Пра шляхапісы

Oct 27, 2014 18:04

ШЛЯХАПІС ДРУГІ. БРУСЭЛЬ І КУЛЬТ “МАНЕКЕН ПІС”.

Лепшы варыянт - гэта мець знаёмых ці сяброў у тых ці іншых гарадах Еўропы. З Брусэлем нам пашанцавала. Нас сустрэлі позна вечарам у аэрапорце, завезлі ў хостэл, а наступны дзень арганізавалі экскурсію.


Брусэль - гэта вельмі дзіўны горад. У нас атрымалася убачыць усе бакі ягонай натуры. У ноч з суботы на нядзелю ў цэнтры Брусэля каля шматлікіх пабаў, бараў і кавярняў проста не прапіхнуцца. Здаецца, тут сабраныя ўсе 200 тысяч тых, хто жыве ў Брусэлі. Вядома, большая частка тут турысты, якія цудоўна ведаюць, што з’яўляецца сімвалам Брусэля. Піва льецца ракой, а пах вуліц у цэнтры горада непрыемна аддаецца ў носе. Ніхто нікога не сароміцца. Ніхто ні на што не звяртае ўвагі. Гэта “чэрава Брусэля” (womb). Тут няма законаў. Цяжка паверыць, што ў некалькіх кіламетрах адсюль знаходзяцца штаб-кватэра Еўрасаюза і офіс НАТО.

Піва ў Брусэлі смачнае. Самых розных густаў. Ёсць вішнёвае, ёсць з лімонам, ёсць з журавінамі, з персікамі і нават з шакаладам. На любыя вусны.

Раніцай Брусэль - зусім іншы. Нетаропка адчыняюцца крамкі, прыбіраюцца вулкі. Першымі тут у любым выпадку прачынаюцца турысты. Рэжым саміх жыхароў бельгійскай сталіцы, здаецца, парушыць немагчыма. Спакой пануе тут.

Піва і “манекен піс” - гэта не ўсё, чым славуты Брусэль. Ёсць яшчэ шакалад. Тут сотні шакаладных крам. Ёсць і спецыяльны музей. Наведаць Брусэль і не набыць ягонага шакалада - гэта неверагоднае злачынства. Амаль у кожнай крамцы ёсць спецыяльныя прапановы, калі за 10 еўра можна набыць 10 розных відаў шакалада. Ёсць крамы, дзе стаяць сапраўдныя шакаладныя фантаны. Там ільюцца шакаладныя рэкі. Ідзеш міма такога - і разумееш, што шчасце ў шакаладзе. Варта пакаштаваць і мясцовую картоплю “фры”. Па магчымасці, з мясцовым півам. А вось брусэльскай капусты я не бачыў. Ну, і вафлі, як жа пра іх забылі. Гофры, па-мясцоваму. І яшчэ знакамітыя брусэльскія карункі, у крамы з якімі шчыра запросяць вас.

У цэнтры Брусэля, здаецца, на машыне ездзіць немагчыма. Крутыя павароты, вузенькія вуліцы. Таксама тут вельмі дарагая паркоўка. Нешта каля 2 еўра за гадзіну. А бесплатных паркінгаў я не заўважыў агулам. Але не сказаць, каб гэта складала для кагосьці праблемы. Адкрыццём стала і тое, што тут можна ездзіць п’яным за стырном. Дакладней, не зусім п’яным альбо зусім не п’яным, бо, пэўна, не сапраўдны той бельгіец, каго сп’яняць 4-6 бутэлек піва па 0,25.

“Пісаючы хлопчык” сустракаецца паўсюль - у афармленні крам, у якасці сувеніраў, у якасці шакалада. А сам гэты помнік можна і не заўважыць. Ён жа зусім мініяцюрны. Каб яму аднаму не было сумна, не так даўно ў Брусэлі адчынілі помнікі пісаючай дзяўчынцы і пісаючаму сабаку. У розныя дні хлопчыка нараджаюць у розныя касцюмы. Усё залежыць ад даты. Кажуць, усяго такіх касцюмаў каля 800.

Калі вас цікавяць не толькі піва, шакалад, вафлі і “манекен піс”, у Брусэлі хапае прыгожай архітэктуры. Важна не слухаць тых, хто кажа, што тут няма чаго паглядзець. Адная “Гранд пляс” здатная пераканаць любога песіміста. Раніцай на ёй звычайна пуставата, а вось да сярэдзіны дня тут усё змяняецца. Сувеніры, кветкі, людзі, што проста сядзяць на брукаванцы, музыканты і шмат чаго іншага. Абавязкова схадзіце да Каралеўскага палаца, каб убачыць працу таленавітых садоўнікаў. Гэта шыкоўна. Побач знаходзіцца прыгожая царква Сэн-Жак. Ды й агулам, звычайныя домікі ў Брусэлі - нібы перанесены з казак. Яны неверагодныя, прыгожыя, казачна ненатуральныя ў сваіх формах. А яшчэ, калі ёсць час і машына, паспрабуйце з’ездзіць да Атоміума і парка Міні-Еўропа. Атоміум - гэта, як можна здагадацца, мадэль атама, павялічанная ў мільярд разоў. А ў парку Міні-Еўропа можна ўбачыць у мініяцюры ўсе асноўныя архітэктурныя і навуковыя дасягненні аб’яднанай Еўропы. Ад Польшчы да Партугаліі, ад Нарвегіі да Італіі. Мініяцюрныя Эйфелеву і Пізанскую вежы, грэцкія Афіны і іспанскую карыду, Берлінскую сцяну і лонданскі Біг-Бэн.

Не сказаць, каб Брусэль танны горад. Прама скажам, не для тых, хто лічыць кожную капейку ці еўрацэнт. Не сказаць, каб Брусэль чысты горад. Я ўжо ўспамінаў пра цэнтральныя вуліцы. Хапае тут і бамжэй, якія спяць наўпрост на вуліцах. А вось наплыву арабаў ды іншых эмігрантаў мы не заўважылі. Магчыма, былі проста мала часу. Тое чакала нас наперадзе.

падарожжы, Еўропа, назіранні

Previous post Next post
Up