Сябры, а паслугамі якога правайдэра Вы карыстаецеся?
Пераехаўшы ў сталіцу, я сутыкнуўся з праблемай сеціва. Так, ёсць праца, дзе я нарэшце атрымаў сваё месца і кампуцер з сецівам, але праца ўсё ж ад слова "працаваць" (сур'ёзна!). А дома, дзе я пакуль жыву, сеціва няма і ніколі не было. Не карыстаюцца, прынцыпова, хапае і кабельнага. Вось і вырашыў я займець сабе. Ад Byfly'я адмовіўся, бо не хацеў цягнуць бабулю кудысьці, яна і так ледзь ходзіць, "трыджык" мяне не задавальняе па кошце і магчымасцях, знайшоў, значыцца, такога правайдэра як "Атлант-тэлеком". Падключэнне на пашпарт, ад месца жыхарства не залежыць. Там якраз была акцыя на "Шпаркім дамавіку", да канца жніўня падлучэнне каштавала 50 рублёў плюс яшчэ тры месяцы не трэба плаціць абаненцкую плату, а яшчэ на месяц 78 каналаў тэлевізіі на кампутар задарма. А так падлучэнне каштуе 234 тысячы.
Мне яшчэ пашанцавала, што ў маім доме (дарма ён такі здаровы!?) працуе адмысловы мэнэджэр. У пазамінулы панядзелак прыйшла яна да мяне і мы заключылі пагадненне. Але тут я даведаўся, што мантажнікі прыедуць толькі на працягу трох тыдняў, бо з-за аднаго мяне ехаць несур'ёзна. Кепска, вядома, але іншых варыянтаў не было.
І тут ужо ў сераду мне тэлефануе аператар і кажа, што ёсць магчымасць у пятніцу падлучыць мяне. Прапанавала час на 11, 13,14, 15 і 16 гадзін. Я нешта не падумаў і ляпнуў, што на 11 раніцы будзе добра. Якая раніца, калі я з 8.30 працую, а там трэба і пагадненне за маршруцізатар падпісваць і кампутар наладжваць. У чацвер вырашыў змяніць час. Спачатку тэлефаную мэнэджэру, кажу, што вось такая сітуацыя, трэба перанесці на які-небудзь вечар, лепш у аўторак ці сераду. Яна кажа, што мне лепш самому патэлефанаваць у кол-цэнтр. Добра, набіраю гэты кол-цэнтр, там нейкі хлапец пытаецца звязацца са спецыялістамі, якія адказваюць за маю праблему, у яго нічога не атрымліваецца, а я 5 хвілін проста "вішу" на лініі. А потым ён кажа, што, маўляў, яны самі мне перазвоняць. Да позняга вечара так ніхто не патэлефанаваў.
Што, Вы думаеце, адбылося далей? У 11.20 пятніцы мне званіць мантажнік і кажа, што стаіць пад дзвярыма, а яму ніхто не адчыняе :) Я яму тлумачу, што адмяніў гэты час, і што мяне дома няма. Ён паныла адказвае, што зразумеў. Вечарам я званю свайму мэнэджэру і расказваю пра гэтую сітуацыю. Яна кажа, што калі ўсё так кепска, то дамовіцца сама. У суботу мне званяць з "Атланта", і я назначаю час на 8 вечара ў аўторак. У панядзелак у 16 гадзін мне званіць мантажнік і кажа, што побач з маім домам і можа пад'ехаць. Я яму кажу, што я на працы і што мне назначана на аўторак. Яго гэта вельмі здзіўляе, бо ў яго запісана на панядзелак. Але, ён кажа, з іх спецыялістамі яго ўжо нічога не здзіўляе. На гэтым мы развітваемся. Прыходзіць аўторак, я радасны бягу дадому - і з 8 да 9 ніхто да мяне так і не прыходзіць. Не прыходзіць ніхто і ў сераду. Да мэнэджэра я датэлефанавацца не магу. Толькі ў чацвер я расказваю ёй усё і пытаюся, што агулам адбываецца. Яна кажа, што разбярэцца. І вось учора мне зноў званяць з "Атланта", каб прызначыць час. Прапануюць нядзелю. Але потым мы зноў дамаўляемся на аўторак, на 8 вечара. Мне ўжо смешна ад усяго гэта. Цікава, што прынясе наступны аўторак?