Apr 25, 2012 12:18
Толькі ўчора вечарам вярнуўся з вёскі. Быў там з сярэдзіны нядзелі. Шчыра кажучы, вымушаны згадзіцца з маці, што жыць у Чачэвічах - гэта як жыць у раі, калі, вядома, пакінуць па-за ўвагай хатнія клопаты і дзядулю з бабуляй :) За гэтыя тры дні я зноў зразумеў, што ніякі я не гарадскі чалавек, а што ні на ёсць вясковы, таму зараз мне неяк складана зноў прызвычаіцца да Магілева і жыцця ў такіх цесных умовах.
У нядзелю ранкам пасля набыцця акварыума мы з Арцёмам выйшлі ў Буйнічы і сталі аўтаспыньваць. Стаялі доўга, амаль гадзіну. Машын было шмат, палова, праўда, поўныя, аднак было дастаткова і пустых, аднак за амаль гадзіну ніхто не спыніўся. Страцілі хватку? Магчыма. У рэшце рэшт я спыніў рыбака, які ехаў якраз у Чачэвічы. Наша вёска - гэта сапраўдная Мека для рыбакоў, тым больш, такія выходныя. Гадзіну мы стаялі, а заехалі за трыццаць хвілін. На масту ад рыбакоў не было вольнага месца. Мы зайшлі ў краму, а потым за паўгадзіны праз поле датопалі да нашага "аграмаёнтку". За больш чым паўгады маці там нарабіла спраў. Другі паверх ужо напалову гатовы, мы там і спалі з Арцёмам. Часу ў яго было зусім няшмат, на наступны дзень ён планаваў ужо быць пад Горкамі, у сваёй вёсцы, ад якой, праўда, засталася палова згарэлай хаты. Аднак могілкі нікуды не падзеліся. Аднак і за вечар мы паспелі шмат чаго зрабіць. Зацягнулі на другі паверх тахту. Потым ён упершыню ў жыцці пакатаўся на квадрацыкле,на якім да Тараса (брат) прыязжае яго сябра. Спачатку катаў я, а потым ён. Выпэцкаліся мы як чэрці, затой з вецярком паляталі па лесе і калдобінах. Квадрацыкл - рэч, канешне, шыкоўная. Пасля некаторага мыцця я апрануў тыпічна вясковае адзенне, і мы выправіліся ў лес, каб паглядзець, ці ё яшчэ бярозавы сок. Адразу натыкнуліся на трохлітровыя банкі, поўныя. Адпіўшы крыху, пайшлі шукаць месца для сябе. У выніку за два дні я назапасіў амаль 20 літраў соку. Зараз трэба з ім нешта рабіць. Арцёму вельмі спадабаўся лес, і я ледзьве адгаварыў яго лазіць па дрэвах. Затым мы затапілі лазню, якая пасля рэстаўрацыі выглядае таксама шыкоўна, з'ездзілі на раку, каб паглядзець, ці не занятыя асноўныя масткі. Друць Арцёма таксама ўразілі, зрэшты тут таксама нічога дзіўнага не бачу. Масткі былі занятыя, таму рыбалку вырашылі перанесці на раніцу. Крыху пакалясіўшы на роварах па тэрыторыі былога санаторыя "Вясёлка", мы прыехалі дадому. Зрабілі нешта кшталку шашлыка на мангале, павячэралі ўсёй кампаніяй, а пасля пайшлі ў лазню. Калі зайшлі, тэмпература ў парыльні была 102 градусы. У парыльню заходзілі на пяць хвілін максімум, больш ён не мог вытрываць. Парыцца венікам ён таксама адмовіўся. Выпілі піва, пагутарылі аб жыцці і футболе, і каля адзінаццаці вечара выйшлі. І амаль адразу заснулі. А вось ранкам устаць было складана. Так і не ўсталі на рыбалку, тым больш, бацькі мае ў восем раніцы выправіліся ў Магілеў, і Арцём паехаў з імі. На рыбалку я пайшоў на наступную раніцу з Тарасам. Пасля ад'езду Арцёма працы не стала меней. Успомніў, як трэба трымаць у руках тапор, ажно мазалі нацёр на руках, і ўвесь дзень прайшоў у клопатах. Надвор'е, праўда, расчаравала. Тры разы ішоў дождж, таму траціну дня прыйшлося сядзець дома. Затой на наступную раніцу пайшлі на рыбалку. Вось гэта была асалода. Праўда, з трох вуд засталася адна, аднак я застаўся задаволены. Злавілі больш за дваццаць рыбак, невялікіх, аднак справа не ў гэтым. Адна вуда зачапілася за карчак, так што мне ажно прыйшлося лезці ў ваду, каб выратаваць паплавок і грузок. Тарас ад рыбалкі асалоды не атрымліваў, і амаль увесь час прасядзеў у сваім тэлефоне, а апошнюю гадзіну стаяў над душоў, падганяючы ісці дадому. Пасля рыбалкі ўвесь дзень упарадковаўлі тэрыторыю нашага аграмаёнтка, палілі вогнішчы і атрымлівалі асалоду ад тутэйшай прыроды. І я падумаў, што магу ўвесь тыдзень хадзіць на рыбалку, паліць вогнішчы. Гэта не тое, што працаваць ва універы. Гэта сапраўднае, а тое нейкае несапраўднае. Гэта маё, а тое - чужое. Зараз засталося зацягнуць Кацю ў Чачэвічы.
вёска,
прырода,
навакольле,
Чачэвічы,
жыцьцё,
радасьць,
існае