Верхні паўвостраў. Як мы пабывалі ў 5-зоркавай глушы.

Sep 04, 2013 16:34

Гэтым летам мы яшчэ раз заехалі далёка ад дома. Пасля Вашынгтона нам нічога не страшна... ну, акрамя Бостана. Ездзілі мы на поўнач Мічыгана, на Upper Peninsula - Верхні паўвостраў. Скарочана UP - уверх па-англійску. Уверх мы і ехалі. 8) Нашымі мэтамі былі вадаспады, возера Супер'ер, ну і проста паглядзець на месца, пра якое нам шмат расказывалі, і куды мы нават засылалі нашых гасцей па вясне. Яшчэ мы хацелі праверыць Янку на кэмпінгаўстойлівасць. 8)


Геаграфічна штат Мічыган - гэта два вялікія паўвостравы. Ніжні, дзе мы жывем, абкружаны азёрамі Мічыган і Хурон, а верхні яшчэ і возерам Супер'ер. Спалучаныя яны доўгім - на 5 міль - мастом, які мясцовы народ называе проста The Bridge. Мост пабудавалі ў 50-я гады мінулага стагоддзя, а да яго з'яўлення працавала паромная пераправа. Аднак з ёй заўсёды былі праблемы, бо плыні ў праліве вельмі складаныя, і сувязь паміж часткамі штата заставалася доўгі час нетрывалай. Таму жыхары Верхняга паўвострава нават вялі гаворку пра стварэнне асобнага штата са сціплым назовам Супер'ер (што перакладаецца як найвелікчэйшы). У гонар возера, канешне. 8) Іх мара не здзейснілася, але яны і цяпер вельмі адасобленыя і называюць сябе не мічыганцамі, а ёперамі (ад абрэвіятуры UP). Для беларускага вуха гучыць не вельмі прыгожа, згодна. Затое людзі там прыемныя. А сваю зямлю любяць называць "5-зоркавай глушшу". Гэта такі лозунг у паўвострава - 5 star wilderness.
Дарогу мы зноў, як і ў вандроўцы да сталіцы, разбівалі начоўкай - ехалі 4 з паловай гадзіны і спыняліся ў кэмпінге на беразе Мічыгана. Там паглядзелі на тое, як сонца хаваецца за вадой. Прыгажосць!


Ноччу было холадна і вільготна, таму што кэмпінг на самым беразе - туман лез проста ў намёт. Мы з Андрэем не выспаліся яшчэ і таму, што ў дарозе нацурбіліся кавы, па літру на кожнага... Затое дзеці спалі моцна-моцна, захутаныя ў коўдры, як у коканы. З наступным кэмпінгам - ужо на Верхнем паўвостраве - нам больш пашчасціла, бо ён быў на ўзгорку і холадна не было зусім.
Ранкам пераехалі мост - і вось мы ў "глушы". Першым пунктам у нас былі вадаспады на рацэ Tahquamenon. Шчыра кажучы, не ведаю, як правільна прачытаць гэты назоў. Такваменон? Тахкуаменон? Насамрэч якая розніца! Пераклад гэтага індзейскага слова так і не высветлены, сучасныя індзейцы самі забылі, што гэта значыць. Рака даходзіць да возера Хурон у гарадке Рай (Paradise, а ёсць у штаце і горад Пекла, дзе няма нічога выдатнага, акрамя маек для турыстаў з надпісам "Я быў у Пекле і вярнуўся" - люблю амерыканскія тапонімы!), а перад гэтым яна ўтварае некалькі вадаспадаў.


Ніжнія вадаспады - шырокія і бурлівыя парогі з востравам пасярэдзіне, да якога можна дабрацца толькі на чоўнах, што мы з дзецьмі рабіць, зразумела, не сталі. Затое прайшліся па драўляных сцяжынах да пачатку парогаў і далі дзеткам пахадзіць нагамі ў жаўтаватай вадзе Такваменона. Колер, каб вы ведалі, вадзе надае драўніна хваін, якія ў вялікіх колькасцях падаюць ў раку.
Пакусаныя дзікімі камарамі на ніжніх вадаспадах (рэпелент забылі ў машыне), мы ўцяклі да верхняга. Там ужо напырскаліся антыкамарынай хіміяй па шыю, а ніводнага насякомага і не сустрэлі. 8) Такі аблом! Аказалася, надта высока для камароў месціцца гэты вадаспад. Ён сапраўды вялікі і цікавы, але ж караскацца спякотай то ўверх, то ўніз па шматлікіх лесвіцах з дзецем на руках было цяжка. Затое ў краме побач аказалася смачнае і таннае марозіва, якім Даня тут жа перапэцкаўся да вушэй.
Яшчэ пару гадзін - і мы прыехалі да Kitch-iti-kipi. Пераклад гэтага слова - Вялікая крыніца - цалкам адпавядае рэчаіснасці. Былая пячора з крыніцамі, якая абвалілася тысячы год таму, утварыла маленькае возера, глыбінёй метраў 15. З-за халоднай вады, якая моцнымі струменямі б'е на дне, яно ніколі не замерзае і абсалютна празрыстае. Калісьці даўно мясцовы аматар прыроды зрабіў тут атрыкцыён - на паверхні плаваў плыт, з якога можна было палюбавацца рыбамі на дне. Цяпер плыт - міні-паром з вялікім празрыстым акном у цэнтры і дахам, які дае неабходны цень.


Даня радасна пакруціў кола, што рухае паром, а потым насіўся па крузе, рыбкі яго мала цікавілі. Янка таксама папоўзаў, пакуль мы з Андрэем глядзелі на крыніцы - было добра бачна, як на дне рухаецца пад націскам вады пясок. А мяне яшчэ і лес побач зачараваў. Проста чакаеш, што вось-вось эльфы выскачуць. Ці оркі - гэта як пашчасціць. 8)
Ужо ўвечары мы нарэшце дабраліся да кэмпінга - першага з тых, дзе спыняліся, без душаў і сучасных туалетаў. Мабыць, ён надта маленькі для такой раскошы. Але хутчэй мы разбэсціліся ў амерыканскім камфорце і забылі, як начавалі ў беларускім лесе. Цяпер мы сабе не ўяўляем такіх начовак без вады і электрычнасці - а як жа матрас надзьмуць і ноўт падключыць? 8) Затое кэмпінг быў пад бокам у горада-прывіда Файет (Fayette), куды мы вырашылі пайсці пасля таго, як паставілі намёт.
Файет быў калісці маленькім гарадочкам на беразе возера Мічыган, які цалкам належыў нейкай металургічнай кампаніі. Пабудавалі яго для перапрацоўкі руды ў жалеза, выбраўшы месца так, как было проста загружаць караблі і адпраўляць жалезныя чуркі водным шляхам да Чыкага і іншых вялікіх партоў. Тут жыло нешта каля 500 чалавек, большасцю скандынавы і чэхі, працавала вялікая плавільня, порт, была свая школка, крама, гатэль - для несямейных рабочых і наведвальнікаў завода, нават тэатр быў. Кампанія пабудавала і здавала сем'ям аднатыповыя дамы, якія месціліся вакол завода. Але пражыў Файет усяго 24 гады. Калі абваліўся рынак, кампанія проста закрыла горад.


Здарылася ўсё гэта блізу 150 год таму. Сёння тут музей пад адкрытым небам, па ацалелым будынкам можна хадзіць - удзень дзверы адчыняюцца, а ўнутры невялічкія экспазіцыі. Мы там паспелі пагуляць увечары, калі сонца прыгожа асвятляла бухтачку, а потым завіталі ранкам - паглядзець яшчэ раз на гэтую ахвяру капіталізму. Перад ад'ездам зхадзілі да берага побач з кэмпінгам. Там аказаўся вельмі цікавы, увесь у каменнях лес і зусім камяністы бераг, такога мы больш нідзе на Мічыгане не бачылі.


Пасля мы паехалі да вадаспадаў, якіх вельмі шмат каля берага возера Супер'ер - самага вялікага возера ў свеце, між іншым. Канешне, мы марылі на яго трапіць нават больш, чым на вадаспады. І трапілі. Але спачатку вялікая колькасць вадаспадаў. 8)






Праўда, на здымку з маёй рукой не вадаспад, а проста скала, з пор якой цячэ вада. Вадаспады побач былі нейкія зусім невысокія і нецікавыя, затое рака нам спадабалася - у яе дно было цалкам з камянню, а сама яна была шырокая і вады ў ёй усяго нічога - некалькі сантыметраў.
Назвы вадаспадаў пераблыталіся ў маёй галаве, таму не буду нават пісаць пра іх. Дзеці моцна стаміліся ад нашага галопу: машына-сцежка-вадаспад-сцежка-машына-пару км-зноў сцежка-вадаспад... Таму, калі мы прыехалі да прычала ў горадзе Мюнісінг (Munising), усе былі толькі рады, што круіз уздоўж берага возера доўжыцца ажно тры гадзіны. Бераг там не проста бераг, а Pictured Rocks National Lakeshore (Нацыянальны азёрны бераг Размаляваныя камяні). Гэта тое, дзеля чаго натоўпы турыстаў едуць у тыя мясціны. Гэта сапраўды варта бачыць.


Бераг 60 метраў вышынёй і цягнецца на 42 мілі (амаль 68 км). Траціна з гэтай даўжыні - пескавік, афарбаваны рознымі мінераламі ў зялёны, карычневы, аранжавы, чорны і іншыя колеры. Гэтыя "малюнкі" добра бачныя нават з круізнага кацера, які плыў досыць далёка ад берага, а з лодак і каякаў, што плавалі зусім блізка ад скал, від быў, мабыць, непаўторны.




Плюс каякаў - можна фактычна заплываць пад розныя аркі, якія ўтварыла ў скалах вада. Мы бачылі, як адтуль выплывалі. У некаторых месцах - там, дзе камяні цікавай формы, - створаныя спецыяльныя пляцоўкі для турыстаў, але туды мы ўжо не паехалі, бо і так пакаталіся некепска. Перыядычна бераг рабіўся нізкім, мы праплылі пару пляжаў, на кожным у возера вылівалася па рэчке. У адным месцы рэчка вылівалася вадаспадам. Кажуць, увясну тут наогул шмат сезонных вадаспадаў.


На першай фотке стары маяк на востраве каля горада. Востраў вялікі, раней там была вёсачка, але цяпер ніхто не жыве. На здымку пасярэдзіне цікавае дрэва - калі частка скалы, на якой яно расце, абвалілася, ягоныя карані засталіся вісець у паветры. Ну, а апошняя - та самая рэчка-вадаспад.


А яшчэ там вельмі прыгожыя скальныя выступы, амаль кожны мае нейкі назоў, прыдуманы мясцовымі жыхарамі. Але скалы гэтыя могуць быць вельмі небяспечнымі падчас шторму. Калісьці тут патанула шмат караблёў ды і цяпер гаспадарам лодак рэкамендуюць не падплываць да скал блізка ў ветранае надвор'е.
Апошнюю ноч мы спыняліся ў матэлі. Наш першы досвед, дарэчы. Каштавала недорага, было чыста і прыемна. Нам спадабалася вельмі. А ранкам мы адразу паехалі дадому. Па дарозе Андрэй не ўтрымаўся і паздымаў амерыканскую разруху. Дзве нейкія кінутыя фермы.


Перад самым мастом мы спыніліся на пару гадзін, каб даць дзецям адарвацца ў вадзе. Гэтым пазітывам і скончылася нашае даследванне 5-зоркавай мічыганскай глушы.

Previous post Next post
Up