Прадстаўнік Беларусі ў Кантынентальнай хакейнай лізе менскае "Дынама" (= багацейшая ды мацнейшая клюбная каманда краіны) учора абвесьціла вынікі конкурсу на лепшую эмблему.
Замест гістарычнага для любой "дынамы" сымбалю з літарай "Д" на швэдарах-цішотках хакеістаў, што будуць выступаць за каманду, у наступным сэзоне будзе зубр.
Цалкам слушна, што менавіта гэты сымбаль Беларусі стаў і сымбалем мацнейшага ХК краіны.
Аднак во гісторыя з назвай "Дынама", якую таксама вырашылі "рэбрэндынгаваць" выглядае папросту зьдзекам над беларусамі. Зараз назва будзе... "Дінамо".
Во як каментуе
афіцыйнаму сайту выбар назвы дырэктар ХК Аляксандр Белы: "Мы не только создали новый бренд в виде изображения зубра, но и создали новую надпись "Дiнамо". Это подчеркивает, что бренд "Динамо" не застыл с 50-х годов 20-го века. Он модернизируется, в нем появляется что-то новое. Миром правит прогресс. На протяжении долгого времени мы советовались с лучшими мировыми PR-агентствами. Люди будут смотреть на новый бренд. У них появится много вопросов. Чем больше обсуждений, тем лучше для клуба. Таков закон бренда!"
Ну, і дадаў напрыканцы:
- Ни в коем случае не стоит воспринимать это, как переход на белорусский язык. Нет! Это добавление белорусской частицы в бренд «Динамо».
Нажаль, у слове "Дынама" "у" нескладовае няма куды ўсунуць. Праўда, калі доўгі час раіцца з лепшымі піяр-агенцыямі сьвету, то, напэўна, можна прыдумаць...
Цікава, ці падпадае такая назва пад закон аб арфаграфіі беларускай? Калі так, выходзіць, спадара Белага першым судзіць будуць?..
У пастскрыптуме пра справы фарм-клюба "Дынама" - Салігорску-хакейнага. 3 жніўня гульцы каманды і не толькі апрануцца ў працоўную форму шахтароў і спусьцяцца на глыбіню 1000 метраў пад зямлю. Да падарожжа могуць далучыцца і прадстаўнікі СМІ. Так што калі хто не быў у шахтах - дасылайце заяўкі на паштовую скрыню ХК. Больш падрабязная інфармацыя пра акцыю -
на тым жа афіцыйным сайце... кхм... "Дінамо".
Кажуць, што "Шахтар"-хакейны здольны ў гэтым годзе за медалі АЧБ пазмагацца. Нават футбольныя заўзятары "Шахтару" ужо чакаюць пачатку сэзона хакейнага. Бо ў футбольных справах - завал татальны ў гэтым годзе. І справа нават ня ў выніках: на стадыёне гледачоў усё меньш і меньш, а кіраўніцтва усё так жа "любіт своіх болельшчіков"... кажды дзень.
Апдэйт: сайт у "Дінамо" нейки калічны - пасьля дадаваньня новых навін зьмяняюцца і спасылкі на навіны ранейшыя.
Апдэйт 2: Лога з надпісам "Дінамо" з сайту зьнялі. Назва сайту працягвае заставацца "Динамо Минск". Пераход на варыянт "і" тлумачыцца разбокамі з БФСТ "Дынама" за права выкарыстаньня імя. Кажуць, у мінулым сэзоне за брэнд "хакеісты" заплацілі вялізныя грошы. Зараз гэты пункт расходыў бюджэту выкрысьліць палічылі за лепшае. Цікава, што было даражэй, паслугі ПіяР-агенцыяў ці выплаты за імя (у памерах аднаго сэзону)?