Харкаўскі дзёньнік /працяг

Aug 24, 2010 14:52

Пачатак, дарэчы, тута: 
http://dzenik-kravina.livejournal.com/132632.html
http://dzenik-kravina.livejournal.com/127744.html
Дзень трэці і чацьвёрты. Гулянкі

Раніца пятніцы атрымалася нейкай занадта суматошнай.


Памятаю, як вочы расплюшчваюцца, пасярод пакою стаіць Аляксандзер і вахцёр і аб чымсьці гутараць, ні Мачэя, ні Яраслава няма. Потым вочы заплюшчваюцца… Прачнуліся мы цалкам пасля дзевяці. У выніку сітуацыя склалася такая: Яраслаў раніцай зваліў на цягнік, грошы за другія суткі пражываньня не пакінуў, вахцёр прыйшоў разбірацца да нас, а Аляксандзер яму ўціраў, што мы тут такія ж баковыя назіральнікі як і ён. Слова за словам, і мужык пайшоў ні з чым. А Мачэй, які правёў ноч на матрацы на падлозе, таксама раніцай пайшоў да сябе. Нас жа чакаў круглы стол у ХНУ. Праўда, асаблівага жаданьня ісьці на яго мы не мелі. Тыя ж дзяўчынкі з Кіеву туды і не пайшлі зусім, а пайшлі гуляць па крамах. Аднак я пераканаў спадарства, што з’явіцца там трэба, каб хаця б атрымаць нейкія ўзнагароды). Тым часам, мы на падваконьні яшчэ знайшлі развітальную запіску ад Яраслава, у якой ён пісаў, што быў рад знаёмству, каб не паміналі ліхам (ага) і г.д.

Хлябнулі мы піва і выйшлі на вуліцу. Канешне, да 11.00 мы не пасьпелі, бо моцна і не сьпяшаліся, тым больш пасля цяжкага вечара. Прыцягнуліся ў ХНУ, заваліліся ў аудыторыю і сталі слухаць разумных людзей. Тэмай круглага стала была “Сацыялогія і адукацыя: сучасныя праблемы”. Ігару і Аляксандзеру хутка гэта надакучыла, і яны адзін за адным кудысьці звалілі. А я самастойна, значыцца, адстойваў гонар беларускай сацыялогііJ. Шчыра кажучы, ніякай дыскусіі не атрымалася. Казалі абы сказаць, асабліва не задумваючыся пра эўрыстычны патэнцыял сказанага. Я прынамсі прывёў прыклады сваёй практыцы, працы, нашых тутэйшых адукацыйных праблем. На тым і скончылі, то бок ні на чым. Пасля была кава-брэйк. Людзей амаль зусім не засталося. Мы ж вырашылі прагуляцца па парку ды прачысьціць гартань. У парку гэтым мы сустрэлі таго самага карыкатурыста, які год таму маляваў на нас шарж. Ён нас успомніў, і мы з ім калі паўгадзіны прастаялі-паразмаўлялі. Тэм знайшлося шмат - ад забароны піва да Крыму. Трэба было бегчы на закрыцьцё, таму мы развіталіся да года наступнага.

Сімвалічнае ўзнагароджваньне лепшых было падобнае да фарсу. У рэшце рэшт падарункі атрымалі ўсе - календары ў гонар 205 гадоў ХНУ з самымі вядомымі ягонымі выпускнікамі, як то Ісаак Дунаеўскі, Сяргей Бернштэйн, Ільля Мечнікаў, Андрэй Бекетаў, Аляксандзер Патэбня і іншымі. Вялікія па фармаце, мы ніяк не маглі іх як сьлед пакласьці ў рукзакі. Так прыйшлося да самага вечара цягаць у руках у пакеце. Я, дарэчы, у пакаёцы СНО знаёшоў свае рэчы, якія забыў учора - і праграмку, і зборнік тэзісаў, і кантакты з удзельнікамі. А потым апынулася, што зборнікаў у мяне апынулася чамусьці два. Ну нічогаJ.

Аляксандзер падараваў дзяўчынкам з Кіева кветкі, мы ўсе разам пафатаграфаваліся і разыйшліся. Мабыць, да году наступнага. Разам з дзяўчынамі і Тарасавым, які далучыўся да нас, мы прынялі рашэньне ісьці ў “Пузату Хату”, каб там падсілкавацца. Хто быў на Украіне і не частаваўся ў “Пузатай Хаце”, той з’ездзіў задарма. “Пузата Хата” - гэта кавярня нацыянальнай ежы, дзе за сярэднія цэны можна добра пад’есьці. У Харкаве яна знаходзіцца амаль у самым цэнтры, на Сумской. Вуліца Сумская - гэта таксама мясцовы гонар. Яшчэ спадар Маякоўскі пісаў пра яе, пакуль не наклаў на сябе рукі: “Один станок - просто станок, много станков - мастерская, одна блядь - просто блядь, много блядей - улица Сумская”. Невядома, ці гэта блядзі з Сумской прывялі Маякоўскага да сумнага канца, ці нейкія іншыя блядзі, аднак Аляксандзер таксама быў не супраць, каб яго “дзяўчынкі” з Сумской давялі да канца. Толькі мы на іх так і не патрапілі…

З фотаздымачом у руцэ я цягнуўся апошнім. Трэба было як сьлед усё пакінуць на доўгую памяць, таму фатаграфаваў усё, што толькі падавалася цікавым. То матацыкл, які стаіць амаль пасярод дарогі, то мясцовую забудову, то цікаўных людзей. У рэшце рэшт мы датопалі да “Пузатай хаты”, дзе, набраўшы ежы, уладкаваліся на другім паверсе. Ужо і не памятаю, што мы там бралі, аднак было смачна і, як заўсёды здараецца ў такіх выпадках, шматJ. Заадно і распрацавалі далейшыя планы на вечар. Дзяўчыны не вельмі хацелі бадзяцца па горадзе, а я быў ня супраць схадзіць на канатную дарогу. У рэшце рэшт спачатку пайшлі на суседнюю плошчу да танкаў. Побач з савецкім танкам Айчыннай вайны стаіць ангельскі танк часоў Першай сусьветнай. Аляксандзер з Ігарам як спецыялісты пачалі ўважліва іх разглядаць і параўноўваць, а напаследак сфатаграфаваліся, і мы ўсе разам пайшлі назад - у парк перад ХНУ. Прайшлі міма сапраўднага ірландзкага паба, селі ў метро і паехалі да універсітэта. У парку селі на лаўку і сталі вырашаць, што рабіць. Дзяўчыны сабраліся ў інтэрнат, сабрацца, адпачыць, а Аляксандзер палаў энергіяй і планамі. Шчыра кажучы, я б таксама быў ня супраць з’ездзіць у інтэрнат і паспаць там гадзіну-другую, а ўжо пасля дзейнічаць. І Ігар быў са мной салідарны. Аднак у выніку мы ўсё ж засталіся, а Тарасаў і дзяўчыны раз’ехаліся хто куды. Аляксандзер вырашыў патэлефоніць Мачэку і паклікаць яго да нас. Чакалі мы яго хвілін сорак, праўда, асабліва не сумавалі. Узялі піва, паслухалі караоке, а потым яшчэ і ў ціры пастралялі. Як аказалася, я нядрэнна так страляюJ.

Калі Мачэй прыйшоў, мы дружна пакрочылі ўбок канаткі.А заадно працягвалі вывучэньне вуліцы Сумской.Яна вельмі падобна па працягласьці на прашпект Скарыны ў Менску альбо на вуліцу Першамайскую ў Магілёве, аднак значна прыгажэй.Я зазірнуў у кавярню сапраўднага італьянскага марожанага, дзе за 15 грывен (вялікія грошы для марожанага на Украіне) набыў сабе два шарыкі. Потым мы прайшлі міма Палаца Одруження, міма дома Блюхера, міма цікаўнай рамантычнай кавярні з назвай Таті, пакуль ў рэшце рэшт не дайшлі да ўвахода ў парк Горкага. Хацелася есьці, і мы накіраваліся прама ў бліжэйшую кавярню. Аднак цэны там аказаліся вышэй за сярэднія, і Мачэй сказаў, што яму кавярня  не падабаецца, а піццу мы зможам купіць далей. Гэтак і зрабілі - у парку знайшлі шапік з таннай піцай і півам і на лаўцы пачаставаліся. Ігар, які да гэтага цэлы дзень утрымліваўся ад алкаголя, і тут вырашыў схітрыць - даў 5 грывен і сказаў, каб яму кваса налілі. Я ад сябе дадаў яшчэ 50 капеек і памяняў заказ на піва. А потым ужо на сьцяжынцы да самой дарогі мы сустрэлі прыгожых сабак, Аляксандзер нават пачасаў ім грывыJ, а пасля палюбаваліся на бярозавы гай і падыйшлі да канаткі. Тут нам з Аляксандзерам вельмі захацелася, так бы мовіць, аблягчыцца. І ў мяне ўзьнікла шальная ідэя, якая можа толькі мужыку ў галаву прыйсьці. У агуле я паехаў з Мачэкам у кабінцы, а Ігар - з Аляксандзерам - наперадзе нас. Дарэчы, мы ехалі ўжо амаль апошнімі. Так даехалі да сярэдзіны, і я зрабіў дрэнную справуJ. А ўвогуле ўся паездка займае 17 хвілін. Каштуе 10 грывен. Хутка і практычна, ды і шмат чаго цікавага можна паназіраць. Рэкрэацыя+рацыяналізм. У сем вечара мы прыехалі на другі бок, адкуль да нашага інтэрнату ісьці хвілін пятнаццаць.

Каля станцыі метро мы спаткалі сябра Мачэя, які вучыцца ў Польшчы (сам - з Харкаву) і ўжо разам з ім пайшлі ў краму за півам. Пасля мы ў хуткім тэмпе прыпляліся ў інтэрнат, дзе скінулі рэчы (календары, цукеркі, часопіс “Веснік ХНУ”), і сталі думаць, што рабіць далей.Узьнікла прапанова схадзіць пагуляць альбо ў більярд, альбо ў боўлінг. Схадзілі ў душ, спыталі ў мясцовых, куды можна схадзіць, узялі дзяўчынак і пайшлі на вуліцу. Было ўжо каля дзесяці вечара. Спачатку мы ўсе разам пайшлі ў спорт-бар “Трэці тайм”. Праўда нічога з гэтага не атрымалася - ён працаваў толькі да 23.00, пры гэтым там былі толькі сталі для пула, а Аляксандзер сказаў, што пул - гэта для дзяцей - і яму трэба рускі більярд. Пастаялі мы там і выйшлі. Тут яшчэ і дожджык пачаўся. У афіцыянтак мы спыталі, дзе мы можам знайсьці боўлінг, і яны параілі нам клуб “Вінтаж”. Наступныя паўгадзіны пад кропелькамі дажджу мы шукалі гэты “Вінтаж”, калі ў рэшце рэшт не патрапілі ў дыска-клуб. Распрануліся, я стаў аглядацца. Я ж да гэтага разу ніколі ў боўлінг і не гуляў. Праўда, сярод нас толькі тры чалавекі, здаецца, мелі вопыт гульні ў боўлінг - дзяўчынкі з Кіеву ды Аляксандзер (і той калісьці п’яным пад Масквой). Аляксандзер як гулец вопытны стаў паказваць як кідаць правільна. Гэта само па сабе было весела. Мы разбіліся на каманды Беларусь і Україна, узялі піва і пачалі пакрыху гуляць. Як аказалася, я нядрэнна гуляю і ў боўлінг, тым больш нічога складанага там няма. Я прынамсі браў самыя цяжкія шары - галоўнае, дакладна і моцна кідаць. Беларусь у выніку перамагла за яўнай перавагай, а потым украінцы папрасілі мяне перайсьці за гістарычную радзіму - тады ўжо прыйшоўчас гонару Украіны. Праўда, ужо хвілін праз трыццаць боўлінг усім надакучыў - хтосьці зламаў пазногці, у кагосьці рукі забалелі. А потым прыйшоў Сцец з дзяўчынай, і хутка мы пакінулі “Вінтаж”, аддаўшы з кожнага па 25 грывен. Аляксандзер, праўда, ня вельмі хацеў сыходзіць, а быў ня супраць застацца яшчэ і патаньчыць ноч, аднак калектыўна мы яго адгаварылі. А далей пачалася блытаніна -  ніхто дакладна не мог сказаць, што рабіць далей. Сцец прапанаваў ісьці ў нейкую кавярню, якая невядома дзе знаходзілася, але ў выніку мы вырашылі працягнуць банкет ў інтэрнаце. Спачатку, думалі, што пойдзем да Мачэка, аднак яго ізноў не пусьцілі ў інтэрнат, таму вырашылі натоўпам заваліцца ў наш. Накупілі піва, чакалядак для вахцёршJ і пайшлі. Яшчэ і піцы набылі для затраўкі. У Харкаве шапікі працуюць і ноччу. Я яшчэ і паназіраў за тым, як сярод ночы сваімі рукамі робяць піцу.

На ўваходзе ў інтэрнат вахцёрша заўважыла, што нас нешта дастаткова шмат (ды ну!). Узьніклі праблемы з Мачэкам, аднак мы пакляліся, што з самай раніцы ён зваліць і праблем ня будзе. Астатніх (траіх) нават і не заўважылі. Аднак праблемы толькі пачыналіся. Тая дзяўчына, якая была са Сцяцом, аказваецца, калісьці жыла ў гэтым інтэрнаце, і яе потым нейкім чынам знайшлі іпрымусілі пакінуць прафілакторый. За ёй выйшаў і Сцец. А ў нас пачалася п’янка-гулянка. Былі закрануты розныя інтэлектуальныя тэмы, як то лёс славян, гісторыя Слабажаншчыны (гістарычная назва Харкаўскіх зямель), гісторыя Украіны. Асабліва ўсё гэта цікавіла Ігара. Ну і я слухаў таксама. Потым яшчэ пачалася вечная спрэчка наконт беларускіх афіцыйных\неафіцыйных сымбаляў. Тут ужо ўзьнік Аляксандзер. Я дастаў галоўны доказ - свой сьцяг. Спрачаліся доўга, а ў рэшце рэшт потым зрабілі агульнае фота са сьцягам, а потым я ўвогуле заснуў.

Апошні наш дзень стаўся таксама вельмі цікаўным. Усё пачалося яшчэ з раніцы. Калі я прачнуўся, Мачэк быў у нас, а вось ягоны сябра ўжо зваліў. Пачалі дапіваць рэшту піва. Аляксандзер доўгі час ня мог устаць, перавальваўся з боку на бак, хістаўся, аднак праз хвілін дзесяць ачухаўся. Тым больш спаць болей мы не маглі, бо прыйшла вахцёрша і сказала, што праз галўіну на нашае месца прыйдуць іншыя - спарцмены. Ну мы і пачалі зьбіраць рэчы. Мачэк тым часам расказваў нам розныя гісторыі. Дзяўчынкі з Кіева ад’язжалі ў палову на трэцьцюю, таму я прапанаваў усім дружна паехаць на вакзал, здаць рэчы ў камеру захоўваньня, а потым гуляць па гораду. Аднак дзяўчын трэба было яшчэ дачакацца. Мы ўжо ўсё сабралі, сустрэлі абяцаных страцменаў (здаецца, шпажыстаў), хацелі іх угасьціць півам, аднак яны ветліва адмовіліся, здалі рэчы касцяляншы і ўселіся ў калідоры на тахце. Прама з півам. Нейкі час нават паспалі, пакуль дарагія дзяўчаты нарэшце не спусьціліся. Узялі мы іхнія чамаданы, разьвіталіся з вахцёрамі і пакрочылі да метро, па дарозе даволі нечакана сустрэўшы Тарасава. Даехалі да вакзала, спусьціліся ўніз да камеры і здалі нашыя рэчы. Спачатку вырашылі знайсьці кавярню, каб пад’есьці крыху перад шпацыром. Гэта аказалася даволі цяжка. Паўгадзіны хадзілі, пакуль нарэшце не заваліліся ў нейкую кавярню. Я заказаў сабе гарбату і пельмені, а дзяўчыны - піцу. Аднак кавярня апынулася нейкая дзіўная. Праз хвілін пятнаццаць яны мне сказалі, што пельменей няма, а піцу гатавалі паўгадзіны. Гарбата, праўда, аказалася смачнай. А потым мы яшчэ пафоткаліся разам. Між тым, Мачэк у гэты момант як зьнік. Мы яго чакалі-шукалі хвілін дваццаць. Пасля кавярні мы (Тарасаў з Мачэкам паехалі па дамах) накіраваліся на шпацыр з дзяўчынкамі  па вуліцы Маркса (знаёмая назва!), дайшлі да царквушкі, пафоткаліся,  і пакрочылі назад - па паралельнай вуліцы. Людзей не было зусім, пакрыху пачаўся дожджык, і мы пад парасонамі топалі на вакзал, каб правадзіць дзяўчат у Кіеў. Асабліва гаворкі і не было. Аднак Аляксандзер нават і не сумаваў, што яго “ідэял” з’зжае. Час лекуе. Прыйшлі, забралі рэчы з камеры, сустрэлі цягнік, зрабілі развітальнае фота, і хуткі фірменны Харкаў-Кіеў паехаў, весела гудзячы ў паветра.

Планаў хапала. Наш цягнік быў толькі пасля двух начы, таму ў запасе былі цэлыя суткі. І на сувеніры, і на падарожжа па гораду, і на крамы, бо я ж хацеў як сьлед закупіцца на дарожку. Але напачатку я зайўшоў у будынак вакзалу да таго самага самавару і ўзяў сабе гарбаткі. А потым мы ўсе разам зноў пайшлі амаль па той жа дарозе, што і дзьве гадзіны таму, каб паглядзець царкву і патрапіць у шапік з сувенірамі, дзе я набываў іх год таму. Па дарозе ў нейкім двары знайшлі галаву самога Ільіча, пафатаграфавалі цікавыя будынкі, падняліся ўгару і прыйшлі да таго шапіка. Тапталіся мы каля яго хвілін дваццаць, пакуль я ўрэшце рэшт не набыў сабе кніжачку “Культурная спадчына Слабажаншчыны”, якая напісана па украінску і па руску (больш украінскіх кніжак там не было). Ігар доўга шукаў, як казаў Аляксандзер што-небудзь за 5 грывенJ, і потым набыў магніцік. А пасля Аляксандзер паплёўся да побач стаячага будынку з надпісам “ЛайФ, бо ён пару гадзін таму паклаў грошы на далькажык, а яны не прыходзілі. Доўга хадзіў там, потым і мы зайшлі, аднак нас ласкава папрасілі, а потым выйшаў Аляксандзер і сказаў, што патрапіў на акцыю. Так мы прайшлі міма Мэрлін Манро, крамы “Парасолька”, пад якой папазіраваў шчасьлівы Ігар Расолька, а потым прыпыніліся ля “Пузатай Хаты”. Пакуль мы елі, да нас прычапілася нейкая дзяўчына, якая агітавала набыць паштоўкі, грошы ад продажу якіх пойдуць на нейкія “благія” мэты. Мы ўсе разам пасьцябаліся з яе, выпілі піва і пайшлі шукаць люфку. Аляксандзер проста не мог сабе выбачыць, што прыедзе з Украіны без гэтай самай люфкі. У пераходзе зайшлі ў табачную краму, спыталі там, а нам выдалі, што нават і ня ведаюць, дзе гэтую люфку можна набыць. “- Можа, у Фартуне пашукайце”. Прычым месца знаходжаньня гэтай “Фартуны” заставалася невядомым, ажно Аляксандзер стаў тэлефанаваць Сцяцу і пытацца. Той неяк растлумачыў, што гэта знаходзіцца па дарозе ад універа да Батанічнага саду, якой мы ўжо некалькі разоў хадзілі. Вось і паехалі мы да універа, а ад яго пешшу патопалі ў накірунку нашага інтэрнату. Так бы і топалі, аднак я заўважыў на другім баку вуліцу гэтую “Фартуну”, ці Дом табака.

Перайшлі, зайшлі. Якіх там толькі трубак не было - і за 500 грывен, і за 1000, і за 3000 нават, фарфоравыя, з нейкіх неверагодных парод дрэваў, аднак і тут люфкі мы не знайшлі. Выйшлі на вуліцу, дайшлі да лаўкі і селі. Пачалося самае цікавае - Аляксандзер і Ігар мне заявілі, што стаміліся і нікуда не хацяць больш ісьці. Пачалі сядзець. Аляксандзер стаў тэлефоніць Мачэку, каб той прыйшоў бавіць з намі час. Нейкі час ён не адказваў, але потым сказаў, што прыедзе на плошчу Леніна. А я ўсё агітаваў іх на краму.Урэшце рэшт мы патопалі да плошчы і парка, паслухалі там караоке, выпілі піва, а потым Аляксандзеру прысьпічыла знайсьці абменьнік, каб памяняць яшчэ грошай. І мы ўсе разам пайшлі на Сумскую шукаць абменьнік, што ўяўлялася справай нерэальнай у гэты час, бо ўсё ўжо было зачынена. Я, напрыклад, грошы памяняў яшчэ ў той час, калі мы выйшлі з вакзала. А Ігар з Аляксандзерам знайшлі краму з ваенным адзеньнем, і апошні набыў сабе там партупею. Прайшліся па Сумской і павярнулі назад - трэба было сустракаць Мачэка. Тут я патрапіў на краму, якая называецца “Прастор” (дзіўнае супадзеньне). Яны пайшлі наперад, а я пайшоў набыць сабе чаго-небудзь з касметычных тавараў. А пасля пабег на плошчу. Прыбягаю, сядзяць яны. Адны. Мачэк, маўляў, не зможа прыехаць. Пасядзелі, падумалі, зайшлі ў бліжэйшую інтэрнэт-кавярню, дзе праверылі пошту (усё ж заяўкі на візу ў Вільню падалі), а пасля пайшлі шукаць які-небудзь вялікі маркет. Звыкла ў такім выпадку мы вырашылі спытацца ў мясцовага насельніцтва пра апошні, аднак звыкла з узроўнем веданьня гораду ў мясцовага насельніцтва былі праблемы. Аляксандзер ведаў лепш, што ў гэтым раёне ёсьць супермаркет, чым мінакі, якія зьдзіўлена пацісквалі плячыма і міргалі вачыма. Нарэшце адная жанчына падказала нам шлях да крамы, і мы патопалі па дзіўнаватаму харкаўскаму рэльефу міма заапарка з яго спецыфічнымі пахамі, пазіраючы з вышыні ўзгорка на серпанцін дарогі. Увесь праменад заняў хвілін дваццаць. Без асаблівых праблем мы спусьціліся з горкі і падыйшлі да гэтай самай крамы, назва у якой была “Вяліка кішэня”. У нас было каля трыццаці хвілін да яе зачыненьня, то бок за паўгадзіны я павінен быў вырашыць, куды патраціць тыя амаль 300 грывен, якія ў мяне засталіся.

І тут на гора (а можа і на шчасьце) Аляксандзера абменьнік ужо быў зачынены. Трыццаці хвілін нам з цяжкасьцю але хапіла. Я накупіў піва, падарункаў (цукеркі, кан’як і інш.) і патраціў 280 грывен.Астатнія абыйшліся па дробязі. Затой нагрузіліся маемі пакетамі. На вуліцы пачалі пытацца ў народа, як даехаць да “залізнічага вакзалу”. Нам параілі маршрутку і трамвай. Мы перабеглі на другі бок дарогі, пачакалі спачатку маршрутку, аднак потым перайшлі на трамвайны прыпынак. Хутка пад’ехаў трамвай, які ехаў якраз на вакзал. Ох, вось гэта была паездачка, у лепшых традыцыях добрага замежнага хорару! Кіроўца апынуўся сапраўдным вар’ятам, бо трамвай нёсься ў цемру з немаленькай хуткасьцю, без прыпынкаў, так, што мы там толькі што не ляталі па салону. І праз дзесяць хвілін мы ўжо высадзіліся на вакзале. Часу было яшчэ дафіга. Вырашылі спачтку пасядзець на вуліцы, а потым узяць рэчы і перабрацца на вакзал. Аднак як і не калькі гадзін раней ім ужо нічога не хацелася рабіць. Заняліся ўспамінамі з мінулага году, думкамі пра тое, што было ня так у гэтым, а што спадабалася. Шчыра кажучы, думкі былі ня вельмі пазітыўнымі. Маю непазіўнасьць яшчэ можна было растлумачыць “сіндромам другога году”, канфліктамі паміж чаканьнямі і інтарэсамі, аднак і Ігар, і Аляксандзер таксама былі не надта вясёлыя і задаволеныя. У мінулым годзе было неяк значна лепей. Аляксандзер гэта факт спісваў на адсутнасьць Андрэя Камароўскага, аднак я прынамсі бачыў і шмат іншых індыкатараў, пачынаючы з самага прыезду. З халадком нас сустрэлі, і нічога тут не скажаш. Апошні дзень мы дык і ўвогуле правялі амаль у адзіноце, у чужым горадзе, сярод чужых вулак. Канферэнцыя таксама ня вельмі ўдалася. І толькі знаёмства з Мачэкам афарбоўвала яркасьцю самотныя думкі. А можа, усё гэта было начным маразмам…

Рэчы мы забралі і перабраліся ў залу чаканьня. Ігар з Аляксандзерам уключылі “сонных мух”, на іх было цяжка глядзець, а мне ну зусім спаць не хацелася, бо зноў вярнуліся тыя самыя пачуцьці, якія я спытваў з мяжы. І доўгія дзьве гадзіны я быў сам-насам з гэтым пачуцьцём, незразумелым, цяжкім і бясконцым. Нарэшце інфарматар аб’явіў наш цягнік, і мы вываліліся на перон. А ўжо праз пяць хвілін мы садзіліся ў нашае купэ. Я яшчэ патаптаўся на пероне, разьвітваючыся з Харкавам, а Аляксандзер з Ігарам адразу расклалі ложкі і амаль адразу ж і заснулі. Ну а я яшчэ выпіў бутэльку “Біла Ніч”, праглядзеў газету і ад нечага рабіць адрубіўся.

А раніцай за вакном праляталі пейзажы Украіны. Цягнік імчаў нас на поўнач. І лёгкая манетка скрозь вакно засталася надзеяй на цёплай жоўта-блакітнай зямлі. Уставаць не хацелася, мяжа прайшла без праблем, а пасля яе мне стала лягчэй. А Аляксандзер нават перастаў спаць. І да самага Мінска мы адзначалі вяртаньне. З думкамі, што ў наступным годзе, мабыць, вернемся ў Харкаў. Толькі вось ужо без асаблівых чаканьняў і спадзяваньняў.

творчасьць, дзёньнік, Харкаў, вандроўкі

Previous post Next post
Up