20 лістапада а 16-й гадзіне ў рамках праекта "Апякункі паэтычных нябёсаў" адбудзецца вечарына "А ўсё таму, што родам з лістападу...", прысвечаная 65-годдзю вядомай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
"Непрыручанай птушкай" Палесся засталася яна ў свядомасці многіх. Я.Янішчыц жыла заўсёды на мяжы двух светаў: рэальнага і ўяўнага. Талент "Палесскай ластаўкі" сягаў высока ў неба, у той жа час як душа была злучана з зямлёю, сваім краем, з роднымі мясцінамі. Радзіма, Беларусь, дзяцінства - вось тыя крыніцы, якія поўнілі духоўнай энергіяй яе лірыку. Па словах Васіля Быкава, "Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая".
Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я.Янішчыц, у ёй найбольш выразна раскрылася незвычайнае духоўнае святло чалавечай і творчай асобы. Як адзначыў Васіль Жуковіч, "...Жэня здолела перадаць складаны і зменлівы стан чалавечай душы, дзе сутыкаюцца святло і морак, захапленне і расчараванне, радасць і туга, надзея і адчай. Усё ў яе творах глыбока ўражвае".
Да мерапрыемства бібліятэка падрыхтавала выставу "Пачынаецца ўсё з любві…", якая пазнаёміць з творчай спадчынай нашай славутай паэтэсы: першыя публікацыі ў літаратурных зборніках, першыя паэтычныя зборнікі "Снежныя грамніцы" (1970), "Дзень вечаровы" (1974). Сярод экспанатаў выставы і апошнія кнігі Я.Янішчыц ("Каліна зімы", "У шуме жытняга святла"), сучасные публікацыі, перавыданні яе твораў. Яе вершы перакладзены на англійскую, балгарскую, грузінскую, літоўскую, рускую, нямецкую, французскую і іншыя мовы свету, але Я.Янішчыц і сама была цікавым перакладчыкам. На выставе будуць прадстаўлены яе пераклады на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх аўтараў, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы Я.Янішчыц. Асобны раздзел выставы прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху паэтэсы.
У праграме мерапрыемства - выступленні родных, сяброў, аднакурснікаў, калег, добрых знаёмых Яўгеніі Янішчыц. Творы паэтэсы будуць гучаць ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі, адной з вядучых актрыс Тэатра юнага гледача - Ларысы Горцавай, песні на словы Я.Янішчыц выканае лаўрэат міжнароднага конкурса імя Г.Герман Надзея Бронская.
Месца правядзення: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, 1 паверх, п. 110).