May 17, 2008 13:45
Гэта тое, чаго ты так баісься кожнае імгненьне, але так жадаеш ў кожны момант свайго існаваньня…Гэта тое, ад чаго ты заўсёды бяжыш што ёсьць сілаў і што заўсёды даганяеш…Гэта тое, ад чаго ты заўсёды хаваесься ў самыя патаемныя мясьціны і што заўсёды знаходзіш ў сабе нанава…Гэта тое, што ты так немагчымы ўявіць, аднак адразу адчуваеш яго надыход усімі хвалямі сваёй душы…Гэта тое, што так цябе вабіць стопраменным сьвятлом усіх колераў вясёлкі…Гэта тое, што робіць цябе безумоўна іншым і лепшым, тое, што робіць цябе патэнцыйна самім сабою…што надае табе крылы і навучае цябе лётаць і жыць…
Як асалода ранішняй расы расьцякаецца па маладой цнатлівай душы, па ўсіх яе вугалках і часьцінках, аб’ядноўваючы іх у адное цэлае, водар сініх аблок, лазуравай прасторы і зіхоткага этэру…як пухкая коўдра з сонечных промняў, з душыстых траў і з кропляў першага цёплага летняга дажджу супакойвае зьнямелае і зьнявечанае часам сэрца, надаючы яму новыя сэнсы і жаданьні…як пах вечнай радасьці, створанай моцу і энэргіяй Космаса, пранізвае цябе наскрозь, прымушаючы верыць у тое, у што ніколі б дагэтуль не паверыў…як чыстая усьмешка беззаганных херувімаў, што нібы аддаюць сваю чараўнічасьць толькі табе…як подых гульлівага ветру, што ўдыхае ў цябе нязвыклыя да гэтага часу свежасьць і моц, зь якімі ты гатовы на любыя зьдзяйсненьні…як чыйсьці несканчальны сьмех…як запавет мінулых гадоў…ты адчуваеш, як усё гэта складваецца ў адзіны няўрымсьлівы струмень жэрсьці і захоплівае цябе ў свой палон…ты адчуваеш сябе на нябёсах…ты болей ня чуеш цела, рук, ног…бо застаецца адное сэрца і яно цягне цябе, цягне за сабой, цягне на самы верх, каб цешыцца там побач з той, каму яно цяпер аддана…ты ў палоне, ты ня вольны, але ты сам гэтага так жадаў…
Гэта як пачатак новага жыцьця. І ты сам, і тваё асяродьдзе адчуваюць у табе змены…вочы зьзяюць дзіўным і найяскравым бліскатам, ды і ўвесь ты, нібы сёньня нанава нарадзіўся - бязьмежна энэргічны і светлы. Ты п’еш самую моцную на сьвеце атруту, якая ня мае вакцыны, ад якой ня існуе лекаў, бо яна адначова і самыя добрыя лекі ад усіх тваіх хвароб і цяжкасьцяў…і ты п’еш і п’еш, ты як наркаман маеш залежнасьць і пастаянную патрэбу ў гэтай атруце. Табе патрэбна чуць, бачыць, удыхаць, адчуваць, кранацца…Голас,вочы, водар, вусны, рук…І ты нібы вар’ят…але ж у гэты самы момант ты самы-самы шчасьлівы чалавек на зямлі…і нікога, акрамя цябе і яе, больш ня існуе…толькі ўдвая і назаўсёды…увесь сьвет толькі для вас…і нават часу болей няма, Шэкспір ведаў, што казаў…Ты і Яна…
Табе хочацца сьмяяцца, калі сьмяецца яна і вы сьмяецеся разам…ты ўсьміхаесься, калі ўсьміхаецца яна і ваш унісонны сьмех ільецца па вечнае прасторы…ты сумуеш, калі ёй сумна…і ты жывеш, калі і пакуль жыве яна. Бо яна - гэта тваё Ўсё, а ты - гэта яе Ўсё. Мікракосм. Зь якога ўадзіночку не выбрацца. Вы як дзьве рукі, два крыла, дзьве рэльсы. Два жыцьця, якія сталі адным, два шляхі, які сталі адзіным накірункам…у шчасьце…у вечную радасьць…
Гэта як рака…а ты як човен, што плыве ў невядомым напрамку, бо няма ніякіх шыльдачак і правілаў…толькі сэрца - адзіны твой компас і твая Зорка, якая неспыняльна цягне да сэрца Яе…як доўгачаканая свабода душы ад сарамлівых інтэнцый…гэта як самы цяжкі грэх і гэта тое лепшае, што можа быць…Гэта шанец…калі ты аднойчы яго атрымаў, то ўсё жыцьцё будзеш чакаць другога…і ён, безумоўна, будзе…бо гэта і ёсьць жыцьцё…Ты і Яна - як прысуд справядлівага і шчыра га лёсу…Ты і Яна - як …
лірыка,
каханьне