У той час,
як цяперашнія слуцкія акупацыйныя улады ганялі па стадыёну шкаляроў, адно каб ворагі народа лішні раз не адзначылі што-та сваё ніпанятнае і, канешна, очэнь нячэснае, мы з Ганнай зладзілі экспедыцыю на месца, дзе некалі размяшчаўся адзін з цэнтраў слуцкіх паўстанцаў у эвакуацыі. Як я ўжо
цытаваў успаміны ўдзельнікаў, на вуліцы Браварнай у Нясвіжы размясціўся штаб Грозаўскага палку - аднаго з двух палкоў Слуцкай брыгады. Менавіта ён, відавочна, быў і мясцовым штабам антысавецкіх атрадаў, што хадзілі праз мяжу пастрэльваць камісараў у БССР.
Цяпер Браварная носіць гордую назву Камсамольская і выглядае вось так:
Вока цешаць такія мілыя беларускаму сэрцу сайдынг і сілікатныя блокі. Але апроч яе захавалася і старая забудова. Новае Места Нясвіжа адносна менш пацярпела падчас вайны і сацыялістычнага будаўніцтва. Вось і названая вуліца цешыць вока кантрастамі:
Ці не ў гэтай хатцы размясціліся паўстанцы? Ці можа ў больш заможных гаспадароў:
Падчас фатаграфавання гэтага будынку аўтар быў атакаваны бдзіцельнай жыхаркай: "Не разрэшаю фатаграфіраваць! а можа, вы мяне аграбіць хочаце!" Але дазнаўшыся аб маім расавым нясвіжскім паходжанні і паведаўшы, што мая бабуля - яе першая настаўніца, агрэсіўная песіянерка памякчэла і нават распавяла, што сама яна вырасла на суседняй вуліцы, здала ўсіх старажылаў на гэтай, а таксама паказала, дзе знаходзіўся той самы бровар братоў Любецкіх:
По звестках той спадарыні, гэты будынак пабудаваны на падмурках і нават на падвалах разбуранага бровара пасля вайны, у канцы 1940-х. Хоць як на мой дылетанцкі погляд, будынак яўна старэйшы. Мо хто чаго кампетэнтна падкажа?
Ну і на рагу Камсамольскай і Казлова (Браварнай і Слаўкаўскай) увагу прыцягвае вось гэта сядзіба:
Паводле згадак маёй бабці, тут жылі нейкія паны ці заможныя мяшчане Пэйты (не, як не дзіўна, не габрэі - каталікі). Хто знае, ці не спачувалі яны грозаўцам, ці не ў іх размясціліся гэтыя кватаранты?
Наступным разам, як будзеце ў Нясвіжы, не палянуйцеся
знайсці мапу горада (толькі не верце гугл мэпс, дзе згаданая вуліца пазначана як працяг Сыракомлі), адшукаць гэту вуліцу і прагуляцца туды, далей ад сувеніраў і турыстычных натоўпаў і бліжэй да нашых таямніц.