Фоткі і фатакартачкі

Sep 06, 2012 11:37

Як заўжды цікавыя разважаньні ад uladzimer. Гэтым разам пра фотаздымкі

Originally posted by uladzimer at Фоткі і фатакартачкі
Пост Уладзіміра Сьцяпана пра вясковую "Клаўдзію Шыфер" - Данілаўну, што і ў будзень апранаецца нібыта на подыум,
http://ul-sciapan.livejournal.com/1304837.html?view=11243013#t11243013
пацягнуў мае ўласныя экпедыцыйныя ўспаміны.  Не столькі пра вясковую моду, колькі пра фотаздымкі.
Даўна прайшлі тыя часы, калі працаваць даводзілася з "Зенітам" і ашчаджаць кожны кадр. А колькі потым было таго клопату, каб тыя фотаздымкі зрабіць! Цяпер усё іначай. Экспедыцыянеры напакаваныя лічбавымі фоцікамі ўсіх масьцей. Толькі і ведай, што пстрыкай. Колькасьць пстрыкаў вымераецца сотнямі. Што спадабалася - пакінуў сабе, што не спадабалася - сьцер нафіг дый забыўся. Зразумела, што гэткі тэхнічны прагрэс прывёў да дэвальвацыі фотапрадукцыі: "фатаздымкі" сталі "фоткамі".
Тым часам, у кожнай вясковай хаце ты бачыш зусім іншую карціну. На сьценах, як правіла абапал абразоў, вісяць іншыя "абразы", дзе замест суворых і непадступных багоў - родныя, блізкія твары. Што праўда, не менш сьвятыя. Асабліва, калі на цябе глядзяць тыя, што даўна спачываюць у зямлі. Язык не павернецца назваць такую выяву "фоткай". Вяскоўцы і не называюць. "Фатакартачка" ці проста "картачка". Апошняе, як пашпарт, як важны дакумант, гучыць сур'ёзна.
Астатнія "картачкі" ашчадна зьберагаюцца ў важкіх, быццам Біблія, фотаальбомах. Пакладзеш такі на калені і адразу адчуеш, што абы-чаго туды не пакладуць. Рэшта "картак" раскладзена па фатаграфічных капэртах ці нават цэлафанавых пакетах. Але вельмі часта ў капэртах чорнага коляру ляжаць фотаздымкі з пахаваньняў. Была такая завядзёнка...
Сядзім гамонім з бабцяй. Прысела адпачыць у цяньку, а тут і мы падасьпелі. Напэўна, завіхалася па гаспадарцы. Гаманілі слаўна. Запісалі шмат цікавага. На разьвітаньне вырашылі сфатаграфаваць, але як толькі аказаўся ў руках фотаапарат, ціхмяная і спакойная бабуля падскочыла, быццам маладзіца. Запрычытала напрамілы бог, што й спадніца гразная і валасы спутаныя і хуста ня тая. Паляцела ў хату прыбірацца. Праз хвілін колькі бабцю было не пазнаць: "кофта" новая (нявестка падарыла), хуста цьвяцістая, валасы зачасаныя і твар ажно памаладзеў. Красівая! Бо "фатакартачка" - гэта падзея!
Вось бачыш, а ты кажаш "фотка".
     

нататкі

Previous post Next post
Up