У той час, як увесь цывілізаваны свет трывожна назірае за падзеямі ў Японіі і спачувае гэтай працавітай ды цікавай краіне, ёсць людзі, якія... лічаць, што Японія сама вінавата ў нечуваных сваіх экалагічных бедствах. Таму што «мела нахабства» пакрыўдзіць вялікую Расію.
Наяўнасць вялікай колькасці «велікадзяржаўнікаў» у такой вялізнай дзяржаве, як наша ўсходняя суседка - зусім не навіна, але... рэзкая заява ў адрас Япоіі належыць чалавеку, які - тэарэтычна - павінен падставіць другую шчаку, калі ўдарылі па першай - вернік, праваслаўны іерарх, іерэй Аляксандр Шумскі.
Аляксандр Шумскі ў сваім артыкуле для партала «Руская народная лінія» (
http://www.ruskline.ru/news_rl/2011/03/14/konec_yaponskogo_chuda/) амаль радасна піша пра «канец японскага цуда». Маўляў, здрыганулася трошкі зямелька - і няма робатаў вашых ды вашых буржуйскіх аўтагігантаў. Ні хонды, ні таёты. Спадар Шумскі, мне вельмі хочацца спытаць, на якіх аўто ездзяць нашы (і вашы) праваслаўныя святары? Не на айчынных зазвычай. І не на танных... Але ж гэта толькі пачатак.
Сэнс артыкула праваслаўнага іерарха Шумскага зводзіцца да таго, што Японія панесла справядлівае (!) пакаранне за крыўды ўчыненыя Расіі. Маецца на ўвазе спрэчка па Курыльскіх астравах. Прамым тэкстам Шумскі сцвярджае, што Бог «бумерангам» вярнуў Японіі яе «дрэнныя паводзіны». Думаецца ў Бога Шумскі меркавання не спытаў. Дарма. Але праваслаўнаму хрысціяніну Шумскаму не сорамна за свае поводзіны. Не. Ён яшчэ пагражае іншым дзяржавам: не крыўдзіце Расію, а то... атрымаеце нешта дрэннае. Быццам ён з Богам пра ўсё «дамовіцца».
Падчас трагічных катастроф у Японіі не зафіксавана ніводнага факту марадзёрства. У крамах зніжаюць кошты на прадукты. Не назіраецца штурханіны ў чэргах. Паводзіны японцаў у такой стрэсава-небяспечнай сітуацыі проста ўражваюць прыстойнасцю і спакоем. Многім праваслаўным вернікам, як і праваслаўным атэістам Расіі ды Беларусі варта павучыцца мужнасці ў дзяржавы самураяў.