Ну, вось і першы дзень
Чэмпіянату Сьвету па футболе ў Афрыцы.
Віншую ўсіх прыхільнікаў футбола з пачаткам гэтых мегаспаборніцтваў.
Пачытаў
успаміны пра УорлдКапы прэсболаўскіх летапісцаў і
Андораца, дык пацягнула на ўспаміны і мяне.
Чэмпіянат Сьвету - гэта заўсёды лета. Лета ў дзіцячых успамінах - гэта заўсёды доўгачаканае падарожжа да бабулі. Таму першыя тры чэмпы амаль што неразрыўна зьвязаны з Касьцюковічамі. Таму і старэнькі чорна-белы тэлевізар "Весна-(нейкі нумар)" быў для мяне акном у футбольны сьвет. Можа, таму і зьявіўшыся на сьвет у сярэдзіне чэрвеня 1982-га, лёс сам падштурхнуў разьбіваць мае жыцьцёвыя перыяды не на прынятыя навокал плянавыя пяцігодкі, а на чатырохгадовыя. Вядома, што гэтаму паспрыяла і захапленьне спортам старэйшага брата і бацькі. Ну, і маці ды бабуля падключаліся паступова да нашых спартовых бдзеньняў каля тэлепрыёмнікаў :)
У 1990-м разам з братам падрыхтоўка да ЧС пачалася яшчэ ў Салігорску. Быў заведзены сшытак для адлюстраваньня разьвіцьця падзей. Памятаю, што тады пошук сьцягоў краін-удзельніц спаборніцтваў выклікаў некаторыя складанасьці. Найбольш складана аказалася знайсьці тады - да часоў інтэрнэтызацыі-кампутарызацыі - аргентынскі ды камэрунскі.
Так склалася, што яны і адкрывалі чэмпіянат. Хоць за альбісэлеставых чэмпіёнаў сьвету яшчэ тады гуляў сам Марадона запомніўся на чэмпіянаце зусім ня ён. Гол камэрунца Ражэ Міла у гульні адкрыцьця чэмпіянату - тады яшчэ, як разумею, адкрывалі чэмпіянат абавязкова ўладальнікі Кубка Сьвету, а не гаспадары - адкрыў для мяне Камэрун і стаў тым момантам, які даў штуршок цяперашяй цікавасьці да каманд чорнага кантынэнту.
Штуршок дваравым турнірам па футболу ЧС-1990 таксама даў. Мне малому на полі месца калі і знаходзілася, то ўдарыць па мячыку ўдавалася вельмі нячаста. Зато пашанцавала апынуцца ў цэнтры ўвагі падчас конкурсу на веды ЧС, які быў устроены дваравымі старшЫмі. На мае зьдзіўленьне, ніхто са шматлікіх футбалістаў рознага ўзросту ня здолеў адказаць на простае пытаньне пра тое, хто стаіць на варотах зборнай Камэруна.
- Дык, вядома, што Н'Кона!
- Хто сказаў? - вышэйшыя за мяне хлопцы расступіліся і пераможцай конкурсу апынуўся ці не самы малы з дваравой каманды "Што? Дзе? Калі?" :) Гэта выклікала сэрыю пытаньняў выключна да мяне. Падрыхтоўка ў падсалігорскіх Крывічах не прайшла дарэмна: вядзеньне рознастайнай футбольнай статыстыкі - а дакладней пакуль што проста дапамога брату ў разфарбоўцы і маляваньні сьцяжкоў у сшытку "Кальча-90" - упершыню сталі прыносіць карысьць і вядомасьць у вузкіх колах. Хоць пасы сталі аддаваць часьцей :)
...Неверагодны ды нечаканы пачатак чэмпіянату выліўся ў сумны, як памятаю, яго фінал. У гульні, якую глядзелі ўжо ў Касьцюковічах на той самай "Вясьне", вырашальным ударам стаў пенальці Андрэаса Брэме, які прынес Нямеччыне трэці - і пакуль апошні - Кубак Сьвету.
Немагчыма забыццая таксама і на калюмбійскага брамніка Рэнэ Ігуіту. Адзначыўшы ў тое лета свой восьмы дзень народзінаў, дзіця з памяркоўнай краіны памяркоўных не магло не захапіцца жаданьнем чалавека, які павінен нібыта толькі абараняць свае вароты, паказваць яшчэ і свае якасьці брамніка-вадзілы. Яны яго ды каманды і прывялі ў выніку да вылету. З дзьвюх зборных, якія запомніліся тады больш за ўсё, далей прайшоў Ражэ Мілла, дзякуючы перамозе ў авэртайме і голу забітаму пасьля памылкі Ігуіты ў дадатковы час.
Click to view
...Чэмпіянат-1990 прымала Італія. Так думаю, што тады і зьявілася зацікаўленасьць да гэтай краіны. Бо, як памятаю, з 1994-га ўжо заўсёды падтрымліваў "Скуадру Адзурру". Яе адзурравыя колеры, яе "кальча" і яе катэначча неяк адразу сталі блізкімі да сэрца.
У 1994-м за ўдарам з пэнальці Рабэтра Баджа я сачыў, як звычайна ў школьныя гады, у Касьцюковічах. Як і Франк Барэзі, "хвосьцік" па варотах ня трапіў. Напэўна, той удар яму запомнізўся больш, чым усе астатнія шматлікія галявыя ў кар'еры. Бразілія стала тэтракампэёнам.
...Пэнтакампэёнамі ў 1998-м паўднёваамэрыканцам стаць не атрымалася. Раналда і Ка ў фінале - а ўсіх астатніх да яго - разкалашмацілі французы з Бланам, Бартэзам, Зіданам ды Пяці. Але куды больш важнай падзеяй за той чэмпіянат для мяне была ў тым годзе іншая перамога. Атрыманая не на футбольных палях. Сям'я, я вас люблю :)
...Адзіная сэсія за час вучобы ў наргасе якая прыйшлася на ЧС-2002, гэты самы ЧС неяк і захінула. Хоць, вядома, целік быў узяты на пракат ды ў пакоі ў інтэрнаце зьбіраліся ўсе, хто больш-меньш цікавіўся падзеямі на футбольных палях далёкіх азіяцкіх краін.
Гульня Гішпаніі з гаспадарамі, калі мне трэба было ехаць у Менск на іспыт (вядома, што не памятаю, на які), а тыя ўсё гулялі і гулялі, чамусьці ўсплывае ў памяці першай... Напэўна, таму што ўсё ж не даглядзеў яе. А да вакзала ляцеў ужо на таксі :) Прага ведаў перамагла і гішпанцаў, і карэйцаў :) Гол Раналдзіньё Сімэну апынуўся не такім запамінальным, як судзейства эквадорца Марэна. Потым - праз некалькі гадоў - ён яшчэ адзначыўся тым, што ў чэмпіянаце сваёй краіны дадаў да гульні нібыта ці 17, ці нават больш хвілін - да таго часу, калі патрэбная каманда не забіла. Прыкладна так і Карэя з Хідзінкам дайшла тады да паўфіналу... Праз Італію...
"Скуадра-Эскадра" узяла сваё ў 2006-м. Нашу перамогу мы глядзелі па прадугледжана набытым братам перад самым стартам ЧС целіку.
Forza, Italia!
2010. Упершыню буду глядзець ЧС за акіянам.
А сам чэмп пройдзе пад слоганам "Вувузелу ў кожны дом :)"
Заўтра ЗША - Ангельшчына. Зорна-паласатых трэба падтрымаць :)
А ў 2014-м хацелася б на Бразілію паглядзець. І на нашу зборную там.
...Разам з італьянскай і на
беларускую :)
Можа, у гульні з Бразіліяй і фаны Рывэр Плэйта з атрыбутыкай бы падцягнуліся ;)