"Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля - гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай… Мы нічога не чытаем. Палітыкай увогуле не цікавімся. Ужо некалькі месяцаў не бачыў газет. Усе нашы думкі віруюць каля адной тэмы - граніцы. А пачуцці - каля некалькіх іншых, у залежнасці ад густу і тэмпераменту: гарэлка, музыка, песні, гульні ў карты, жанчыны".
Какаін, мяжа і Ракаў Вельмі добры і цікавы фотагістарычны рэпартаж на "Будзьме" пра Ракаўскіх кантрабандыстаў міжваенных гадоў, пераплецены з цытатамі з кнігі Сяргея Пясэцкага "Каханак вялікай мядведзіцы".
Мне падаецца, што той невялікі гістарычны прамежак (пачатак 20-ых гадоў ХХ ст.) можа стаць для нас, у паменшаным выглядзе, тым чым каўбойска-індзейская тэматыка стала для Амерыкі - вельмі яркім гістарычна-прыгодніцкім брэндам.
Бо вельмі шмат падабенстваў: сутыкненне двух розных цывілізацый, сюжэт рызыкоўнага падарожжа і перасячэння мяжы, жыццёвая праўда простых спрытных хлапцоў без нейкіх "ідэалагічных накрывак", дуэлі, "лёгкія" жанчыны, высокая канцэнтрацыя сяброўства і здрады, рэвальверы, майстэрства бясшумнага перамяшчэння ў лесе, пагоні на конях, маргіналы супраць службоўцаў і гэтак далей...
На гэтай тэме можна і трэба іграць, як у сферы турбізнэса, так і ў кінематаграфіі, білетрыстыцы і музеефікацыі.
У "памежжа" нам трэба актыўна гуляць, каб разумець усю небяспеку паўтарэння гэтай сітуацыі.