мяркую 8(
А яшчэ Янка такі навучыўся кідацца снежкамі. Ляпіць яшчэ не ўмее, але падбірае гатовыя і кідаецца са смехам.
Previous post Next post
Up