пра мару з шуфляды

Sep 24, 2013 23:35

карацей, гэты фільм не прайшоў адбор на сёлетні кінафэст "bulbamovie", а зноўку закідваць у шуфляду мару, толькі-толькі адтуль выцягнутую, неяк рукі не падымаюцца. не сказаць, што мне пофік на пралёт сваёй першай стужкі яшчэ на этапе адбору, аднак суцяшаю сябе тым, што галоўных пастаўленых мэтаў усё-ткі сягнуў:

- упарадкаваў архіў, датычны важнага для мяне кавалку мінуўшчыны, аформіў яго ў нешта адно цэлае;
- папрактыкаваўся ў відэамантажы.

меркаваны ўдзел у "bulbamovie" стаўся добрым стымулам узяцца ўрэшце за тое, да чаго рукі не даходзілі ўсе гэтыя гады, а таксама выдатным дысцыплінарным чыньнікам, за што кінафэсту я бязьмерна ўдзячны. спаў па тры-чатыры гадзіны на содні, сядаючы за стужку адразу пасьля працы ды прачынаючыся на досьвітку, каб пасьпець яшчэ хоць нешта да працы. штосьці мантаваў і седзячы ў рэдакцыі, калі выдавалася вольная хвілінка.

вядома ж, хацелася, каб стужка пабачыла сьвет на вялікім экране, але не дык не. пабачаць наступныя.

карацей, вось вам кавалачак асабістага. прэм'ера, трам-пара-рам!

мара з шуфляды

2006 год, сакавік. беларусь напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў. група сяброў зьбіраецца разам у менску, каб узяць удзел у дэманстрацыі, прызначанай на пасьлявыбарчы вечар. у паветры шчэ гучыць рэха нядаўняй украінскай памаранчавай рэвалюцыі, з тэлеэкранаў сілавікі называюць патэнцыйных пратэстоўцаў тэрарыстамі, страшаць пакараньнем ажно да расстрэлу. не зважаючы на запалохваньні, на кастрычніцкай плошчы ў цэнтры сталіцы зьбіраюцца дзясяткі тысяч грамадзянаў, незадаволеных афіцыйнымі вынікамі выбараў. утвараецца стыхійнае намётавае мястэчка, жыхары якога пераймяноўваюць кастрычніцкую плошчу ў пляц каліноўскага. наперадзе - некалькі дзён супрацьстаяньня міліцыі, правакатарам, холаду і стоме, жорсткі разгон, арышты… аднак за агучанымі прысудамі, прамовамі палітыкаў, разважаньнямі экспэртаў гэтак і застаюцца незаўважаныя галоўныя ўдзельнікі сакавіцкіх падзеяў - уласна пратэстоўцы. навошта яны выходзілі на вуліцу? чаго хацелі дамагчыся? пра што марылі? і ці застаюцца гэтыя мары актуальныя сёньня? слова ім - удзельнікам пляцу каліноўскага.

стужка складаецца з дагэтуль не дэманстраваных публічна архіўных здымкаў.
upd. здымкі волі швед, якая мужна мерзла разам з камэрай і ўсімі намі, але здымала-здымала-здымала. оль, дзякуй табе вялікі! (8


мара з шуфляды (the dream from the drawer) from daroha on Vimeo.
Previous post Next post
Up