Зразумела, что ўсё часцей і часцей хачу пісаць і размаўляць на беларускай мове, а не на рускай. Калі цяжка, сорамна ці, наадварот, натхняльна і ўтульна. Аб гэтым пісалі многія людзі, напішу і я. Раней, у дзяцінстве, мы кожны дзень адчувалі, што на беларускай мове размаўляюць толькі людзі нейкія недалёкія, з вёскі. А вось мы, гарадскія і тым больш, са сталіцы, павінны размаўляць на рускім. Бо гэта правільна. А беларускі... Ну так, некалькі ўрокаў на тыдні. Ну вершык вывучыла. Ну апавяданне нейкае прагартнула. Толькі песня «Купалінка» заўсёды чапляла. Яна такая пяшчотная, такая свая, родненькая, ціхая. Не магу абяцаць, што вось зараз пачну размаўляць толькі па-беларуску, не. Але ж толькі пасля таго, як забілі Вітольда, пасля навін аб гэтай хеўры, што разносіць кватэры і хаты тых, хто з'ехаў, пасля разгонаў крам з беларускімі кнігамі і адзеннем пачынаеш адчуваць тое, што нас сапраўды могуць знішчыць. Імпэрыя робіць сваю справу ўжо якое стагоддзе. А разам з намі могуць знішчыць і нашу мову, гэты цуд і скарб. А калі гэта скарб, дык... Не пакідайце ж мовы нашай, пакуль не памёрлі.
Знайшла для сябе Горвата, зноў адкрыла Караткевіча і Маўра. Нават калі маіх дачок не будуць вучыць мове, я буду сама чытаць ім, знаходзіць для іх цікавыя кнігі, фільмы і музыку. Я - беларуска і вельмі ганаруся гэтым. Я люблю сваю Радзіму да болі, да слёз і, нажаль, адчула гэта толькі праз столькі гадоў.
Хвілінка патрыятызму скончылася і, як сапраўдная беларуска, пайду працаваць. А што ж сядзець тут, па клявишах ляпаць. Бульба сама сябе не пасмажыць і шкарпэткі ў пралку не скокнуць.