Глыткі свабоды

Nov 20, 2011 18:26

Пад няроўны грукат крыху заржаўленых колаў безперасадачнага вагона Адэса-Чарнігаў на дзіва яснымі лініямі адкладваецца ў сьвядомасьці перажытае за апошнія дзесяць дзён. Не такая і чужая краіна, аднак нібыта іншы сьвет. З гэтай нагоды балюча глумнымі выглядаюць бесцэрамонныя развагі кшталту пераваг нашага тутэйшага жыцьця.
Пераваг не існуе, бо полюсы ўспрыманьня рэчаіснасьці апрыёрна псуюць рацыянальнае мысленьне. А тут яшчэ пераход аб пасіўнасьці ды песімізму да бясконцай энергіі і аптымізму, ад сінанімічных шэрагаў да антананімічнай сочнечнай сістэмы. Бо Адэса - гэта й не Україна зусім, а Україна - гэта не толькі Кіеў.
Памылкі кантэксту становяцца звыкласьцю. Звыкла пашыраныя вачніцы, перманентныя параўнаньні, ахі-охі. І цябе адразу вызначаюць, як бы ты імкнуўся схавацца пад колерамі мясцовага “хакі”. І толькі адная нязвыкласьць - татальная і да ўсяго.
Калі ў нас час прыпыняе рух і дэтэрменуецца прасторай, то тут і час, і прастора незалежныя кампаненты рэчаіснасьці. Паўсюль розны час, паўсюль сваё жыцьцё. Застаецца паціскваць плячыма ды бяжаць па пажарнае лесьвіцы за ліфтам. Калі ў нас “дах” едзе ад ад[сутнасьці], то тут “дах” едзе ад наяўнасьці. І на дзевяты дзень ты ўжо дакладна ведаеш, што ў адзінаццаць гадзін вечара на вакзале ў задрыпаным Катоўску знойдзеш кавалак курыцы, які нездарма не паспелі яшчэ занесьці дадому. А так часам хочацца спусьціцца з нябёсаў жоўтага блакіту.
Жоўты блакіт і чырвоная зеляніна. Шлях “да” і шлях “ад”. Вядома, што там, дзе лягчэй дыхаць, болей і бруднага паветра, адная паступовая фільтрацыя апраўдвае рызыку. А мы нават набытую бутэльку шампанскага не можам выпіць. А зусім хутка мяжа. І нарміраваная доля глыткоў свабоды, каб не задыхнуцца выпадкам. А ў кагосьці з сабою ўтрая болей гэтых глыткоў. Каб падыхаць некалькі момантаў.
Грукаюць колы безперасадачнага вагону Адэса-Чарнігаў, ды зусім не ў такт ім грукае сэрца. Мы ехалі сюды за адным, атрымалі ж другое-трэцяе-чацьвёртае, і застанемся нават не задаволенымі, каб праз тыя моманты, калі скончацца глыткі свабоды, зразумець, што былі задаволеныя надта і занадта атрымалі.
Мой гарызонт з нараджэньня мае адценьні жоўтага блакіту. Гэтакая блытаніна белага, чырвонага, жоўтага і блакітнага і ёсьць мая вясёлка. Ты трапляеш у суседні зусім іншы сусьвет не для таго, каб шкадаваць, а кабе верыць, што і твой сьвет магчымы стацца іншым. А хуткі цягнік першага класу “Либідь” вязе твой безперасадачны вагон да лакуны тваех думак, надзей і веры.

19 жніўня 2010 году.

думкі, свабода, сябры, падарожжы, творчасьць

Previous post Next post
Up