Ёсць у Нясвіжы папулярнае месца культурнага адпачынку тутэйшай маладзёжы рознага ўзросту - ДК “Камунальнік”. Хоць ДК расшыфроўваецца зусім не “дворец”, а толькі “дом культуры”, але чоткія нясвіжскія поцыкі замест сядзення на картанах з сэмкамі і пляшкай “Баброва”, могуць зажэч з тутэшымі чыксамі на легендарным дзіскачы. У той час, пакуль адзіны нясвіжскі кінатэатр “Салют” быў на шматгадовым рамонце, аматары кінематографа мусілі збірацца ў "Камунальнік". Праўда, не думаю, што шмат каго з несвіжанаў гэта тычылася: памятаю, як на прэм’еры “Дасціш фантасціш” я з сябрам і яго сяброўкай разам складалі амаль палову гледачоў. Тут жа адбыўся і першы (і, калі не памыляюся, адзіны) метал-сэйшн у амаль 800-гадовай гісторыі Нясвіжа, калі ўзрадаваным такім дзівам тутэйшым патлатым неферам жостка лабалі каманды з Клецка, Узды, Менска і іншых славутых гарадоў.
Дык вось, уладальнікі ДК вырашылі яго адрамантаваць. Калі была ўзнятая падлога, пад ёй будаўнікам сталі трапляцца чалавечыя косткі: рэбры, берцовыя косткі, пазванкі, сківіцы, фрагменты чарапоў… Будаўнікі выклікалі міліцыю, тыя спіхнулі справу ў Следчы камітэт, а пінкертоны-камітэтчыкі адразу сцямілі, што серыйныя маньякі-забойцы, якія расчляняюць целы ахвяр і замуроўваюць пад падлогу “дансінгаў” у нашых шыротах вядуцца адно ў трыллерах, таму аддалі справу ў рукі тых, хто прывык займацца нябожчыкамі - гісторыкаў. У адміністрацыю роднага музея-запаведніка прыйшла папера з просьбаю разабрацца. На месца здарэння ў дальні шлях (ажно праз вуліцу) адправілася экспедыцыя з паловы навуковага аддзела (аж цэлых 3 супрацоўнікі!).
У раскалупаным памяшканні галоўнай залі шчыравалі два рабочыя, якія паказалі нам цэлыя насілкі сабраных імі чалавечых касцей.
Іншых знаходак ім не траплялася. І праўда, аббегшы ўскрытую паверхню, я знайшоў адно крыху бітай цэглы ды кавалачак глінянай дахоўкі, а мае калегі - каваны цвік. Але касцей, у тым ліку не сабраных, што тут і там выглядвалі з пяску, было шмат.
Жоўтыя, трухлявыя ці няблага захаваныя косткі, невялікія чарапы, адсутнасць усялякіх рэштак адзення ці трунаў. Райвыканкам да нашага звароту аб неабходнасці даследаванняў паставіўся з разуменнем, паабяцаў спыніць працы і нават выклікаў археолага Андрэя Мяцельскага з Акадэміі навук. Той як звычайна, без залішняга энтузіязму ўсё агледзеў і вынес вердыкт: пясок пад узламанай падлогай прывазны, ніжэй знаходзяцца прызатопленыя вадой бетонныя падвалы ДК. Адпаведна, культурны слой тут адсутнічае і даследаваць асабліва няма чаго. Вось так.
Дык што гэта можа быць? Калі Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка ўзяўся выпраўляць адступніцтва свайго бацькі ад “маці -каталіцкай царквы” ў бок кальвінізму, ён з вялікім энтузіястам узяўся за будаўніцтва касцёлаў і кляштараў. У невялікім Нясвіжы з’явілася аж цэлых тры кляштары, у тым ліку адзін, з іх, бернардынскі, з касцёлам святой Кацярыны, паўстаў на паўночна-заходнім канцы горада. У крыпце касцёла хавалі манахаў кляштара, а, магчыма, і гараджанаў. Прынамсі ў ратушы захоўваюцца копіі запаветаў мяшчан, якія просяць пахаваць іх у касцёле святой Кацярыны.Падрабязней можна
дазнацца тут. Дадам, што казармы ў кляшторных мурах і на кляшторным пляцы праіснавалі тут да нядаўняга часу і помняць царскіх гусар і артылерыстаў, польскіх уланаў, савецкіх сувязістаў… Свята-Георгіеўская царква, перабудаваная з касцёла, была пашкоджана падчас вайны і разабраная на цэглу, з якой быў пабудаваны нашмат больш карысны для савецкай улады клуб у адной з недалёкіх вёсак, а на даўніх падмурках паўстаў ДК воінскай часткі. Відаць, менавіта тады савецкія будаўнікі засыпалі пад падлогу пясок з касцямі з пабураных пахаванняў.
Няма таго, што раньш было. Ад кляштара застаўся адзін манументальны гмах, з якім пасля скасавання вайсковай часткі, ніхто не ведае, што рабіць.
Воінскі клуб перададзены пад гарадскі ДК. А на яго месцы магла зноў паўстаць царква! Падчас адкрыцця другога праваслаўнага прыхода ў сярэдзіне-канцы 1990-х актыўныя тутэшыя бабулькі горача змагаліся за адбудаванне даўняй царквы, і нават амаль атрымалі згоду ўладаў, але раскол у іх шэрагах прывёў да таго, што новая царква будуецца на старадаўнім бульвары ў былым прадмесці Казімір.
Вось так і будуем новае жыццё на забытых старадаўніх руінах, танчым на касцях падчас “дыскатэк у велікодную ноч”, ды гадуем дзетак, якія пасля паскачуць на нашых парэштках… Журбінка.