Нашы ў Ванкувэры :)

Feb 19, 2010 13:57

Беларусы на Алімпіядзе: погляд беларускага заўзятара з месца падзеяў

Ілья Куніцкі, Зміцер Казак, Дзяніс Талпека, Канада - ЗША - Беларусь, рэпорт для сайта "Сусьветны хакей"

18 лютага ў дзень, калі беларускія біятланісты Дар'я Домрачава і Сяргей Новікаў падаравалі Беларусі бронзавы і срэбраны медаль Алімпіяды ды непамерную колькасць пазітыўных эмоцый усёй краіне, невялічкая дэлегацыя беларускіх заўзятараў, якая толькі прыляцела ў сталіцу гульняў, была нарасхват у Ванкуверы.



На здымку: Нашы ў Ванкуверы. Ілья, Паша, Павел і Зміцер.
Яны прыехалі ў Ванкувэр як раз у ГЭТЫ ДЗЕНЬ, калі Даша і Сяргей зарабілі бронзу і срэбра для сябе і для ўсіх нас!

Чатыры беларусы з Фларыды, Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі праляцелі ўсю Амерыку з усходу на захад, каб падтрымаць нашых алімпійцаў ды пабачыць дзьве гульні хакейнага турніру ды пры магчымасці кваліфікацыю жаночай акрабатыкі. Нажаль, больш працяглай вандроўкі працоўна-вучобныя будні не дазваляюць зрабіць. Але ж хто зараз пра гэта думае? Ім, напэўна, зайздросцяць па-добраму зараз шмат хто з нашых суайчыннікаў на усіх кантынентах.

Прызямліўшыся ў амерыканскім Сіэтле 17 лютага беларускія заўзятары Ілья, Зміцер і Паша з паўночна-усходняй часткі ЗША пачакалі некалькі гадзін у аэрапорце яшчэ аднаго нашага суайчынніка - Паўла, які жыве ў цёплай Фларыдзе. Сустрэча з іншымі беларусамі ЗША, якія ўжо прыбылі на месца падзеяў з Дэлавэру і Ілінойса, была запланавана ўжо ў Ванкуверы.

Узяўшы ў арэнду аўта ды паночыўшы на мяжы з Канадай у недарагім гатэльчыку, беларусы раніцай 18 лютага былі ў сталіцы Алімпіяды. Яны тады яшчэ не ведалі, што гэты дзень стане гістарычным для беларускага спорту ды і для Беларусі наогул.

Можа, і іх візіт таксама нейкім чынам паспрыяў нашым алімпійцам зрабіць гэты дзень самым паспяховым для Беларусі ў гісторыі Зімніх Алімпіяд? ;)



Як бы там ні было, а беларусы трапілі як кажуць з карабля на балю: пра Беларусь у гэты дзень гаварылі ўсе. Бронза нашай Дашы і асабліва срэбра Сяргея, фінішаваўшага ў адзін час з фенаменальным нарвежцам Оле-Эйнарам Б'ёрндаленам, уразілі ўсіх. І менавіта Даша і Сяргей шмат каму дапамаглі даведацца, што ж гэта за краіна такая Беларусь :)

Зрабілі свой свой унёсак у распаўсюджванні інфармацыі пра Беларусь і нашы заўзятары-"амерыканцы".

Загадзя замоўленыя ды падрыхтаваныя да Алімпіяды хакейныя швэдары з нацыянальный сімволікай ды надпіса "Belarus" толькі дапамагалі хлопцам купацца ў агульных віншаваньнях ды цёплым настроі Алімпіяды.

Па расповядах нашых заўзятараў, яны былі ў гэты дзень у Ванкуверы кштулту галівудскіх знакамітасцяў. Жадаючых сфатаграфавацца і проста перакінуцца парай фраз з беларусамі было вельмі шмат.

Патрапілі беларусы і ў поле зроку канадскіх медыяў. Рэпарцёр газеты "The Vancouver Sun" узяў невялічкае інтэрвію ў нашых хлопцаў, распавёўшы што ў бліжэйшы дзень рэпартаж з іх удзелам з'явіцца на сайце выдання, а таксама ў наступным папяровым выпуску газеты.

Ва ўчорашнюю праграму акрамя выпітага з нагоды медалёвага свята піва ды кантактаў з замежнікамі ўвайшлі і некалькі знаёмстваў з мясцовымі беларусамі, якія былі вельмі рады бачыць тут суайчыннікаў. Адна з беларусак аказалася нават добрай сяброўкай нашай фрыстайлісткі-прыгажуні Ассоль Слівец. Заўтра - выезд на жаночую кваліфікацыю ў спаборніцтвах лятаючых лыжнікаў.

Як паведамляе па тэлефоне з Ванкуверу Ілья, у сталіцы гульняў вельмі цёплая атмасфера: усе навокал жадаюць толькі поспехаў, бачны толькі людзі з добрым настроем ды з усмешкамі на тварах. Вельмі шмат людзей збіраецца ўвечары ў цэнтры Ванкуверу. Праграма, распрацаваная арганізатарамі, не дазваляе сумаваць гасцям Алімпіяды.

Што цікава, то за гэты час пакуль сустрэць ніводнага шведа ў хакейнай саколцы не давялося. Ды і наогул людзей у спартыўных швэдарах сваіх хакейных дружын акрамя канадцаў і амерыканцаў пакуль нашы не заўважалі. Нават расейцы кудысьці падзяваліся. Праўда, у першы дзень вакол хакейнага палацу нашы хлопцы не былі, таму, можа, з-за гэтага.

Першы хакей на канадскай зямлі беларусы ўбачылі ў мясцовым пабе за куфлям піва. Швейцарцы добра прадэманстравалі як супрацьстаяць больш прафесійнаму ды мастэравітаму саперніку. Гэтак бы і нашы сёння са шведамі.

20 лютага 2002 года, вядома, ніхто не запамятаваў.



Што будзе праз восем гадоў пасля той сустрэчы даведаемся ўжо хутка.

Рыхтуемся да прагляду. Шукаем на трыбунах нацыянальныя сцягі ды прыслухоўваемся да клічаў "Беларусь! Беларусь!"

Вось зараз мы сапраўды на Алімпіядзе!

Перад Беларусь - Швэцыя усе :)

І гэты настрой нішто не можа сапсаваць ;)

Любіце і падтрымлівайце Беларусь!

Сачыце за працягам вандоўкі беларусаў у Ванкувер-2010 разам з "Сусьветным хакеем" ;)

СМІ, хакей, беларусы, беларусы замежжа, БЧБ, спорт, Сьцяг, "Пагоня", Беларусь, Жыве Беларусь!

Previous post Next post
Up