Да папярэдняга допісу-навіны пра
беларускае вясельле галяндца з францужанкай.
Дадам ад сябе, бо набалела: некалькі разоў апошнім часам сутыкаўся з вясельлямі адэкватных, «адмарожаных», беларускамоўных нават параў, але якія былі замаўлялі вясельле у якім-небудзь іншым стылі: «савецкім», «эўрапейска-медывальным»... Не, таксама ўсё весела і класна. Але, шчыра кажучы, крыху крыўдна. Бо беларуская вясельная абрадавасьць (нават з усімі непазьбежнымі сучаснымі спрашчэньнямі і перайначваньнямі) досыць багатая і цікавая. Таньчыкі, сьпевы, гульні... Ня хочацца замшэлага сялянскага калярыту? Дык калі-ласка: вялікалітоўская шляхта і сармацкі дух.
Што? Не бывае вясельля без Сярдзючкі? Бывае, сьведчу. Няма каму рабіць падобнае? Фігня: зьвярніцеся з такой просьбай у любую event-агенцыю - вывернуцца і зноўдуць вам усё што трэба, пачынаючы з гаваркога беларускамоўнага тамады (якому самому, дарэчы, будзе па-кайфу для беларускамоўных зрабіць сьвята). Той жа дзядзя Віця наш Шалкевіч - аццкі вядучы, напрыклад ;)). Знойдуць і шляхту, і лыцараў, і дудароў, і нават мядзьведзя са Смаргонскай акадэміі навучаць Ярмошыну паказваць. Ёсьць дзівакі ў краі. Каштуюць не даражэй за каўбоя з танцамі жывата і "ах-какой-жэншчыны-мне-б-такую". Ааа, мама хоча, каб было «як у людзей»? Дык і я пра тое! Ці баімся, што рускамоўным ды «савецкім» па-большасьці родзічам будзе няёмка? Кіньце, гэта ваша сьвята найперш. Бо іначай хто, як ня мы?
Што да абрадаў, дык крыху цешыць іншая тэндэнцыя: досыць звычайнымі сталі паездкі за стылізаванымі «абрадавымі дзеямі» ў Строчыцкі музэй народнай архітэктуры, галерэі майстроў ды іншыя Дудуткі. І хаця якасьць і праўдзівасьць гэтых «абрадаў» часьцяком пакідае жадаць лепшага, але цікаўнасьць маладых да мясцовай экзотыкі сапраўды дае надзею. Няхай пакуль гэта і ўспрымаецца хіба як экзотыка. Шкада толькі, што ў кабаку ўся гэта «традыцыйнасьць» ды «беларускасьць» звычайна і сканчаецца. І пачынаюцца вычварэньні і штучныя савецкія сурагаты, бо ўсе разумеюць, што нешта трэба рабіць «па-тутэйшаму», «па-традыцыі», а што рабіць - ніхто ня памятае. Асабліва гэта тычыцца гарадзкіх далёка ня ў першым калене. І нават фантазёра папулярызатара Янку Крука наўрад ці хто зь іх чытае ;)
Cправа тут нават ня ў грошах - на сярдзючак жа хапае, праўда. Але за тыя ж прыкладна грошы можна зрабіць і больш-менш тутэйшыя вясельныя строі, і скокі пад дуду, і нават поўны цыкль на некалькі тыдняў: ад сватоў, заручын і запоін, да чырвонай гарэлкі бацькам нявесты пасьля шлюбнай ночы ;) Было б жаданьне.
Дык а чаго вы па-беларуску не шлюбуецеся, паны й паненкі?