Магілы Булгакаў ля касцёла св. Ганны ў Варончы.

Dec 21, 2020 16:13

Сярод нязлічонай колькасці шляхецкіх сядзіб і фальваркаў Наваградчыны, што знаходзяцца ў наваколлі слыннай Варончы, ёсць і старадаўні фальварак Асташын, вядомы яшчэ з часоў князя Вітаўта. У 19 стагоддзі тут жыла шляхецкая сям’я Булгакаў, у якой нарадзіўся адзін з пачынальнікаў фатаграфічнай справы на нашых землях Ян Булгак. Магілы прадстаўнікоў іншых галін гэтага роду таксама ёсць на вялікіх могілках у Варончы, але менавіта Булгакі з Асташына выбралі месцам свайго пахавання пляцоўку каля мясцовага парафіяльнага касцёла святой Ганны.




Гэты храм у савецкі час стаяў занядбаны, і гэта вельмі вялікае шанцаванне, што магілы побач не былі знішчаны ці разрабаваны. Чатыры надмагілля захаваліся і да нашага часу. Раней іх абкружаў ланцуг на каменных слупках, але вось якраз ён не захаваўся.



Не ў традыцыях беларускага народа аднаўляць нейкія там аўтэнтычныя дробязі, калі можна паставіць тыповую сельсаветаўскую агароджу. Добра яшчэ, што помнікі на “красівыя і саўраменныя” не памянялі.



Першы помнік 1892 г. на магіле Антонія Булгака, гэта родны дзядзька Яна Булгака. Ён жыў даволі далёка ад гэтай мясцовасці - арандаваў у Радзівілаў фальварак Шчэпаўшчына каля Клецка. Але пахаваны тут, побач з сям’ёй.





Роўна з іншага краю пахаванняў стаіць дакладная копія гэтага помніка, але ўжо з іншым імем. Гэта Валерый Булгак, уладальнік Асташына, бацька наваградскага фатографа.





Зусім побач, але цалкам у іншай стылістыцы помнік ягонай жонкі Юзэфы з Хаціскіх. Адразу звяртае на сябе ўвагу надпіс на латыні, што сустракаецца не так ужо і часта.



Але тут жа і яшчэ адзін лацінскамоўны надгробак - бацькоў Антонія і Валерыя, Яна і Юліі Булгакаў. Дарэчы маёнтак Асташын пачаткова быў уласнасцю менавіта роду Грамыкаў, з якога паходзіла Юлія. Ян Булгак-старэйшы набыў яго праз шлюб.





Побач з некропалем Булгакаў знаходзіцца яшчэ адна старая магіла, якой, на жаль пашанцавала меней. Яна, меркавана, нават самая старая тут, мо з першай паловы 19 стагоддзя. Аснова з вялікага палявога валуна, моцны прыгожы крыж з гравіроўкай “INRI”, з якога ўжо садралі фігуру Хрыста. Садралі таксама і металічную таблічку, пакінуўшы толькі дужкі, якімі яна мацавалася. Таму яна ўжо назаўжды безыменная.


Надмагіллі выбітных людзей, Каталіцкія могілкі

Previous post Next post
Up