Per la Giornata Mondiale della Lingua madre / Да Міжнароднага дня роднай мовы

Feb 21, 2018 14:26

Аксана Данільчык

***
Nu locuim intr-o tara, locuim intr-o limba. Patria este limba, nimic altceva. [1]
                                  E. M. Cioran

Слонцо закаціласё за гае далёкія,
пад старою дзічкаю коўзаецца змрок,
і кудысьці дзеласё даўняё, высокаё,
ўсё што ты, няўдаліца, затрымаць ня змог.
Верабіны гнуткія на платэ паклаліся,
полё разгарнуласё сівым палатном, 
ну чаго ж ты, дзіцятко, гэтак іспужаласё,
то заранка бліскае над начным сялом…

Мятавы вецер,
шантавы вецер
стагоддзямі
пыл уздымае
і апускае на дол,
белых рамонкаў,
што да мяне падыходзілі,
круціць пялёсткі
і асыпае
ў прыпол.

Ад алімпійкі,
што легла лінейнай пазнакаю
на пераходы  
між возерскам і падлессем,
гук прапаўзае вужакаю
праз перашкоды
вуха казыча
і растае
ў міжлессі.

Усё, што я чую,
над гэтымі скрыжаваннямі
усё, што я ведаю
пра непарыўнаць часоў,
увасабляецца
словамі-заклінаннямі
перадаецца таму,
хто аднойчы
паўторыць іх
зноў.

(часопіс "Наша вера", 2017, № 4)

[1] Чалавек жыве не ў краіне, ён жыве сярод мовы. Радзіма - гэта мова і нічога больш. Э. М. Чоран

aksana danilchyk, poesia

Previous post Next post
Up