Учора гурт “Вурай” даў гадзінны канцэрт у новым гандлёвым цэнтры “Галілеа”. Музыкі выканалі дзіцячыя, калядныя і іншыя
этнічныя песні.
На выступ прышло пад сотню чалавек, траціна з іх - дзеці. “Вурай” перад пачаткам разам з удзельнікамі прайшоўся калядным маршам па 2 і 3 паверхах “Галілеа”, пакалядвалі каля сеткі “Суседзі” і рушылі далей, на месца выступу.
Потым пачалася, прынамсі, сама дзея: песні, танцы разам з козачкай і мядзведзем. Дзеці вадзілі карагоды, дарослыя пляскалі ў ладкі, фатаграфавалі - усе радаваліся жыццю. Падышлі паслухаць і паглядзець і прадаўцы буцікоў, работнікі гандлёвага цэнтра.
Музыкі ў світках, валёнках прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. Калі выступ бачыў абсалютна непадрыхтаваны глядач, ён мог адчуць лёгкі дысананс паміж месцам і выступам. Але па атмасферы “Вурай” арганічна ўпісаўся ў пляцоўку “Галілеа”.
Канцэрт “Вурая” адрозніваецца ад выступаў традыцыйных этнічных гуртоў. Падчас
каляднага канцэрта музыкі актыўна выбудоўваюць гарызантальную камунікацыю з гледачамі (на гарызнатальнай камунікацыі акцэнтаваў увагу і
“завадатар традыцыйных танцаў” Аляксей Крукоўскі). Да таго ж, творы гурта, хаця і маюць этнічную аснову (Сяргей Гаюн самастойна збірае этнаграфічны матэрыял у экспедыцыях),
з’яўляюцца новымі творамі, а не перапрацаванымі. Іх гучанне і спосаб падачы адлюстроўваюць і сучасныя культурыя трэнды Беларусі і свету.
ps. Сёння, 6 студзеня, а 16.00, на трэцім паверсе “Галілеа” адбудзецца яшчэ адзін канцэрт “Вурая”.