Мы пераехалі

Nov 04, 2013 11:50

Думала, напішу, калі разбяру ўсе каробкі. Два тыдні прайшло, а на кухне дагэтуль у куце ўтульненька так стаіць апошняя каробка. Не магу з ёй растацца 8) Так што напішу ўсё ж: мы пераехалі! Змянілі горад Рояк Ок на горад Бірмінгем (апошні лічыцца круцейшым, між іншым), змянілі Шыр корт на Кедр драйв (цяпер мы не хобіты, а кедровыя шышкі, мусіць), але галоўнае - цяпер у нас асобны дом са своім дваром і гаражом. Ніякіх суседзяў, дзеці могуць хоць на галовах стаяць. Даня гэтым днямі цяпер і займаецца 8)


Нацюрморт на нашым ганку
Наш новы дом невялікі (82 кв. метры па амерыканскіх стандартах нешмат), на траціну меншы за танхаўс, які мы здымалі дагэтуль, але значна ўтульней і не мае другога паверха - гэта вялікі плюс, таму што Янка месяц таму засвоіў прыступкі, ды так добра, што мог на другі паверх ускараскацца секунд за 10. Я не кожны раз гэта паспявала пракантраляваць, было пару палётаў уніз. Таксама плюс - прыбірацца значна прасцей на меншай плошчы. Але найбольшая перавага - адсутнасць суседзяў за сценкай. Апошні год у нас не склаліся адносіны з адным суседам, і мы зразумелі, што трэба шукаць асобны дом.


Янка засвойвае новую тэрыторыю
Месца ў нас шыкоўнае цяпер - да супермаркета далей, затое побач - пяць хвілін прайсці - тры дзіцячыя пляцоўкі, адна з іх - на школьным двары. У гэтую школу пойдзе ў наступным годзе Даня. А прайсці далей - 10-15 хвілін - і ты ў цэнтры горада, там паркі, крамы, кавярні, бібліятэка. Яна, дарэчы, цудоўная. Мы ўжо праверылі: агромны і светлы дзіцячы аддзел, добра арганізаваныя кнігі, куча забавак для маленькіх.


А гэта поле каля мясцовай пачатковай школы, дзе Дане падабаецца ганяць мяч
На мінулым тыдні пазнаёміліся з сям'ёй на адной пляцоўцы - жонка з Мінска, муж тутэйшы, дзеткі - дзяўчо і хлопчык - равеснікі нашых. Заклікалі ў госці. А яшчэ раней пазнаёміліся з немцамі. Карацей, горад цікавы, людзі жывуць самыя розныя і нам тут вельмі падабаецца. Андрэй дык гатовы купіць дом, які мы здымаем - так ён ім і месцам задаволены.
Ёсць, праўда, і недахопы. Тут пліта электрычная - гэта і дорага, і незручна. Наша гейзерная кававарка не падыходзіць па дыяметры да канфорак, таму мы пакутнічаем без кавы трэці тыдзень. Учора мяне пацягнула на эксперыменты і я заварыла каву ў тэрмасе. Палову дня пастаяла, паспыталі і зразумелі, што нават такая кава лепей за тое, што прадаюць у старбаксах і іншых мясцовых кавярнях. Будзем цяпер такую піць. Яшчэ я пачала актыўна карыстацца мульціваркай - дзеля інтарэсу і эканоміі электраэнергіі. Аказалася, што ў гэтым аппараце атрымліваюцца выдатныя супы і рагу. Вось яшчэ зраблю новую закваску для хлеба - старая сапсавалася падчас пераезду - і буду працягваць ужо традыцыйнае хатняе хлебавыпеканне. Тады можна будзе лічыць новы дом канчаткова абжытым.
Previous post Next post
Up