Oct 31, 2011 01:01
Такое, на жаль, зараз здараецца вельмі рэдка. Адзін раз за год. Як слушна заўважыла адная істота, гэта, бадай, адзіная магчымасьць легальна прайціся па вуліцах сталіцы са сьцягамі і крыкамі "Жыве Беларусь!" "Дзяды"... Колькі велічнага і сьвятога сэнсу ў гэтым слове, колькі гістарычнай памяці і пачуцьцяў схавана ў ім. Гэта нашая гісторыя, наш сум, і мы не павінны цурацца яе.
У такія моманты ў мяне ў душы асаблівыя непаўторныя пачуцьці, неверагодныя ўзрушанасьць і натхнёнасьць. Хвілінамі можна проста ісьці і слухаць, назіраць, адчуваць. А потым і самому ўключацца. Калі падаецца, што калона занадта сьцішэла, твая чарга "ўзяць слова". І, спадзяюся, так думае кожны.
Гэта мае першыя "Дзяды", дарэчы. І не толькі мае. Арцём той жа, вунь, таксама першы раз схадзіў. Але ў нас яшчэ ўсё наперадзе. Менавіта мы будзем хутка ўзначальваць і весьці гэтыя шэсьці. Мы будзем ствараць гісторыю гэтай краіны.
У калоне вельмі мала сумных твараў. Я гэта даўно заўважыў. Так было і 19 сьнежня, так было сёньня. Дык і адкуль ўзяцца суму? Вольнасьць, бел-чырвона-беласьць і радасьць. Тут сувязь непасрэдная. То тут, то там ўзьнікаюць сьпевы, малітвы, але большасьць проста ўзрушаны сустрэчай з сябрамі, знаёмымі, "нашымі" людзьмі.
Асобную атмасферу ствараюць і "кінарэжысёры-гэбісты". Усе на адзін капыл, з аднолькавымі шапачкамі, амаль у адным адзеньні, яны, бедныя, ідуць побач усе кіламетры, здымаюць нашы радасныя твары, фатаграфуюць нас, сьмяюцца, калі нехта падае, калі сьцягі застраваюць між гальля. Няхай, калісьці і Вы так зваліцеліся з наседжаных месцаў, а Вашая ануча зьнікне назаўсёды. Здымайце, здымайце, потым паглядзіце. Будзеце лускаць семкі, як сёньня ў самым пачатку, "тачыць лясы". А з вокнаў пазіраюць тыпічныя жыхары гэтай краіны. Міма іх рушаць наркаманы, адмарозкі і купленыя найміты, недзе каля дваццаці чалавек. Ці ведаюць яны, што такое Курапаты? Добра, калі 1/3 ведае...
Мноства розных сьцягоў, расцяжкі. Некаторыя сьцягі не пазнаюць нават арганізатары. Як і папярэджвалі мяне, да Курапатаў яны зьніклі. Мяне асабіста ўзрушылі нашыўкі "а-ля Вітушка". Хачу сабе такія. Я яшчэ сёньня асабісты фатограф "твара" шэсьця. Таму прыходзілася бегаць наперад калоны, але большую частку шэсьця мы правялі надзе ў трэцім шэрагу.
Вось і Курапаты. Людзі пакрысе разыходзяцца па "сваех" крыжах. Праходзіць малебен, адбываецца кароткі мітынг, чуюцца дэвізы, лозунгі, прапановы, мы ўсе разам імкнемся праспяваць "Магутны Божа". Пасля гэтага самы вялікі крыж займае сваё месца, і людзі паступова разыходзяцца. Каб вярнуцца. Бо йнакш быць не можа. Нават у гэтай краіне.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
беларушчына,
людзі,
Беларусь,
сьвяты,
бел-чырвона-беласьць,
радасьць