Галоўнае відовішча Амэрыкі

Feb 06, 2010 12:26

Сацыялістычны капіталізм амэрыканскага футболу: уваскрэшаньне «сьвятых» і подых страйку.

Дзяніс Талпека, "Салідарнасць"

Як ён глядзіцца - найбольш відовішчны і папулярны від спорту ў Паўночнай Амэрыцы - за лічаныя гадзіны да чакаемага ўсёй краінай Супэрбоўлу ды перад магчымым саманакдаўнам - страйкам гульцоў і надыходзячай эканамічнай рэформай. Давайце зірнем на заакіянскі футбол разам з бізнес-рэпарцёрам «BBC World» Кэралайн Хэпкэр з луізіянскага Нью-Арлеану.



Атмасфера: космас зямны

Большасць амэрыканскіх прафэсыяналаў-футбалістаў носіць затычкі ў вушах. Толькі берушы, якія ўжываюцца на самых шумных працоўных месцах кшталту салігорскіх шахт, могуць выратаваць барабанныя перапонкі гульцоў ад залішняй нагрузкі падчас невыносна гучных сустрэч чэмпіянату іх футбольнай лігі. У плэй-оф «дэцыбельная пагроза» вушам павялічваецца шматкроць. Што ўжо казаць пра Супэрбоўл.



Нью-арлеанскі куотэрбэк Дру Брыс зарабляе добрыя грошы ў «сацыялістычнай сыстэме» заакіянскага футболу.

Седзячы на 70-тысячнай арэне луізіянскага «Superdome», становіцца зразумелым, чаму прыхільнікі так любяць яго - футбол, від спорту, які амаль ва ўсім сьвеце, апрача самога ЗША, мае абавязковы дадатак - «амэрыканскі».

Сутыкненьні ў межах правілаў, якія ва ўсіх іншых гульнявых відах спорту называлі б жудаснымі, ды бесперапынны трэскат соцень кантактаў. І ў той жа час вывераныя да міліметру пасы на трыццаць і больш ярдаў (хочаш-ня хочаш, а адыйсьці ад мэтрычнай сыстэмы падчас прагляду гульні прыйдзецца) плюс неверагодныя для апранутых у кілаграмы ўніформы байцоў-футбалістаў хуткасьці-спрынты ўздоўж поля. Нью-арлеанскія «сьвятыя», «Saints» па-ангельску, у адной са сваіх найважнейшых гульняў сэзону - у чвэрцьфінале плэй-оф прымаюць арызонскіх «птушак» - «Cardinals». І калашмацяць іх так, што пер’е ляціць.

Асаблівая радасьць разьліваецца над стадыёнам, калі на гіганцкім экране-тэлевізары зьяўляецца надпіс «тачдаўн» (6-пойнтавы - максымальна магчымы гол - у амэрыканскім футболе), а групы прыгажунь-чарлідэрш, падтрымліваючы агульны пазытыўна-пераможны настрой, гулліва «выпырскваюцца» на полі ў сваіх чароўных рухах ды позах.

Толькі вось мала хто ў Новым Арлеане ведае, падскокваючы ў жоўта-чорных ці як іх тут завуць золата-чорных швэдарах, саколках, капелюшах, бэйсболках і чым толькі магчыма яшчэ колерах сваёй каманды, якім чынам адбываецца кіраваньне самага папулярнага віду спорту ў Амерыцы. Ды што там ведае - мала хто нават думае пра тое.

А вось мы прыглядзімся да яе - бясспрэчна, унікальнай бізнес-мадэлі, якую можна назваць...

Сацыялістычны капіталізм

Усе каманды НФЛ дзеляць абсалютную большасьць сваіх даходаў пароўну.

Нацыянальная Футбольная Ліга (NFL) зьяўляецца свайго роду зачыненай крамай. У лізе гуляюць 32 прафесыйныя футбольныя каманды, для кожнай з якіх дзейнічаюць строгія правілы аб тым, што дазволена і як ды хто можа валодаць камандай. Тут ліга мае адрозьненьні ад іншых прафэсыйных ліг Амэрыкі, але выбітна ў ёй тое, што каманды «дзеляцца» сваім бізнэсам з суседам-калегай: ня меньшым, чым палову свайго даходу ад прыбыткаў за продаж тэлевізійных правоў, мэрчэндайзынгу і продажу квіткоў на гульні, ідуць у агульны «кошык», каб потым «размеркавацца» па кішэнях сяброў-канкурэнтаў.



«Сьвятыя» супрацьстаяць «Кардыналам» у чвэрцьфінале чэмпіянату-2009/2010.

«Такое размеркаваньне даходаў трымае ўсе 32 клубы ў стане паляўнічага. Прычым пастаянна, - кажа Майк МакКарці ў газэце «USA Today» у сваім аналізе бізнэсовай мадэлі гэтага спорту. - Кожны год яны дзяляць велізарны аб'ём «тэлевізыйных» грошай. І робіцца гэта такім чынам, што папросту немагчыма ўтварэньне велізарнага разрыву паміж самымі багатымі клюбамі лігі і клюбамі маленькімі».

Любая каманда мае добрую і прыблізна аднолькавую, прынамсі эканамічна, магчымасьць пазмагацца за чэмпіёнскі тытул чэмпіёна і патрапіць у мару мар амэрыканскага футбаліста - фінальную гульню, знакаміты ўсяму сьвету сваім 3-мільённым каштарысам за паўхвілінны рэклямны ролік Super Bowl.

Кожны год у Амэрыцы даволі цяжка прадказаць разьвіцьцё падзей. Сьведчаньне гэтаму: піцбурскія «сталевары» (таксама граюць у чорна-залатых колерах, дарэчы), чэмпіёны мінулага сэзону, у гэтым нават у кваліфікацыйныя гульні да плэй-офу не патрапілі. (У гэту стадыю праходзяць каманды, якія занялі ў рэгулярным чэмпіянаце месцы з 5-га па 12-е. Плэй-оф жа па крытэрыях НФЛ пачынаецца з чвэрцьфіналу, куды напрамую трапляюць чатыры лепшых).

Бачыць такую сацыялістычную эканамічную сыстэму ў самай папулярнай лізе самай капіталістычнай краіны сьвету - амаль неверагодна. Ці не так?

Гэта сапраўды ўнікальная зьява. Што пацьвярджаюць словы аднаго з уласьнікаў НФЛ: «Мы, як 32 тлустыя каты-рэспубліканцы, якія галасуюць за сацыялістаў».

...А вось тут, зусім побач з амэрыканскім футболам, у іншых спартыўных лігах ЗША пад цяжарам хутка растучых заробкаў гульцоў невялікія клубы не могуць скласьці канкурэнцыю сваім багацейшым і больш магутнымі супернікам. І тыя з вялікім посьпехам карыстаюцца магчымасьцю дамінаваць на чэмпіёнскім ландшафце спаборніцтваў на працягу гадоў, а часам і дзесяцігодзьдзяў.

За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба: футбольная прэм'ер-ліга ў Англіі з яе цяперашняй першай чацьвёркай ці такія прафэсыйныя спартыўныя лігі ЗША, як баскетбольная, бэйсбольная ці хакейная. У іх усё працуе па капіталістычнай схеме звычайных бізнэсаў: уласьнік працуе выключна на сябе.

Абмежаванні на памер заробкаў

Гэта шырока распаўсюджаная ў прафэсыйных лігах Амэрыкі практыка. Яны залежаць ад эканамічных паказчыкаў турніраў. Агульная схема адпавядае ўмове: чым больш зарабляе адпаведны спорт - тым большы «кэп». Самы вялікі на сёньняшні дзень ён у бэйсболе - 162 мільёны даляраў. Праўда, «столя» заробкаў у гульні з бітай і «каменным» мячом - умоўная. Так, нью-ёркскія «янкі» рэгулярна плацяць падаткі на раскошу (95% ад агульных выплат па лізе за апошнія гады), прывабліваючы памерам сваёй кішэні найлепшых бэйсбалістаў. Такія ж «плаваючыя столі» заробкаў са сваімі асаблівасьцямі існуюць і ў двух другіх найбольш папулярных амэрыканскіх гульнявых спартыўных бізнэс-праэктах: НБА і НХЛ.

Уведзены абмежаваньні і для футбалістаў НФЛ. Максымальны заробак, напрыклад, зоркі «сьвятых» куотэрбэка Дру Брыса цэнтралізавана ўстаноўлены правіламі бюджэтаўтварэньня каманд самой лігай і адпавядае зробленым лігай эканамічным разьлікам. Так, у гэтым сэзоне босы каманды былі абмежаваны 127 мільёнамі даляраў. Менавіта такую суму ўладальнікі каманды маглі накіраваць на аплату паслуг гульцоў усёй сваёй дружыны.

Гэта азначае, што праца некаторых футбалістаў вельмі шчодра аплочваецца. Асабліва заробак іх пачаў расьці апошяе дзесяцігодзьдзе. Прыкінуць, наколькі расьце, можна зірнуўшы на «столю», якая была ўсталявана ў 1994-м. Тады ўладальнікам каманд нельга было пераўзыйсьці паказчык 34,6 мільёна даляраў. Рост амаль у чатыры разы! Ён зьвязаны з ростам даходаў ад мэрчэндайзынгу і тэлебачаньня (што карэлюе з паняцьцямі папулярнасьці і адпаведна рэклямнага рынку). Такім чынам, містэр Брыс сёньня працуе па шасьцігадовым кантракце, за які клюб яму выплаціць 60 мільёнаў даляраў (адзначыць трэба, што адпаведна з падатковай сыстэмай ЗША больш за палову гэтых грошаў пойдзе ў бюджэты розных узроўняў краіны).

І ўсё роўна, нягледзячы на такія сумы, нават людзі, якія займаюць самыя высокія пасады ў лізе, узгадваюць пра ўсё той жа сацыялізм. Тлумачыць Марк Уоллер, дырэктар па маркетынгу НФЛ: «У нас свайго роду сацыялістычны капіталізм. Я думаю, гэта лепшы тэрмін, каб апісаць сыстэму. У прынцыпе, усе каманды дзеляць большую частку ўсіх сваіх даходаў пароўну. Так, ці вы прыехалі з Нью-Ёрку, ці з Грын Бэя, незалежна ад памераў вашага рынку, колькасьці вышых заўзятараў ці тэлевізыйнай аўдыторыі, даходы размяркоўваюцца раўнамерна і справядліва. Гэта ўжо само па сабе ў шмат чым - фантастычна».

Расходы рэгулююцца такім жа чынам. Працягвае тлумачыць спадар Уоллер: «Існуе абмежаваньне заробкаў. Кожныя мае аднолькавую «столю» зарплатных ведамасьцяў, вышэй за якую ўздымацца немагчыма. Так што, як бы вы не хацелі, а ўсё роўна не здолееце падпісаць усіх лепшых гульцоў сьвету».

«Дык адзін бізнэс ці некалькі?»

Гэтым пытаньнем задаецца зараз судовая сыстэма краіны. Бо далёка не ўсе лічаць, што мадэль НФЛ зьяўляецца правільнай ды справядлівай. Цікава для нас, неамэрыканцаў, як такія незадаволеныя не зьявіліся ў гэтым бізнэсе раней і паседжаньні распачаліся толькі зусім нядаўна?..



Фаны «Нью-Арлеан Сэйнтс». Сыстэма НФЛ пабудавана так, што нават малыя каманды могуць не проста прысутнічаць у лізе, але і прэтэндаваць на чэмпіёнства

Вярхоўны суд ЗША ў гэты час разглядае справу аб тым, ці НФЛ зьяўляецца адной арганізацыяй, ці гэта ўсё ж 32 асобныя прадпрыемствы. Судовае рашэньне можа аказаць велізарны ўплыў на лігу і яе плацежаздольнасьць. Вядома, будзе яно мець наступствы і для іншых ліг краіны - ад тэнісных да баскетбольных.

Сыстэма НФЛ пабудавана так, што нават малыя каманды могуць не проста прысутнічаць у лізе, але і прэтэндаваць на чэмпіёнства.

Прафсаюз, якія прадстаўляе футбалістаў, былых і цяперашніх, ужо вядзе з НФЛ перамовы аб працягу калектыўнай дамовы паміж гульцамі і босамі, які заканчваецца напрыканцы гэтага сезону. Перамовы для асацыяцыі будуць вельмі цяжкімі. Гэтага не хавае ўжо ніхто: пануюць агульныя настроі, што футбалісты атрымліваюць больш грошай, чым зарабляюць і чым тое эканамічна мэтазгодна.

«Пераплочаныя» гульцы, безумоўна, маюць сваё меркаваньне. Аднак ДэМорыс Сьміт, выканаўчы дырэктар асацыяцыі гульцоў НФЛ, кажа, што босы каманды зараз маюць занадта вялікую ўладу і рашуча настроены на зьмены: «Мы знаходзімся ў сытуацыі, калі ўладальнікі лічаць, што гульцы павінны зарабляць прыкладна на 20% меньш, чым складаюць іх цяперашнія заробкі».

У адсутнасьці новага пагадненьня ў полі зроку ўся піраміда НФЛ можа абваліцца. Новая калектыўная дамова можа апынуцца зусім іншай па сваёй сутнасьці, чым цяперашняя.

Справа яшчэ і ў тым, што правілы, якія абмяжоўвалі заработную плату, забаранялі гульцам і баставаць. Такія страйкі, як абвешчаньне лакаўтаў, якія перасьледвалі, напрыклад Нацыянальную хакейную лігу на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў і сур'ёзна пашкодзілі папулярнасьці хакея ў Паўночнай Амэрыцы, у НФЛ былі папросту немагчымыя.

Уваскрэшаньне «Superdome»

У «Нью-Арлеан Сэйнтс», калі б не НФЛ, не было б зараз свайго хатняга стадыёну ў горадзе, вядомым як «Велізарная Лёгкасьць» (адна з афіцыйных мянушак гораду, на англійскай: «The Big Easy»), лічыць Дуг Торнтан. Ён, былы футбаліст унівэрсітэту, цяпер кіруе стадыёнам «Супэрдоўм» у штаце Луізіяна.



Маямскі стадыён "Sun Life" мясцовых "дэльфінаў", які прыме надыходзячы фінал.

Знаходзіўся Дуг на гэтым жа стадыёне і калі адчайныя жыхары Новага Арлеана выкарыстоўвалі дах ды пашкоджаную бедзтвам абалонку стадыёна для абароны ад ветру і дажджу падчас таго жахлівага прыроднага катаклізму, які запомніў увесь сьвет.

Торнтан кажа, што грошы ад НФЛ дапамаглі ўзнавіць стадыён, які стаў сымбалем адраджэньня ўсяго гораду. «Пасля Катрыны людзі ўсьвядомілі, што там было шмат бед і пакут у гэтым будынку, - кажа ён. - А за гэтым месцам, за гэтым горадам назірала без перабольшваньня ўся планета. Менавіта таму гэта было так істотна - пераўтварыць «Superdome» ізноў у сымбаль натхненьня ды надзеі, а не пакідаць яго ў памяці, як знак пакутаў».

...Будынак вярнуўся да выкарыстаньня ў камерцыйных мэтах ужо праз год пасля таго жудаснага ўрагану. «Гэта азначае вельмі шмат для людзей з Новага Арлеану: і для прыхільнікаў каманды, і не толькі», - кажа спадар Торнтан, агучваючы меркаваньні соцень тысяч нью-арлеанцаў.

А які можна прыдумаць шчасьлівейшы камбэк у гэтай амэрыканскай гісторыі, чым перамога ў Супэрбоўле ў надыходзячую нядзелю 7 лютага перад аўдыторыяй прыкладна ў 140 мільёнаў тэлегледачоў...

...Гэты трафей можа стаць для «сьвятых» і для ўсяго Нью-Арлеану першым у 43-гадовай гісторыі каманды.

Гульня паміж "Нью-Арлеан Сэйнтс" і "Індыянапаліс Кольтс" распачнецца 7 лютага ўвечары. У Беларусі ў гэты час будзе ўжо каляндарны панядзелак - палова другой ночы (1.30).

p.s. НАПЕРАД, ЖОЎТА-ЧОРНЫЯ ;)
p.p.s. Чытайце "Салідарнасць".

спорт, спартыўны мэнэджмэнт, Салігорск, футбол

Previous post Next post
Up