Apr 02, 2013 18:30
Ёсць такія моманты ў жыцці, калі ніякіх словаў у ніякай мове не знойдзецца, каб поўнасцю апісаць тое, што адчуваеш у гэтыя моманты.
...Вечар нядзелі, апошні вечар першага месяца вясны. Учора ў маёй бабулі, Валянціны Федасееўны, той, што жыве ў Крывым Розе на Украіне, быў дзень нараджэння. 80 гадоў. У суботу я, ёлуп, патэлефанаваць не паспеў, але вось зараз рука набірае на тэлефонным апараце 15 лічбаў, цягнуцца імгненні цішыні, і нарэшце на тым баку падымаецца трубка. Ціхенькі, слабенькі старэчы голас недаўменна пытаецца, хто званіць. А пасля, зразумеўшы, хто гэта, надрыўна вымаўляе: "Дзянісік, гэта ты. Ах, унучак любы"... І я адчуваю, як бабуля ледзь не плача ад радасці і як паскорылася ад такіх адчуванняў маё сэрца. Такія моманты апісаць немагчыма. Іх можна толькі адчуць. Адчуць, прачуць, пражыць. Я зноў дакараю сябе, што не тэлефанаваў раней. А бабуля расказвае, як ім складана, як яны ледзь-ледзь трымаюцца на нагах і пужае словамі, пра тое, як мала ім засталося на зямлі. Пытае, як жывем мы, як Каця, калі вяселле. Словы перастаюць быць галоўнымі, дамінуюць пачуцці і думкі, што тонкай ніткай люструюцца праз сотні кіламетраў. І ўсё ж, мне радасна ад той думкі, што гэты званок прымусіць яе адчуць, што ёйны час шчэ далёка наперадзе, прымусіць пасміхнуцца, зноў успомніць, як яна песціла Дзянісіка, як ён жыў-пажываў на 9-ым квартале.... Вось ужо я павіншаваў яе з 80-годдзем, пазычыў здароўя і шчэ раз здароўя, вось ужо мы развіталіся, а яшчэ доўга-доўга нясецца кудысьці ў грудзях сэрца, сутыкаюцца ў галаве думкі, успамінаюцца словы.
Ведаеце. Гэта шчасце, што ёсць такія моманты. Моманты, якія нельга апісаць.
сэнс,
пачуцьці,
жыцьцё,
сям'я