Адзін дзень з МНС - 2

Jul 27, 2012 15:16

Пачалося ўсё год таму. Год таму я даведаўся пра мерапрыемства "Адзін дзень з МНС", якое ладзіла Міністэрства па Надзвычайных Сітуацыях ў сваё прафэсійнае сьвята. Але туды я ня трапіў...

Сёлета, як толькі Віталь Навіцкі (manny-calaverra) абвясьціў адбор, я адразу ж падаў заяўку на ўдзел. Тым больш, што абяцалі ня толькі паказаць, але і даць магчымасьць пабыць на месцы супрацоўніка МНС і нават зладзіць спаборніцтвы паміж удзельнікамі.
І мяне ўзялі. Вялікі-вялікі дзякуй! Я вельмі ўдзячны.

За дзень да мерапрыемства атрымаў смс-паведамленьне з месцам і часам збору. З раніцы мой старэйшы сын Дамінік быў у садку а сёмае раніцы, бо ў 7.45 я мусіў быць у раёне Нямігі. Прыехаў трохі раней. Праз некаторы час з’явіліся Віталь Навіцкі manny-calaverra і Віталь Дэмбоўскі dembovskij .



Павітаўся, павіншаваў, атрымаў бэйджык са сваім імем і нумарам каманды. Камандаў было 4. Я трапіў у 3-ю. Нехта затрымліваўся, ну ды ладна. Кампанія добрая, час бавіцца весела :) Ну, нарэшце, у аўтобус. Рушым у Сьветлы Гай, на палігон Інстытута Перападрыхтоўкі і Павышэньня Кваліфікацыі МНС.



У аўтобусе Віталь даў нам паперку з этапамі, і мы разьмеркавалі, хто і дзе будзе ўдзельнічаць. Мне перапала стометроўка і тушэньне проціўня з агнём. Вайсковая навука: ёсьць магчымасьць паспаць - паспі. Што я і рабіў :)



Прыехалі. Нас сустрэў намесьнік начальніка Інстытута падпалкоўнік Сяргей Бардушка. Караценька расказаў пра Інстытут.
NB: Інстытут заснаваны ў 1996-м. На палігоне ідзе практычная адпрацоўка надзвычайных сітуацый, якіх на палігоне можна змадэляваць каля 1500. Ад выпадкаў на чыгунцы да здарэньняў у паветры.
Працуе (перападрыхтоўвае і павышае) і з замежжам, дальнім і бліжнім. У асноўным Усход і Афрыка. З Еўропы прыбалты, чэхі накіроўваюць сваіх спецыялістаў. Больш падрабязна можна даведацца на сайце Інстытута http://rescuetraining.by



Караценькі расказ пра правілы тэхнікі бясьпекі -- і пайшлі на палігон.







Сяргей Бардушка правёў кароткую, але вельмі цікавую экскурсію. Расказаў для чаго і як выкарыстоўваецца ўсё тое, што мы можам пабачыць на палігоне.





Першы конкурсны этап быў у спортзалі.



Там нас сустрэў галоўны трэнер зборнай Беларусі па пажарным спорце Віктар Зыранаў.



Расказаў пра рэкорды і рэкардсменаў, пра трэніроўкі і ўмовы. Потым хлопцы са зборнай Мінска паказалі, як гэта робіцца і мы пайшлі спрабаваць паўтарыць. Спартсмены нам дапамагалі практычна і тэарэтычна.











Такім чынам, стометроўка. Скокі праз плот арганізатары адмянілі. Таму трэба было ўзяць два пажарных рукавы, прабегчы па брусу, на бягу злучыць рукавы, падбегчы да гідранта, падключыць адзін канец рукава, да другога падключыць ствол і дабегчы да фініша. Я выйграў свой забег і, па-мойму, меў абсалютны лепшы вынік. Хаця гэты вынік - нічога ў параўнаньні з вынікамі сапраўдных спартсменаў :)



Потым пачаўся этап зь лесьвіцамі. Трэба было ўзяць лесьвіцу, дабегчы да сьцяны, зачапіць лесьвіцу да праёма і залезьці. Нехта спраўляўся "на выдатна", нехта "на выдатна сьмешна" :)
Але ўсім спадабалася.







Потым нас пакаталі на ПТС. Такі транспарцёр-усюдыход на гусенічным ходу, які і праедзе ўсюды, а дзе не праедзе, то праплыве.



Прывезьлі ў ангар, дзе стаяць самалётныя трэнажоры. Там праводзяць практыку экіпажы авіялайнераў, пажарныя службы аэрапортаў і экіпажы МНС. Дарэчы, пажарныя службы аэрапорту не ўваходзяць у склад МНС. Зайшлі ў "самалёт", і там Віталь Навіцкі зладзіў віктарыну ў "баявых умовах". Некалькі пытаньняў, адказы на якія лепей ведаць, чым не. Ля ангара мяне ўразіла машына, якая капае траншэі. Яна капае з сярэдняй хуткасьцю 400 метраў на гадзіну.

Потым была пераправа праз вадаём. Па вяроўках трэба было пераправіцца з аднаго берагу на іншы. Потым -- паласа з перашкодамі. Бегчы, лезьці, прыгаць праз агонь. Некаторыя быццам усё жыцьцё толькі гэтым і займаліся :) Праўда, для нас была падрыхтаваная вельмі аблегчаная версія. Але ўражаньняў хапіла і ад гэтага.



Служба службай, а абед паводле раскладу. Пайшлі абедаць. Даволі сытна і смачна.

Пасьля абеду нас ужо чакала спецыяліст медыцынскай службы маёр Інэса Равінская.
Камандам давалі паперкі, на якіх былі апісаныя сімптомы пацярпелага. Трэба было прыняць адпаведныя меры. З тэорыяй, як аказалася, у блогераў ня вельмі. Але пасьля конкурсу Інэсса вельмі даходліва расказала асноўныя правілы паводзінаў. Вось жа дзівосы: і ў школе, і ў інстытуце, і ў войску, і ў аўташколе праходзіў, бачыў, але з часам ўсё з галавы вылятае. Выснова: перыядычна абнаўляць веды! Альбо рэгулярна ўдзельнічаць у "Адным дні з МНС". Дарэчы, як вы лічыце, чаму МНС мае сваю медыцынскую службу? Бо ёсьць жа хуткая дапамога. Адказ у канцы.



Потым тушылі агонь з дапамогай агнетушыцеля. Адзін з самых важных навыкаў шэраговага грамадзяніна. Насамрэч, складанага нічога няма. Выдзярнуць чаку, направіць, націснуць на рычаг.
NB: у хаце ці кватэры лепш мець вуглекіслотны агнетушыцель. Чаму? Калі, не дай Бог, прыйдзецца скарыстацца, то за парашковым прыйдзецца потым і прыбіраць.

Быў яшчэ этап у дымакамеры. У задымленым пакоі трэба было адшукаць метку. Усе справіліся добра. Кажуць, што неяк у гэтай дымакамеры заблукалі чэскія спецыялісты )

Напрыканцы нам паказалі, як дзейнічаюць супрацоўнікі МНС у тыповым на чыгунцы, але вельмі рэдкім і практычна неверагодным у Беларусі выпадку -- аварыі цягніка з лёгкаўзгаральнымі вадкасьцямі.
(Здымаў відэа, але мой андроід ня хоча мне яго даць)
Ну і, нарэшце, абвяшчэньне вынікаў і ўзнагароды. барабаны... перамагла нашая каманда нумар 3!

Падзякі, віншаваньні, зноў падзякі, зноў віншаваньні. Аўтобус - дадому.



Пасьляслоўе.
Я і раней ні на хвіліну не сумняваўся ў магчымасьцях МНС, у маральна-валявых і чалавечых якасьцях яго супрацоўнікаў. Цяпер я ў гэтым яшчэ больш упэўніўся сам і ўпэўніваю сваімі расказамі сваіх блізкіх. Але нягледзячы на звышпрафэсійнасьць МНС ёсьць шматвяковая ісьціна -- беражонага Бог беражэ. Ня трэба выпрабоўваць лёс.

Вялікі дзякуй Віталю Навіцкаму і Віталю Дэмбоўскаму і ўсім супрацоўнікам Інстытута і палігона за гэты дзень.

Хачу пажадаць вам паменей працы. Як бы гэта парадаксальна ні гучала :)

Ад сына Дамініка вам вершык:

Пажарная машына
ўвесь дзень адпачывае.
Рамонкі, туліпаны
на клумбе палівае.

П.С. адказ жа просты - не заўсёды ёсьць магчымасьць і навык (і жаданне :))) ) у супрацоўніка хуткай дапамогі лезьці ў небяспечныя і цяжкадасяжныя месцы.

Previous post Next post
Up