1. Стаю сёньня на трамвайным прыпынку, чакаю. Раптам лаўлю на сабе позіркнейкага трохі паддатага мужыка, сядзеўшага на лаве, які ўважліва, сабраўшы ў кулак апошнія рэшткі высклізаючага розуму, углядаецца ў мяне, а дакладней глядзіць на значкі.
Потым ён усё ж такі вырашыўся й зьвярнуўся да мяне:
- Ета, можна тибя спрасить?
- Што такое, - падыходжу бліжэй.
- Слушай, прадай мне етат значок, а? - ткнуў ён пальцам на бел-чырвона-белы сьцяжок з Пагоняй.
- Не, не магу, - кажу я. - Ён для мяне вельмі дарагі. Калі жадаеце - прыязджайце на Ўправу, на Казлова 8, там такія ёсьць.
- А, ета там, хде ментавская школа?.. Ну прадай, а? Я яво насить буду, от тут, - і з гэтымі словамі ён самазабыўна ткнуў пальцам сабе ў грудзі.
Тут да прыпынку нарэсьце пад'ехаў трамвай, і я, накіроўваючыся да яго, усё ж адмовіў яму.
- Ну ладна, звини, праехали, - сказаў мужычок, устаў і пайшоў да задніх дзьвярэй.
Гэт што, сумленьне прачынаецца ў ляхтарата? Цікава, ён дойдзе да Ўправы, ці не? (:
2. Прыехаў увечары на "Драйв".
Сяджу ў залі, народу прыйшло - арда, ажно месцаў не хапае. Але побач с мной адно засталося. Падыходзіць бабулька, інтэлігентнага такога выгляду, і запытвае:
- Прабачце, калі ласка, тут месца свабодна?
- Так, - адказваю, - свабодна. Адмыслова дзеля вас засталося.
- Вой, ну дзякуй, - праціскаецца яна празь мяне й шэптам дадае: - Жыве Беларусь!
- Жыве, - усьміхаюсь у адказ.
А бабулька цікавая аказалась. Нават "Нашу Ніву" зь першага нумара (вядома ж таго, які ў 90-х друкаваўся, а ня тых, самых першых) чытае й ганарыцца, што ў яе захаваўся той самы першы нумар.
3. Для тых, хто ня ведае, што такое "Драйв", тлумачу.
"Драйв" - гэта паэтычна-музычная акцыя, якая адбылася сёньня ў Акадэміі Мастацтваў. Удзельнічалі:
музычнае суправаджэньне -
Сяргей Пукст (раяль, чалавек-аркестр),
Атмараві.
польскі празаік Павел Гюле, які прэзэнтаваў новы раман "Мэрсэдэс-Бэнц"
украінскі паэт Сяргій Жадан
беларускі паэт Андрэй Хадановіч
і канешне ж Віктар Шалкевіч, майстэрскі чытаўшы ўрыўкі з "Мэрсэдэс-Бэнцу".
Цудоўная атмасфэра, выдатнае, моцнае спалучэньне музыкі й слова, выдатныя проза й вершы. Карацей, задавальненьне атрымаў неверагоднае.
Вельмі спадабаліся ўрыўкі Паўла Гюле, гумарыстычныя й іранічныя, прачытаю кніжку - напішу сваю рэцэнзыю.
Вершы Жадана таксама моцныя, хаця інтэлектуальны гумар Гюле зачапіў больш. Зрэшты, апошні нумар зь перакладчыцай быў проста супэрскі (хто быў, той сам зразумее).
Атмараві. Па словах Хадановіча, адзін чалавек напісаў крытычную рэцэнзыю на мінулую імпрэзу, дзе па кожным пункце проста зьнішчыў ушчэнт арганізатараў. Пасьля гэтага менавіта яго запрасілі на сёньняшні вечар. Быў гэта, як вы здагадаліся, Атмараві. І зрабіў ён усё на вышэйшым узроўні.
Сяргей Пукст. Маэстра раяля, напрыканцы ён уразіў і магчымасьцямі сваіх галасавых зьвязак. Натуральны чалавек-аркестр. Чаго каштуе адзін толькі саксафон у яго выкананьні...
Віктар Шалкевіч - цудоўна проста чытаў урыўкі з твору Паўла Гюле.
Андрэй хадановіч. Канфэрансье вечару й выканаўца сваіх вершаў і перакладаў з украінскай Жадана.
Усім агромністы дзякуй! Такое ўражаньне, нібыта пабываў на якімсьці эўрапейскім вечары, шчыра, я наўпрост забыў, што знаходзіўся ў Менску сучаснага ўзору. Чакаем наступнага "Драйву". (;