Беларускае вясельле - для замежнікаў

Sep 01, 2008 23:03

Такія во навіны з рэгіёнаў:
Для францужанкі Мацільды Вендэнбаум сьвята ў далёкай вёсцы на Лепельшчыне сталася сюрпрызам, які падрыхтаваў жаніх.

Жыхар Галяндыі Менно Хоутстра, выканаўчы сакратар Эўрапейскага цэнтру эка- і агратурызму, упершыню наведаў Беларусь у мінулым годзе. І ён, і ягоная будучая жонка былі ўдзельнікамі міжнароднага велапрабегу, маршрут якога пралягаў у тым ліку і па Лепельскім раёне.

Незабыўныя ўражаньні пакінулі і беларуская народная кухня, і абрад "Жаніцьба Цярэшкі", які давялося тут убачыць. І калі жыцьцё павярнулася да ўласнае жаніцьбы, Менно Хоутстра вырашыў, што адзначыць яго трэба ў старажытных славянскіх традыцыях.

Яшчэ падчас велапрабегу хлопец пазнаёміўся зь інструктарам-мэтадыстам Лепельскага раённага аддзелу спорта і турызму Вольгай Маханенка. На незвычайную прозьбу арганізаваць вясельле ў беларускім народным стылі яна адгукнулася адразу ж. І ўвасобіць прапанову замежнага госьця было вырашана ў гаспадарцы фэрмэра Віктара Труханава, недалёка ад вёскі Вялікае Жэжліна.

Маладых апранулі ў кашулі, вышываныя тутэйшымі майстрыхамі, на шчасьце абсыпалі зернем і падвялі да магутнага дубу, дзе маладыя суджэнцы пакляліся адзін аднаму ў каханьні і вернасьці. Ня менш экзатычнымі за традыцыйныя абрады для Менно Хоутстра і Мацільды Вендэнбаум былі і прыгатаваныя вясковымі кабетамі народныя стравы - бульба з рэбрышкамі, тушаная ў чыгуне, шкваркі і смажанае мяса, а таксама самагон мясцовага вырабу.

Апрача вяскоўцаў, на вясельлі прысутнічалі амаль усе ўдзельнікі леташняга міжнароднага велапрабегу - 15 замежнікаў зь Бельгіі, Галяндыі, Нямеччыны, Польшчы. Для іх вясельле сяброў у беларускім народным стылі было нечуванай экзотыкай. Зрэшты, як і іхнае рашэньне адзначыць гэтую падзею ў жыцьці менавіта такім чынам…

Арганізаваць так званае "беларускае вясельле" з той ці іншай доляй аўтэнтыкі сёньня бяруцца розныя ўстановы -і аршанскі этнаграфічны музэй "Млын", і полацкі краязнаўчы музэй і нават віцебскі ЗАГС. Паводле словаў тамтэйшых супрацоўнікаў, ахвотных няшмат, але ёсьць: прыкладна раз на два-тры месяцы знаходзіцца пара маладых, якія жадаюць ня толькі расьпісацца ды абвянчацца ў храме, але й павадзіць карагоды пад народныя сьпевы. Аднак замежнікаў, якія хацелі б справіць "вясельле па-беларуску", культмасавыя работнікі ня памятаюць.

Напэўна, францужанка і галяндзец сталіся першай парай, якая скарыстала мажлівасьці беларускага агратурызму ня толькі практычна - дзеля адпачынку ды экзатычнага пачастунку, але й для душы. Дакладней, для дзьвюх душ, якія злучыліся ў адно пад спракаветным дубам - сымбалем моцы і непарушнасьці.

Алена Штраль
26.08.2008
http://www.bulletinonline.org/

Лепельшчына, вясельле, СМІ, сучаснасьць, абрады, Падзьвіньне

Previous post Next post
Up