Гэтыя могілкі знаходзяцца каля вёскі Крычына Барысаўскага раёна на тэрыторыі
старога шляхецкага двара Крычын на беразе Бярэзіны на захад ад вёскі. Размяшчаюцца на паляне сярод старога парку ў цэнтральнай частцы былой сядзібы. У 1617 годзе тут была заснавана ўніяцкая царква Пакрова Найсвяцейшай Панны Марыі, якая пасля 1839 года была сядзібным касцёлам, а з 1877 года стала праваслаўнай царквой. Ля гэтага храма шляхецкі род Кукевічаў (свойскі, дарэчы, Тадэвушу Касцюшку), які валодаў маёнткам Крычын з першай паловы 18 стагоддзя, заснаваў свае фамільныя могілкі. На жаль, другая сусветная вайна і савецкае панаванне ў 20 стагоддзі прывялі да таго, што храм у Крычыне быў разбураны, а могілкі побач амаль знішчаны. Засталося толькі тры надмагільных камяні і яшчэ два пастамента, з якіх камяні ўжо выкрадзены. Дзякуючы невядомым дабрадзеям, гэтыя рэшткі прыведзены да адноснага ладу і на помніках нават прамаляваныя надпісы.
Агульны выгляд могілак.
Адзін надмагільны камень для Ядвігі і Эміліі Кукевічаў. Верагодна, яны былі сёстрамі.
Вікторыя Аляхновіч мела такое прозвішча, хутчэй за ўсё, па мужу, а па нараджэнні была таксама з Кукевічаў. Аляхновічы валодалі фальваркамі не так далёка ад Крычына, на поўдзень за
мястэчкам Зембін, таму гэтыя сем’і, натуральна, маглі паяднацца.
Магіла крычынскага капелана ксяндза Рамана Кухарскага якраз з таго перыяду, калі крычынскі храм быў касцёлам, прыпісаным да зембінскай парафіі.