Гэта забівае

Jan 06, 2012 02:27

Кожны раз, як мне на картку пералічваюць мой заробак, мне становіцца так маркотна і сорамна, так жахліва ад тых думак, што імгненна напаўняюць маю сьвядомасьць. Хаця, здаецца, і рыхтую я сабе да гэтых "грашоў", аднак не магу прыняць годна і спакойна. Што і казаць, жыву ў сацыяльнай краіне, дзе за свой заробак я не здолеў бы нават зняць кватэру для жыцьця, калі б не меў тут бацькоўскай кватэры, дзе за свой заробак я магу ў крамах глядзець толькі на ежу, ды і тое выбіраць патанней, дзе за свой заробак я магу набыць 6 кіло не самай дарагой салямі ці 14 кіло не самага дарагога сыра. Пра ніякія накапленьні думаць нельга. Некаторыя грошы (15%) я плачу за камунальныя паслугі дома, штосьці трэба класьці на тэлефон. Час ідзе, а я як малады спецыяліст, будучае гэтай сацыяльнай краіны працягваю атрымліваць усё тыя ж 104 у.а (сёньня я, вядома, атрымаў крыху больш за палову). Мне сорамна перад Кацяй, якая ў школе за прыкладна роўную па часе працу зарабляе ўдвая болей, мне сорамна перад сабой, я адчуваю сваю бездапаможнасьць, бо мой графік не дазваляе нават і думаць пра нейкую іншую працу, акрамя як ноччу ці на выходных, я адчуваю, што з мяне нібыта зьдзекуюцца. Начорта мне гэтая вышэйшая адукацыя, калі звычайны дворнік, грузчык ці ахоўнік без яе атрымліваюць болей за мяне, хоць я працую пяць дзён на тыдні (па плану - з 8.30 да 16.00). І кожны дзень я з жудасьцю ўспамінаю той дзень, калі згадзіўся паехаць сюды на размеркаваньне. Кожны дзень я з прыкрасьцю і адчаем думаю, што мінула толькі чвэрць часу і што яшчэ цэлыя паўтары гады мне прыйдзецца кожны месяц мець такія думкі, з сорамам глядзець сваёй дзяўчынцы ў вочы, дзень за ноччу абдумваць шляхі, каб палепшыць свой матэрыяльны стан. Як лёгка я заглытнуў гэты кручок, як лёгка я дазволіў зрабіць з сябе поўнага ідыёта... Гэта забівае.

адчай, думкі, сорам, жыцьцё, сум, праца

Previous post Next post
Up