Пятніца. Начальства з немалой часткай супрацоўнікаў з’ехала ў Гродна на
музейны форум, у напаўпустых кабінетах - мір ды спакой. Чым заняцца двум малодшым навуковым супрацоўнікам у вольную хвілінку на працоўным месцы? Правільна! Перабіраць матэрыялы перапісу 1897 года па Мінскай губерніі, а ў прыватнасці - па Нясвіжу.
Дык вось, у выніку навуковых ізысканняў было адкрыта, што апроч 2 французаў і 2 персаў, якіх нейкім ветрам занесла ў заштатны гарадок Расійскай імперыі, у Нясвіжы перапісчыкі зафіксавалі ажно 10 прастытутак. Само сабою, афіцыйна зарэгістраваных, з тым самым “
жоўтым білетам”, па якім пайшла Сонечка Мармеладава. З гэтых сонечак было шэсць беларусак і чатыры дачкі Абрагама.
Прастытуцыя ў тыя часы квітнела ў местах і мястэчках, якія славіліся сваімі кірмашамі. Пра Нясвіжскі кірмаш пісаў Шпілеўскі, што ён, маўляў, для беларускіх губерняў тое ж, што Ніжагародскі - для вялікарускіх. Вядома, пасля добрай здзелкі не грэх і расслабіцца, пакуль не вярнуўся на родную пуховую пярыну да сваёй купчыхі дзесьці ў Замаскварэччы ці на Падоле.
Таксама актыўнымі спажыўцамі сэкс-паслугаў ва ўсе часы былі вайскоўцы. У Нясвіжы з 1875 па 1892 год кватараваўся 4-ы Гусарскі Марыупальскі ландграфа Фрыдрыха Гессенскага полк. Гусары размясціліся ў памяшканнях закрытых пасля паўстання 1863 года манастыроў бенедыктынак і бернардынцаў, але манаскі лад жыцця, можна меркаваць, весці не збіраліся, як і артылерысты 40-га артылерыйскага палка, якія змянілі іх у 1892 годзе. Так ці інакш, і залётныя бізнесмены, і бравыя ваякі цара-бацюшкі маглі спаталяць свае патрэбнасці цалкам легальна. Як сведчыць усяведная Вікіпедыя:
“В 1843 г. проституция была объявлена терпимой; полиция должна была выискивать женщин, сделавших из проституции ремесло, ставить их на учёт и подвергать медицинскому освидетельствованию; для этих целей в Петербурге, Москве и некоторых других крупнейших городах были созданы особые врачебно-полицейские комитеты. Было две основных категорий проституток: билетные (работающие в публичном доме) и бланковые (работающие на съёмных квартирах под присмотром сутенёров). Проститутка была обязана являться в полицию и подвергаться освидетельствованию и медицинскому осмотру 2 раза в неделю (норма была отменена в 1909 году). У проститутки отбирался паспорт и взамен выдавалось особое свидетельство, называвшееся «желтый билет». В России в 1890 г. домов терпимости было отмечено 1262, тайных притонов 1232, проститутных домов терпимости 15 365, одиночек 20 287 (это - минимальные цифры, фактически, видимо, больше).
Публичные дома в России делились на три категории. В борделях высшей категории за визит платили 100 рублей, а суточная норма была 5-6 человек. В борделях средней категории - суточная норма 10-12 человек при цене 1-7 рублей. Низшей - 30-50 копеек при суточной норме 20 человек и более.”
Калі верыць афіцыйным лічбам, дзесяць несвіжанак павінны былі працаваць стаханаўскімі тэмпамі, абслугоўваючы больш за тысячу засумавалых па жаночых ласках салдат і шматлікіх дробных і буйных купчыкаў, не кажучы ўжо аб земляках-несвіжанах. Відавочна, на гэтай ніве шчыравала болей працаўніцаў, але пакуль пра гэта гісторыя маўчыць.
За польскім часам суровыя пілсудчыкі узяліся за бязлітаснае выкараненне гэтай катэгорыі рабочага класу. У 1919 годзе Міністэрства аховы здароўя (Ministerstwo Zdrowia Publicznego) абвесціла аб закрыцці ўсіх публічных дамоў, прастытуцыя стала справай падсуднай. Але на справе ўсё было, канешне, інакш. Уланы 27 палка імя Стэфана Баторыя і заклапочаныя ў гэтым пытанні мяшчане не былі пакінутыя сам-насам з уласным лібіда. Мая бабуля ўспамінае прынамсі адзін невялікі бардэль, што быў практычна на яе вуліцы, за сотню-другую метраў ад цэнтральнай плошчы і ратушы, дзе засядалі айцы горада, закліканыя дбаць аб маралі мяшчанаў. У старой невялічкай хацінцы жылі і прымалі кліентаў прынамсі 4 “жрыцы кахання”. Уладальніца гэтага “дому цярпімасці”, Хмялеўская, чыя хатабыла побач, часам пускала сваіх супрацоўніц з наведвальнікамі да сябе. Таму сярод несвіжан яе прозвішча стала сымбалічным: калі пра кагосьці казалі, што ён “ходзіць да Хмялеўскай”, іншых рэкамендацый ужо не патрабавалася.
Што адбывалася пазней - пакуль яшчэ варта даследаваць і даследаваць. Можа, паспрабаваць выбіць фінансаванне пад гэты практыка-арыенатваны праект, накіраваны на развіцце турыстычнай інфраструктуры Нясвіжа, неразвітасцю якой нас увесь час папракаюць?)