Два дні мы бегалі, высалапіўшы языкі, па Кёльну, змятаючы на сваім шляху карывурст, блютвурст і кніжку, якая "у гэтым раздзеле мы разгледзім вязанне праз прызму бурдзье, а ўжо ў наступным вам будзе лакан і крысцева", божа!
Немцы з самай раніцы засядаюць, звісаюць гронкамі, грукаюць піўнымі куфлямі і гучна рагочуць. Пад кожным столікам кафэ ляжыць нявызначанай формы сабака. Н. у якасці экскурсавода выбачаецца, адвешвае рэверансы, але ўсё-ткі цверды выдае ўсю наяўную інфармацыю па кожным закутку сваіх месцаў. І так мы слухаем джазавых дзедушак у маленькага Таты Джо.
Дранікі нам не далі, таму што не па раскладзе. Таму Сімона прыдумала яшчэ лепш і мы апынуліся ў рэстарацыйным доме, які стаіць на мяжы зямлі рэйнскай і вестфаліі, пасярод пагоркаў і лясоў, з нейкіх неверагодна даўніх часоў дастаяў і дражніцца цяпер фрагментамі яшчэ таго, старога фахверку. Такое месца:
http://www.schmahl-am-schmalen.de/htm/tradition.htm. Сям'я Сімоны там жыве, а Паша там водарасці па сажалцы збіраў. Слухаеш і думаеш пра тое, што дзе-нідзе гісторыя ўплятаецца ў жыццё, а бывае, што не ўплятаецца, хаця здавалася б - абсалютна аднолькавыя дранікі.
Яшчэ два дні я выбрала паляжаць у дзюсельдорфе, гэта таксама прыўкрасна. У вакне насупраць тырчаць этнічна стракатыя дзеці ў майтках, потым маці ў цюрбане выключае святло, а туркі ўнізе ўключаюць французскі рэп на секунду, а потым такія "бля, пацаны, эта ж германія" - і выціраюць разліты рэп адмысловай арганічнай анучкай для выцірання рэпу.
Даа, на дзень другі я раскалола нейкае відавочна памятнае Пашава бервяно, а потым не дакруціла кава-машыну. Што можа быць горшым за: чорная кава пырскае на ідэальна чыстыя паверхні нямецкай кухні, і вінаваты ў гэтым ТЫ.
А яшчэ ў аэрапорце мы сустрэлі копію Лоры Андэрсан і Лу Рыда ў адной немцы, я доўга пераконвала Н. праверыць, ці не прыехаў нехта з дваіх сюды. Акрамя таго, сустрэлі Франака Вэ, які спытаў "а вы што тут робіце". Багаж чакаем, сказалі мы. Якое твае прозвішча цяпер, дзе працуеш, чым там займаюцца, што гэта такое, а ці праўда што аляксандра выйшла замуж за латышскага фашыста - скарагаворкай выпаліў Франак тысячу пытанняў і пакрывіўся на слова Дзюсельдорф.
Такое.