На жаль, шэраг беларускіх публіцыстаў даволі некрытычна пераймаюць чужынскае разуменьне гістарычных падзеяў, што паўплывалі на Беларусь у ХХ стагоддзі. Асабліва гэта датычыць калькі «савецкая акупацыя», праўдападобна пазычанай ад прыбалтаў ды ўкраінцаў. Гэтая прыгожая фраза, аднак, бессэнсоўная ў дастасаваньні да беларускай гісторыі.
1. Савецкай акупацыі БНР не было, бо БНР як дзяржавы не існавала. БНР была геройскім, годным пашаны палітычным праектам, які аднак такім і застаўся. Дзьве прычыны прымушаюць лічыць яе праектам - што, дарэчы, ня ёсьць зьнявагай, а толькі канстатацыяй факта. Па-першае, дэмакратычнага мандата БНР ня мела, бо Ўсебеларускі зьезд ніколі патрабаваньняў незалежнасьці не высоўваў. Яе абвяшчаў орган, створаны пасьля разгону Зьезду бальшавікамі. Таму калі Алесь Чайчыц піша сяньня ў Нашай Ніве, «Савецкая ўлада на Беларусі не была выражэньнем волі беларускага народа”, дык можна толькі дадаць, што легітымнасьць БНР, яе дэмакратычны мандат быў яшчэ больш сумнеўны ўжо з самага пачатку і рабіўся такім яшчэ больш зь бегам часу - зважаючы на мэханізмы перадачы паўнамоцтваў у Радзе БНР.
2. Па-другое, БНР была толькі праектам таму, што ніводзін урад БНР ані змог узяць пад эфэктыўны кантроль аніводнага лапіку зямлі, на якую прэтэндаваў, ані сфармаваць інстытутаў незалежнай дзяржавы. Найбліжэй падыйшоў да гэтае мэты генэрал Булак-Балаховіч у часе свайго Палескага паходу, але ягоныя пляны (улічваючы Балаховічаў хаўрус з Савінкавым і па-сутнасьці спробы прымазацца ў гэтым самым паходзе да расейскага белагвардзейскага руху) прымушаюць з насьцярожанасьцю ставіцца да гэтай апэрацыі генэрала. Апроч таго Балаховіч у гэты час дзейнічаў ня толькі бяз узгадненьня з урадам БНР, але і супраць яго палітычнай лініі (урад хаўрусаваў з ковенскай Летувай, а генэрал працаваў фактычна ў выразна польскіх інтарэсох). Зноў-такі гэта не зьмяншае важнасьці і геройства Балаховіча - у яго сапраўды не было асаблівага выбару як вырашыцца на авантуру. Дарэчы, невядома, што рабіць з жыдоўскімі пагромамі, якія ўсё ж зьвязаныя з тым паходам - хаця наўрад ці, каб Балаховіч сам іх быў ухваляўшы. У любым разе, калі сказаць, што вось Палескі паход і быў тым эпізодам рэальнага існаваньня БНР, дык тады і пагромы лягуць нязмыўнай плямай на гісторыю БНР.
Слуцкае паўстаньне пры ўсёй яго рэальнасьці і чысьцейшасьці ў параўнаньні з Палескім паходам, мае іншую праблему - адсутнасьць рэальнай прывязкі да БНР. Вядома, напэўна элемэнтарна часу не хапіла, але палітыка - рэч цынічная, не хапіла - значыць і няма пра што размаўляць ды на здымак з Сокалам-Кутылоўскім на тле сьцяга спасылацца.
3. Ці БНР прымусіла Маскву стварыць БССР? Больш чым сумнеўнае сьцьвярджэньне, зважаючы на палітычную прывіднасьць БНР. Бальшавікі ў любым разе зьбіраліся ствараць нацыянальныя аўтаноміі і ня толькі для беларусаў. Калі іх нешта дадаткова да таго падштурхоўвала - дык гэта хутчэй УНР ці незалежныя балтыйскія ды закаўкаскія дзяржавы - а не БНР. Ці нацыянальныя рэспублікі ствараліся бальшавікамі з праўдзівага перакананьня ў неабходнасьці такім чынам разьвязаць нацыянальнае пытаньне, ці дзеля таго, каб разьбіць на фрагмэнты контаррэвалюцыйны рух, што стаяў на грунце адзінай і непадзельнай Расеі - сказаць цяжка. Магчыма абодва матывы прысутнічалі адначасова.
Але факт у тым, што бальшавікі ўстойліва ад самай рэвалюцыі і аж да 1936 году займаліся «нацыянальным разьмежаваньнем» і стварылі ўрэшце нацыянальныя аўтаноміі для ўсіх этнічных групаў, якія маглі хоць нейкім чынам на іх прэтэндаваць. Калі гэтыя аўтаноміі былі «савецкага тыпу», дык гэта не азначае, што яны не маглі спрыяць нацыянальнаму разьвіцьцю. Ствараліся аўтаноміі дарэчы зусім не адвольна, а з прыцягненьнем наяўнай этнаграфічнай экспэртызы, як тое давяла Фрэнсін Гірш у сваёй манаграфіі (Francine Hirsch. Empire of Nations: Ethnographic Knowledge and the Making of the Soviet Union). І я ня думаю, што існаваньне БССР з чатырма дзяржмовамі - якія горш ці лепш але функцыянавалі - гэта тое, на што трэба забыцца з-за таго, што побач з тым існавалі сумнеўныя палітычныя інстытуты, што раз-пораз займаліся масавым тэрорам вінаватых у чымсьці і невінаватых ні ў чым.
4. Ці была БССР крокам наперад ці крокам назад у беларускім нацыянальным руху? Каб зразумець яе значэньне, трэба параўнаць яе з тым, што мелі беларусы да таго, як паўстала БССР. У Расейскай імпэрыі яны існавалі ў выглядзе губерняў, ня мелі палітычнага прадстаўніцтва, ня мелі адукацыйных установаў, заставаліся ў баку ад мадэрнізацыйных працэсаў. Яшчэ ў горшым становішчы яны апынуліся пад польскай адміністрацыяй.
Чаму так мала беларусаў было сярод бальшавікоў і ў кіраўніцтве БССР? Прычынаў таму шмат, але можна нагадаць, што беларусы да 1917 году заставаліся сялянскай нацыяй (з невялікай доляй гарадзкога насельніцтва - у асноўным маргінальнага), не ахопленай мадэрнізацыяй і адпаведна далёкай ад марксызма.
Вышэйшыя слаі беларускага грамадзтва палянізаваліся і русыфікаваліся яшчэ да ўзьнікненьня пачаткаў мадэрнай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Фундаваньне графіняй Радзівіл адзінкавых кніжак і ўдзел Рамана Скірмунта ў беларускім руху застаюцца акцыдэнтальнымі, выпадковымі адхіленьнямі ад нормы. Больш менш заможная шляхта ды магнацтва сыйшлі ад Беларусі, яшчэ да яе ўзьнікненьня на палітычным даляглядзе. Шарачковыя бедныя шляхціцы, што па сацыяльным становішчы ад сялянаў няшмат адрозьніваліся, іншая справа - яны як найбольш адукаваная частка грамадзтва чынна спрычыніліся да беларускага руху - амаль выняткова левага, дарэчы.
У такіх варункох, БССР была несумненнымі дзьвюма крокамі наперад і адным крокам назад (з-за таго, якую цану давялося заплаціць). Таму БССР трэба безь неразумнага ўсхваленьня прызнаць аб'ектыўным посьпехам для разьвіцьця беларускай нацыі. Усе беларусы апынуліся ў адзінай беларускай рэспубліцы, пачалася інтэграцыя ня толькі ў агульнасаюзную структуру, але і ўнутрыбеларуская інтэграцыя. Беларусы атрымалі сучасную адукацыю, якая ўключала прышчапленьне ім беларускай - хай сабе і савецкай - сьвядомасьці. Край індустрыялізаваўся. Альтэрнатывы ўсяму гэтаму не было - ні за часы польскай адміністрацыі ў Заходняй Беларусі, ні за часы нямецкай акупацыі, пагатоў.
5. Ці зьнішчала БССР «інтэлектуальны генафонд нацыі», створаны стагоддзямі? Выкарыстаньне тэрміну «інтэлектуальны генафонд» выводзіць дыскусію за рамкі сур'ёзнага абмеркаваньня і набліжае яе да абмену паэтычнымі мэтафарамі. Калі пытаньне стаіць аб рэпрэсіях, дык безумоўна яны мелі месца. Іншая справа, што гісторыя БССР была вельмі неадназначнай і ў пэўныя пэрыяды яе гісторыі стварэньне бальшавікамі нацыянальнай інтэлігенцыі (замест палянізаванай і русыфікаванай шляхты ды інтэлігенцыі дарэвалюцыйнага часу) суправаджалася адначасовымі рэпрэсіямі супраць яе. Часам гэтыя рэпрэсіі набывалі характар масавага палітычнага тэрору - але ніколі не грунтаванага на нацыянальнай глебе. У прыватнасьці БССР - роўна ў такой самай ступені як і ўвесь СССР - ахапілі хвалі «раскулачваньня» і палітычнага тэрору, «яжоўшчыны» ў 1937-38 гадох - на якія так часта спасылаюцца антысавецкія аўтары, абагульняючы і імплікуючы, нібыта гэта і было пастаяннай зьявай і нейкім чынам асабліва скіраванай супраць беларусаў. Памянёныя падзеі не былі нормай і ў далейшым у такіх маштабох не паўтараліся. Гэта безумоўна не зьмяншае трагедыі нават меншых рэпрэсіяў. Наадварот, неразумныя перабольшваньні і зьмяшаньне ўсіх рэпрэсіяў савецкай улады на беларускіх абшарох ператварае несумненна важкі ў маральным пляне пакет абгрунтаваных абвінавачаньняў на адрас савецкай дзяржавы ў прапагандысцкі антысавецкі трэш.
6. Разам з тым сутнасьць БССР ні ў адным пэрыядзе яе існаваньня рэпрэсіямі не абмяжоўваецца. Не абмяжоўваецца яна і русыфікацыяй - многія падзеі, якія тэндэнцыйна трактуюцца як русыфікацыя, былі натуральным вынікам інтэграцыі ў рамках СССР або наступствам слабой нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, якія проста не рэалізоўвалі правы і не карысталіся магчымасьцямі для разьвіцьця сваёй культуры, бо не лічылі тое патрэбным.
Апошняе і па-сутнасьці самае актуальнае на сяньня. У БССР адбывалася фармаваньне нацыі, якая ў выніку на пачатку 1990-х мела ў зародку ўсе інстытуты дзяржаўнасьці, якая змагла кансалідаваць беларусаў, падрыхтаваць навукова-тэхнічныя ды кіраўнічыя кадры, неабходныя мадэрнай эўрапейскай нацыі. Таму БССР цяжка апісаць адным сказам, хіба што так: гэта была адзіная рэалістычная дарога да дзяржаўнасьці сярод мноства прыгожых але ілюзорных праектаў.
7. Найбольшае шкадаваньне выклікае факт, што беларуская інтэлектуальная дыскусія вядзецца ў такім расхрыстаным выглядзе і на невысокім інтэлектуальным узроўні. Прэтэндуючы на крытычны падыход, Алесь чамусьці зусім неадпаведна выкарыстоўвае нават вельмі адназначныя тэрміны як то «акупацыя» і «генацыд» (цытуючы Леаніда Маракова). Ніводзін з іх да бальшавіцкай палітыкі часоў БССР дастасаваць немагчыма. Бальшавікі займаліся тэрорам - але ня толькі ім, чым яны дакладна не займаліся - дык гэта генацыдам. Чаму абавязкова трэба абвінавачваць іх яшчэ ў відавочна неадпаведным «генацыдзе», няўжо мала іншых адмоўных момантаў?
8. Праблема і з імкненьнем Алеся абагульняць абсалютна рознародныя рэчы, каб змайстраваць глябальныя высновы. «Узброены захоп бальшавікамі тэрыторыі БНР і стварэньне на ёй альтэрнатыўнай марыянэткавай псэўдадзяржавы - гэта проста адна зь першых «адпрацовак» схемы, якая ў 1939 годзе была выкарыстаная ў дачыненьні да краінаў Балтыі і правалілася ў дачыненьні да Фінляндыі, у 1944-45 - ужытая ў дачыненьні да Польшчы і часткі Нямеччыны, пасьля вайны - у дачыненьні да Карэі, Віетнаму і іншых.» Апроч блытаніны з датамі, варта нагадаць, што азыяцкія кампартыі якраз сваім нацыяналізмам і сумнеўнай ляяльнасьцю да марксызма-ленінізма і вядомыя. Тая самая КНДР фактычна ўжо ў першым дзесяцігоддзі існаваньня хутка вынішчыла прасавецкіх ды пракітайскіх камуністаў, а атрыманьне ёю савецкіх субсыдыяў не азначае яе марыянэткавасьць. Ізраіль таксама атрымліваў і атрымлівае велізарную фінансавую дапамогу ад ЗША ды Нямеччыны - Вы ж ня лічыце яго «амэрыканскай марыянэткай», спадзяюся?
Калі ж Віетмін і Віетконг Алесю падаюцца марыянэткавымі, дык цікавыя былі і гэтыя «марыянэткі». Віетмін ды Хашымін асабіста працавалі з амэрыканцамі пакуль тыя выразна не падтрымалі францускія пляны рэкалянізацыі, прытым што Савецкі Саюз доўгі час нават фізычна ня мог віетмінцом дапамагчы - нават праз тады хаўрусных Маскве кітайцаў - гэта стала магчымым толькі на позьняй стадыі вайны. А ў далейшым камуністычны Паўночны Віетнам на пару з Віетконгам пасьпяхова манэўраваў паміж СССР і мааісцкім Кітаем у часы супрацьстаяньня апошніх.