Сёння наведалі Жлобінскі аквапарк. Падарожжа атрымалася незабыўным і даволі цікаўным.
Ранак увогуле пачаўся незвычайна. Прыйшлося літаральна выцягваць за хвост беднага соміка-таракатума са рта ў залатой рыбы. Цяжка паверыць, але сом дзесяць хвілін сядзеў у роце гэтае бесціі і застаўся жывы, праўда, зараз прыйдзецца расціць новы хвост. Камету мы адсадзілі на прафілактыку ў вядро на цэлы дзень.
Потым падарожжа ў тэмпе вальсу да чыгуначнага вакзалу, тры гадзіны з хвосцікам на дызелі Магілеў-Жлобін - і вось мы ў гэтым таямнічым раённым цэнтры. Мы так старанна рыхтаваліся да паездкі, што не паглядзелі ні адрэсу, не ўзялі ні тапачак, ні шапачак. Праўда, аквапарк для Жлобіна - аб'ект звышцікавы, таму ўсе ведаюць, як туды даехаць. І праз нейкі момант мы ўжо каціліся на "тройцы", каб выйці потым на вуліцы славутага Карла Маркса. Акрамя аквапарка ў Жлобіне ёсць і заапарк. Гэта так, для даведкі. Сам аквапарк знаходзіцца ў адным будынку з лядовым палацам і гатэлем. Нешта яшчэ і ззаду будуецца. Знаходзіцца фактычна на водшыбе, хаця за час знаходжання ў Жлобіне я так і не зразумеў, дзе там водшыб, а дзе цэнтр. Выбраліся мы ў час, бо праз нейкі час аквапарк зачыніцца. Спачатку нават падумалі, што прыехалі дарма, аднак у канцы канцоў зразумелі, у чым справа. Потым была блытаніна з цэннікам. Спачатку зірнулі на цэннік для замежным грамадзян. Так, тут ёсць і такое. Для замежнікаў кошты амаль у два разы даражэй. Так, адна гадзіна каштуе 45 тысяч, паўтары - 60. Для беларусаў суадносна - 24 і 34 тысячы. Мы ўзялі на паўтары гадзіны. Далей яшчэ больш цікавая сістэма. Нам выдалі браслеты, з дапамогай якіх мы прайшлі праз турнікеты, пасля здалі рэчы ў гардэроб, прайшлі яшчэ адзін турнікет, які пачаў адлічваць час і патрапілі ў раздзявальні суадносна полу. У раздзявальнях аўтаматычныя шафчыкі, якія таксама працуюць з дапамогай гэтых браслетаў. Каштоўныя рэчы я здаў адміністратару. Крыху памаяўшыся з шафчыкам ды прыняўшы душ, я нарэшце трапіў у аквазону. Што ж уяўляе сабой Жлобінскі аквапарк? Пабудаваны ў 2008 годзе, ён складаецца з двух басейнаў - дзіцячага і дарослага, адной вялікай горкі - Табаган, - даўжыня якой 67 метраў, басейна-джакузі, двух струменяў для воднага масажу, двух аддзяленняў, якія я б назваў нечым сярэднім паміж джакузі і аквамасажам і прасторай для плавання. Глыбіня ў дарослым басейне не перавышае 1,5 метраў. У дзіцячы я не заходзіў. Не скажу, каб аквапарк уразіў, але час мы правялі цудоўна. Горка добрая, хаця часам я так разганяўся, што было балюча спіне і нагам на выхадзе. Джакузі цудоўныя. Шафчык адно мяне засмуціў. Адчыняць яго было надта складана. Было крыху халаднавата, але гэта ўжо дробязі. Прыйшлося яшчэ даплаціць, таму што мы крыху спазніліся на выхад. Пасля аквапарку мы пайшлі гуляць па гораду: да дызеля назад было яшчэ чатыры гадзіны. Вырашылі пашукаць якую-небудзь кавярню, каб там паабедаць. Гэта апынулася нялёгкай справай.
У Жлобіне пражывае 80 тысяч чалавек. Там шмат спальных раёнаў, а вось з інфраструктурай неяк не ўсё добра. Добрую гадзіну мы тупалі, распытвалі людзей, аднак так і не знайшлі кавярні. Адзінае сустрэтае кафэ "Металург" працуе з 17 да 1 гадзіны (у Лядовым мы вырашылі не спыняцца). Такімі тэмпамі датупалі да "Еўраопта". Аказалася, што "Еўраопт" тут як сапраўдны гіпермаркет. Тут і модныя буцікі, якім не знайшлося месца ў горадзе, і іншыя крамачкі, і салоны сотавай сувязі, і сам агромністы "Еўраопт". Вырашылі набыць ежы тут і не парыцца наконт кавярні. Сказана-зроблены. Закупіліся ежаю, паабедалі на бліжэйшых лаўках, а потым селі на аўтобус і ўжо праз чатыры прыпынкі былі амаль ля вакзала. Там знайшліся кавярні. Цэлых тры. І рэстарацыя ў дадачу. Праўда, працуе яна яшчэ больш дзіўна, чым "Металург". з 12 да 15 гадзін. Мы наведалі кавярню "Спутнік". Оў, гэта было шыкоўна! Незабыўнае абслугоўванне, праблемы з меню... Лепей прамаўчу. Насупраць кавярні стаіць суперсучасны кінатэатр "Радзіма". Каця заўважыла на сцяне надпіс 5Д, і пацягнула нас туды. Маўляў, якраз можна да цягніка паглядзець. У кінатэатры мы дзесяць хвілін чакалі, пакуль нейкаму цыгану выдадуць дыск напракат, а потым касірша ветліва патлумачыла, што 5Д даўно скончылася, бо з'ехала прэч. Толькі мы выйшлі з кіно, як лупануў дождж. Перачакалі яго ў гандлёвым цэнтры. А пасля я паспеў наведаць мясцовую кнігарню, дзе знайшоў 8 цудоўных кніжачак. Каця, між тым, на вакзале набыла сабе цацку. Пухнатага мядзведзіка. Вы не забыліся, што Жлобін - радзіма вялікай колькасці цацак? Вось і мы не забыліся. Такая вось атрымалася падарожжа.