Гэта ўсё ноч малявала для нас

Dec 30, 2013 22:42

Ноч усё схавала. Ружа завяла.
Што рамантычнага бачыла ў ёй?
Мабыць, у той час я цябе ўспамінала
І на душу мне ўсходзіў спакой.

Што я заўважыла ў гэтых пялёстках,
Чорных кавалачках у чорнай начы?
Я ўжо не ведаю. Мабыць, я проста
Начаравала сабе міражы.

Мабыць, мне проста той ноччу здавалась,
Што я кахаю цябе ўсё жыццё.
Сумна было, калі ўранку дазналась,
Што гэта ноч малявала мне ўсё.

Што гэта месяц у той час усміхнуўся,
Свае праменні спусціў да мяне,
Зірнуў у вочы, сказаў: "Не хвалюйся,
Я разумею пачуцці твае".

Ён быў упэўнены - я закахалась,
Верыла ў гэта і я ў той час.
Ну а пасля? А пасля я дазналась,
Што гэта ноч малявала для нас.
Previous post Next post
Up