Маёнтак Зажэцкіх

Oct 17, 2012 09:40


У самым пачатку вуліцы Каперніка, (што даўней называлася Завальнай, бо, як сведчыць назва, размяшчалася за гарадскім валам) увагу мінака прыцягвае вялікі старасвецкі драўляны дом. Зараз ён - нешта кшталту вялікай камуналкі. Па старой бссраўскай традыцыі кожны ўладальнік робіць са сваёй часткай жытла што захоча, таму такія дамы набываюць досыць постмадэрны маляўнічы выгляд. Гэтай будыніне яшчэ пашэнціла: яе гаспадары абмежаваліся толькі дапаўненнямі з моднага зараз сайдынгу ды парай дробных дэталяў. А калі зазірнуць у адны з прыадкрытых дзвярэй - у вока кідаецца драўляная лесвіца аўтэнтычнага выгляду…





За польскім часам, успамінае мая бабця, гэтае месца называлі маёнтак Зажэцкіх: тут стаяла некалькі пабудоў, за якімі пачынаўся сад з агародам у бок ставаў. Ён і зараз стаіць сам па сабе, а ў той час быў яшчэ больш адасоблены манастырскім садам і пляцам. Гэтыя паны Зажэцкія на той час, відавочна, былі далёка не заможныя і вылучаліся не самым дружалюбным характарам. Прынамсі, да маіх продкаў. Бабуля ўспамінала, як аднойчы зімой ў адным іхнім гусаку прачнулася вольналюбівая птушыная натура, тлустая птушка узнялася на крылы, пераляцела плот і паімчала па глыбокім снезе ў бок возера. Бяда! Такое дабро прападае! Таму бабуліна мама пусцілася ў пагоню за ўцекачом. Пагоня прывяла яе пад гэты самы маёнтак Зажэцкіх. Пабачыўшы кабету, якая нешта шукала каля яго хаты, стары пан выскачыў на двор і давай лаяць прабабку: “Чаго тут ходзіш, зладзейка?” Непрыемна, канешне, але ў гісторыі гэтай шчаслівы фінал: стомленая і згаладалая гусь урэшце плюнула на высокія памкненні і здалася гаспадыні.



Іншым разам Зажэцкія наняла бабулінага бацьку, Юзіка Стралкоўскага, каб пабяліць столь.  Толькі прадзед узяўся за працу, як старая пані забыўшыся нават на тое, што збіралася ісці да касцёлу, прычапілася да яго і ўзяла на сябе вярхоўнае кіраўніцтва, ды так, што выела ўсе нервы спакойнаму і ўраўнаважанаму Стралкоўскаму. Толькі кабета адвярнулася, Юзік, споўнены абуджанай пралетарскай злосці, страсянуў вапну на чорную панскую сукенку. Як праца была скончаная, пані ўспомніла пра справы і хуценька скіравалася ў касцёл. А вечарам на парозехаты Стралкоўскіх з’явілася раз’юшаная старая: “Пан Юзаф мяне зганьбіў перад людзьмі!”. Нашто сукенку выпэцкаў, нягоднік гэткі! На што прадзед ёй спакойна параіў пакінуць працу тым, хто яе робіць.

Што стала з Зажэцкімі пасля "освободітельного похода Красной Арміі" - бабуля не памятае. Так ці інакш, у будынках размясцілася камунальнае жытло для новых пасяленцаў. Савецкая ўлада вырашала жыллёвае пытанне як умела...



Нясвіж, Крэсы, ад прадзедаў спакон вякоў, бабуліны байкі, восень

Previous post Next post
Up