Італьянскі інжынер распрацаваў прыстасаванне, якое выкарыстоўвае прынцып струменевага друку ў архітэктурных мэтах. У якасці расходнага матэрыялу ў «будаўнічым прынтары» ужываецца пясок.
У аснове канструкцыі друкаркі - рама, якую падтрымліваюць чатыры незалежныя апоры. У ніжняй частцы рамы размешчаны соплы - яны распыляюць пясок і злучны раствор. За адзін цыкл “друкарская галоўка” праходзіць над паверхняй чатыры разы. Потым робіцца перапынак, і атрыманы слой таўшчынёй каля 10 міліметраў высыхае. Па меры таго, як расце збудаванне, рама друкаркі перамяшчаецца ўверх па вертыкальнай апоры. Прынтэр атрымлівае каманды ад усталяванай на кампутары праграмы для аўтаматызаванага праектавання.
Прынтэр атрымаў назву D-Shape. Яго распрацаваў італьянскі інжынер Энрыка Дыні (Enrico Dini), які раней займаўся канструяваннем робатаў. Зараз «будаўнічы прынтэр» знаходзіцца ў ангары ў прамысловай зоне на ўскраіне горада Піза.
Разам з тым, гэта толькі адзін з варыянтаў аб’ёмнага друку. Існуе і ідэя з выкарыстаннем лазера. Тады ультрафіялетавы лазер піксель за пікселем засвечвае вадкі фотапалімер. Пасля застывання той пераўтвараецца ў трывалы пластык.
Можна абысціся і без палімера. У такой сітуацыі лазер выпальвае ў пластыку абрыс будучай дэталі. Лішняя частка потым проста прыбіраецца.
//www.moladz.org