Спавівач

Dec 01, 2010 11:16

Пра наяўнасць пояса ў немаўляці есць няшмат звестак па розных крыніцах, а пра яго выгляд зусім мала:

1. СПАВІВАЧ (СПАВІВІЧ)(назоўнік | мужчынскі род) Доўгі вузкі пояс, якім спавіваюць маленькіх дзяцей http://www.rv-blr.com/slounik?alpha3=СПА&alpha=С
2. "Спавівач - пояс для спавівання немаўлят. Лакальная назва павівач. Да пач.20 ст. ў якасці С. найчасцей выкарыстоўвалі шырокія тканыя паясы, якімі звычайна падпярэзвалі адзенне. Выраблялі таксама спецыяльна: С. таклі на ніту, вязалі пруткамі або кручком, шылі з тканіны. На Гродзеншчыне тканыя С. адрозніваліся колерам у залежнасці ад полу дзіцяці (хлопчыкаў спавівалі звычайна сінімі ці зялёнымі паясамі, дзяўчынак - ружовымі ці чырвонымі)". (энцыклапедыя "Этнаграфія Беларусі", с.473)
3. "...Среди обрядов существовал и обряд опоясывания младенца через 6 недель после рождения." (С.Л. Демчишина "Коллекция народных поясов в Витебском областном краеведческом музее"// "Народныя паясы - мастацтва і рамяство. М-лы навукова-практычнай канферэнцыі", 1992 г.)
4. "...У невялікай колькасці паясы яшчэ ў 50-я гады выраблялі на Гродзеншчыне і зах. раёнах Мінскай вобласці. Выкарыстоўвалі і х у касцюме, павязваючы праз плячо, насілі на іх грудных дзяцей /.../ Прыкладна да 60-х гадоў у Гродзенскай, Віцебскай, асобных раёнах Мінскай, Гомельскай абласцей вязалі на спіцах, ткалі на ніту паясы-"спавівачы"..." (В.І.Селівончык "Беларускія народныя паясы", Мн, 1989, с.11)
5. "Перад родамі парадзіха распускае ўсе паясы /.../ Нават самым малым дзецям, што ляжаць у калысцы, расшпільваюць каўняры і РАЗВЯЗВАЮЦЬ ПАЯСЫ." (Мсціслаўскі пав. Романов, цытуецца па У.Васілевічу "Жыцця адвечны лад", Мн, 1998, с.87)
6. "Шырокімі МУЖЧЫНСКІМІ паясамі (спавівачамі) спавівалі немаўлят" (В.І.Селівончык, Беларускія народныя паясы // Народныя мастацкія рамёствы Беларусі, Мн, 2001, с.66)
7. Здаецца, недзе на Маладзечаншчыне мне казалі, што каб у дзіцяці не было паносу, пояс-спавівач мусіў мець жоўтыя ніткі ў фоне ўзору.
8. Здаецца, на Любаншчыне (трэба перапытаць Выскварку) спавівач ткалі на ніту снаваны "троечкамі", але ўзор не выбіралі. Атрымлівалася, што на белым-шэрым фоне раўнамерна размяшчаліся чырвоныя "зярняткі"
Тэма актуальная для будучых мамак. Прапаную дзяліцца звесткамі і спасылкамі.
Свайму першаму я ткала на ніту чырвона-белы з арнаментам з радзімы нашага таткі (Светлагорскі раён). Дзякуй вялікі за схему zavieja http://community.livejournal.com/by_ethno/73195.html, але па схеме не відаць каларыстыкі, складу і таўшчыні пражы, а таксама ёсць падазрэнне, што па-за схемай засталіся ўзорыстыя беражкі, характэрныя для таго рэгіёна.

дзіцячы фальклор, паясы

Previous post Next post
Up