Аўганістан: Недарэмная і непрайграная вайна Савецкага Саюза (частка І)

Feb 17, 2014 20:06

Эмацыйныя і ідэалягічна абцяжараныя ацэнкі савецкай палітыкі ў Аўганістане ў 1980-я гады пераважаюць і ў 25-ю гадавіну завяршэньня аўганскай кампаніі. Ірацыянальнасьць дзеяньняў зьдзяцінелага Палітбюро ЦК КПСС ды ідэалягічны экспансыянізм прывялі да савецкай паразы ў бессэнсоўнай вайне - вось як апісваюць тую вайну большасьць постсавецкіх СМІ. Але даступныя факты і лічбы прымушаюць усумніцца ў такіх заявах.

Давайце згадаем пра кантэкст адпаведных падзеяў і параўнаем іх з аналягічнымі сытуацыямі іншых часоў і месцаў, каб спраўдзіць, ці слушныя некаторыя міты пра аўганскую вайну СССР. Пішу многае па-памяці, таму даю часам толькі прыблізныя лічбы і суб'ектыўныя аргумэнты з асабістага досьведу.


1. Аўганістан мае і меў велізарнае значэньне для сьвету

Значэньне Аўганістана самога па сабе ў міжнароднай палітыцы заўжды было і застаецца абмежаваным. Яго маласпрыяльнае геаграфічнае разьмяшчэньне і слабаразьвітая транспартная сетка ізалявалі яго ад сьвету і нават правінцыі гэтай краіны былі слабазьвязанымі міжсобку пры канцы 1970-х. Адсталая сельская гаспадарка і фактычна няісная прамысловасьць спалучаліся з непісьменным і малапісьменным насельніцтвам.

Радовішчы карысных выкапняў параўнальна невялікія. Але ў любым разе іх перапрацоўка на месцы немагчымая дзеля адсутнасьці прадпрыемстваў і кадраў, а экспарт у большасьці выпадкаў (за выняткам асобных асабліва каштоўных мінэралаў) - надзвычай складаная справа. Вельмі цяжка іх вывезьці - фактычна Аўганістан ня толькі пазбаўлены выхаду да мора, але і не далучаны да чыгуначнай сеткі (у самой краіне чыгунка існуе толькі сымбалічна - падоўжаны ўзбэкамі кавалак чыгункі савецкага часу ад Хайратону далей да важнага паўночнааўганскага места Мазары-Шарыфа і яшчэ колькі км з Туркмэністану дацягнута да нейкага аўганскага мястэчка).

Больш за тое, нацягнутасьць адносінаў Кабула з Пакістанам (з перапынкамі пачынаючы амаль з самога моманту ўзьнікненьня Пакістана) ды міжнародная ізаляцыя Ірана з канца 1970-х зрабілі адзіна рэальным шляхам экспарту аўганскіх выкапняў паўночны савецкі/расейскі маршрут. Але Масква не зацікаўленая ў тым, каб прапускаць на рынак аўганскія карысныя выкапні, аналягічныя тым, якія здабывае і прадае сама. У выніку самым рэальным пакупніком для Аўганістана выглядае Кітай, але ён нават сяньня мае праблемы з наладжваньнем камунікацыі з Аўганістанам - бо заходні Кітай заняты найвышэйшымі горамі сьвету. У 1970-х і 1980-х гг. Кітай увогуле ня меў магчымасьці для эканамічнай эксплёатацыі Аўганістана.

Геапалітычнае значэньне Аўганістана часам абгрунтоўваюць спасылаючыся на Гальфарда Макіндэра, але забываюцца, што Макіндэр гаворачы пра важнасьць гэтае краіны ў якасьці адной з прычынаў прыводзіў гістарычна даведзеную магчымасьць ўварваньня ў Брытанскую Індыю праз Аўганістан. Таму спасылкі на Макіндэра сяньня інакш як рытуалам не назавеш. Аргумэнтацыі, якой ён карыстаўся, больш не існуе.

У 1970-я і 1980-я гг. Аўганістан меў вузкастратэгічнае значэньне для СССР (як магчымая база для падрыўных апэрацыяў у савецкай Сярэдняй Азіі) і для ЗША (з тае самае прычыны).

2. Савецкі Саюз дэстабілізаваў Аўганістан

СССР у другой палове ХХ стагоддзя звычайна выступаў за захаваньне існаваўшага ў Кабуле рэжыма. Як зазначалася вышэй, Аўганістан ня меў асаблівага эканамічнага значэньня для СССР. Стабільны гандаль паміж краінамі існаваў, але для СССР ня меў істотнага значэньня. Масква, вядома, ажыцьцяўляла шэраг істотных праектаў (кшталту будаўніцтва тунэля на Салянгу ці разбудовы прамысловай базы Аўганістана), але гэта было хутчэй імкненьнем забясьпечыць прыязны нэўтралітэт Кабула і перадухіліць яшчэ больш катастрафічнае адставаньне гэтай сумежнай краіны ў разьвіцьці з усімі магчымымі нэгатыўнымі наступствамі для СССР.

Краіна мела значэньне для СССР найперш як сусед савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублікаў. Фактычна, Аўганістан і савецкія Таджыкістан ды Ўзбэкістан (у меншай ступені Туркмэністан) ўяўлялі сабой у гістарычным дачыненьні «злучаныя сасуды» - уздым вадкасьці ў адным сасудзе вёў да ўздыму яе і ў другім. Савецкія вайскоўцы выдатна памяталі досьвед басмацкага руху, які працягваўся да таго, пакуль меў базу за мяжой - у Аўганістане. Таму Масква так чуйна рэагавала на любыя спробы дэстабілізацыі Аўганістана, ня кажучы ўжо аб ператварэньні яго ў варожую Саветом базу. Пры канцы 1920-х СССР нават не спыніўся перад наўпростай вайсковай інтэрвэнцыяй сухаземнымі і паветранымі сіламі ў Аўганістан (якой камандаваў вядомы чырвоны камандзір Віталь Прымакоў).

У 1970-я гг. дэстабілізацыя Аўганістана пачалася з т.зв. зрынаньня манархіі адным з сваякоў караля і былым прэм'ерам Мухамадам Давудам у 1973 г. Нягледзячы на фармальнае абвяшчэньне рэспублікі, новы кіраўнік Аўганістана стварыў рэжым асабістай улады і ліквідаваў даволі свабодны палітычны рэжым апошніх гадоў каралеўскага праўленьня.

СССР тым ня менш працягвае працаваць з Давудам і савецкія афіцыйныя публікацыі апісваюць праўленьне Давуда збольшага станоўча, а вось наступнае за ім кіраваньне фактычна камуністаў - фракцыі «Народ» Народна-дэмакратычнай партыі Аўганістана - малююць як эпоху крывавага тэрору (гл. напрыклад «Гісторыю Аўганістана» пад рэд. Ганкоўскага).

Давуд быў скінуты ў выніку вайсковага перавароту («Саўрскай рэвалюцыі»), арганізаванага фактычна без удзелу Масквы квазы-камуністычнай Народна-дэмакратычнай партыяй Аўганістана (НДПА) ў красавіку 1978 г. Але ня варта сьпяшацца абвяшчаць перамогу НДПА - ці хутчэй яе фракцыі «Народ» - перамогай СССР.

3. Аўганскімі камуністамі дырыжыраваў Савецкі Саюз

Аўганскіх камуністаў можна абвінавачваць ва ўсім чым заўгодна апроч марыянэткавасьці і пакорлівасьці Маскве. У гэтым сэнсе НДПА нагадвае іншыя прыклады нацыянальнага камунізма (кшталту Паўночнай Карэі ці Віетнаму), а не рэжымы Ўсходняе Эўропы. Саўрская рэвалюцыя ў чарговы раз гэта пацьвердзіла.

Чырвоная Масква ўвогуле не любіла перавароты. Хаўрусныя СССР камуністы прыходзілі да ўлады зазвычай ва ўмовах прысутнасьці ў тым ці іншым краі савецкага войска. Саматужныя спробы абарыгенных камуністаў учыніць дзесьці пераварот без савецкага войска зазвычай сустракалі калі не супраціў, дык асуджэньне Масквы. Нездарма ў 1955 г. таварыш Маа Цзэдун падчас візыту ў Нямецкую Дэмакратычную Рэспубліку скардзіўся таварышу Вальтэру Ўльбрыхту: «95 адсоткаў рэвалюцыяў у сьвеце не адбыліся па віне Камінтэрна».

Ёсьць падставы меркаваць, што напрыклад іранскія камуністы ў 1952-53 гг. мелі выдатныя шанцы ўзяць уладу. Ва ўмовах эканамічнага каляпсу і бязьдзеяньня папулісцкага ўраду Масадыка пасьля нацыяналізацыі нафты камуністы былі ня толькі самай масавай, але і адзінай больш-менш дысцыплінаванай сілай. Больш за тое, яны мелі вайсковую арганізацыю, па справе якой у 1954 г. на лаве падсудных апынулася больш за 400 афіцэраў (велізарная лічба зважаючы на памеры іранскага войска). Але бяда была ў тым, што іранскія камуністы надта слухалі Маскву і нічога не рабілі, аж пакуль у жніўні 1953 г. нямоглага Масадыка не звалілі - з другой спробы! - пара дзясяткаў звольненых афіцэраў ды натоўп люмпэнаў - якім дапамаглі арганізавацца амэрыканскія апэратыўнікі ЦРУ.

Аўганская Саўрская рэвалюцыя красавіка 1978 г. зваліла самаабвешчанага прэзыдэнта Мухамада Давуда. Той быў склізкі ды хісткі ў гешэфтох з Саветамі і якраз праславіўся тым, што выскачыў з кабінэту Брэжнева без разьвітаньня - але Масква была збольшага задаволеная становішчам. У выніку Саўрскай рэвалюцыі да ўлады - хай сабе і празь нейкі час - прыйшла ня столькі НДПА, а колькі яе абарыгенная фракцыя «Народ», якая вылучалася пуштунскасьцю, радыкальнасьцю ды больш самастойнай лініяй. Маскве была куды больш прыемная фракцыя «Сьцяг» - таджыцкая, больш паслухмяная і ўмераная. НДПА была склееная зь дзьвюх фракцыяў, «Народ» і «Сьцяг».

Калі правадыры «Народу» пачалі ў краіне радыкальныя сацыяльныя пераўтварэньні, Саветы ставіліся да іх надзвычай насьцярожана, пэўна падазраючы кітайскія мааісцкія падкопы, а з другога боку ня маючы асаблівай цікавасьці да сумнеўнага камуністычнага праекту ў гаспадарча маларазьвітай краіне. «Народаўцы» абвяшчалі радыкальную аграрную рэформу, змагаліся з духавенствам ды заляпілі ўсю краіну камуністычнымі сымбалямі ды лёзунгамі. Маштабы іх ідэалягічнага радыкалізму ўявіць зараз цяжка - аднак нават у апалітычным філялагічна-літаратуразнаўчым «Квартальніку пушту» у летнім нумары 1979 г. чвэрць нумару - гэта прамовы партыйных правадыроў пра барацьбу з імпэрыялізмам.

«Народаўцы» разгарнулі і масавыя палітычныя рэпрэсіі. Краіна пачала выходзіць з-пад кантролю. Па стане на чэрвень 1979 г. аўганскі ўрад НДПА кантраляваў толькі пяць з 29 правінцыяў краю, а тэрарыстычная актыўнасьць - з боку ня толькі (ці ня столькі) ісламістаў, колькі лявацкіх груповак дасягнула такога размаху, што ў лютым 1979 г. пасярод Кабула быў выкрадзены і застрэлены пасол ЗША.

Фактычна, свавольныя аўганскія камуністы парушылі балянс сілаў (і толькі на першы погляд - на карысьць СССР, бо СССР гэтай карысьці праўдападобна не хацеў) у рэгіёне і стварылі магчымасьць для ЗША адпомсьціць Саветам за Віетнам. Ужо за некалькі месяцаў да ўводу савецкіх войскаў, улетку 1979 г. пачынаецца амэрыканская дапамога аўганскім ісламістом (што прызнаў напрыклад Бжэзінскі і апісаў Стывэн Коўл у «Shadow War»).

Па стане на восень 1979 г. перад Масквой стаяў невясёлы выбар. Або ўмяшацца, або пакінуць справы як яны ёсьць. Умяшацца - значыць пачаць вайну за сумнеўны па сваёй каштоўнасьці здабытак.

Пакінуць справы на самацёк - значыць ужо заўтра на сотнях кілямэтраў паўднёвай мяжы СССР узьнікне сытуацыя крывавага хаосу, а пасьлязаўтра левых радыкалаў у Кабуле скінуць або радыкальныя ісламісты (людзі кшталту Зія-уль-Хака, які надоечы быў скінуўшы абраны ўрад Пакістана і пачаў уводзіць шарыят) або праамэрыканскі скрайне правы ўрад, які пачне лютыя антыкамуністычныя рэпрэсіі, паставіць амэрыканскія вайсковыя аб'екты - добра калі не ракеты - на мяжы СССР (якраз тады іранскі рэвалюцыйны ўрад зачыніў амэрыканскія станцыі праслухоўваньня ў Іране) і выкіне савецкія праекты з краіны. Ці ісламісты ці проста радыкальна правы праамэрыканскі ўрад несумненна пачнуць падрыўную дзейнасьць у савецкай Сярэдняй Азіі (пазьнейшая грамадзянская вайна ў Таджыкістане з удзелам аўганскіх маджагедаў - і матэрыяламі, і ідэямі, і людзьмі - давяла, што гэта не былі пустыя інсынуацыі).

Таму Палітбюро мусіла выбіраць паміж меншай і хоць крыху чысьцейшай вайной у Аўганістане сяньня ці вялікай бруднай вайной заўтра на ўласнай тэрыторыі. Гледзячы з пазыцыяў сяньняшняга сьвету, яно зрабіла слушны выбар з двух кепскіх варыянтаў.

Пры гэтым Масква да апошняга адцягвала ўвод войскаў. Марк Галеоці ў сваёй кніжцы «Afghanistan: The Soviet Union's Last War» пералічвае 21 зварот аўганскага кіраўніцтва па савецкія войскі да Масквы. Аўганскі ўрад НДПА-Народ, ад якога зыходзілі гэтыя звароты, на той момант меў прызнаньне міжнароднай супольнасьці, у тым ліку ЗША. Праўныя рамкі для ўводу войскаў існавалі на аснове савецка-аўганскай дамовы 1978 г. і артыкулу 51 Статуту ААН аб самаабароне. І тым ня менш войскі былі ўведзеныя не тады, а пазьней і ў шмат горшых умовах. Трэба меркаваць, што Масква сапраўды хацела да апошняга знайсьці іншае рашэньне, і казаць пра ахвочых распачаць авантуру «старых» у Палітбюро не выпадае.

4. Савецкі Саюз распачаў авантуру, прагнучы дайсьці да «цёплых мораў»

Па-першае, няма падставаў казаць, што такі «генэральны плян» экспансіі на Поўдзень існаваў. Па-другое, нават калі дапусьціць яго існаваньне не як дакумэнта, але як канцэпцыі ці ідэі, дык трэба сказаць, што гэта быў бы вельмі дзіўны спосаб ісьці да цёплага мора, асабліва зважаючы на кантэкст часу і наяўныя альтэрнатывы.

Анягож, у СССР пры канцы 1970-х былі шмат лепшыя варыянты. Пасьля рэвалюцыі 1979 г. у Іране распачаўся працяглы пэрыяд палітычнага супрацьстаяньня. СССР спадзяваўся на тое, што ў выніку перамогу там атрымае хаўрусьнік Масквы - найвялікшая кампартыя блізкаўсходняга рэгіёну - Народная партыя Ірана. Яна мела на тое добрыя шанцы - ва ўмовах дэзарганізацыі дзяржапарату і тэрора, разьвязанага левымі і ісламісцкімі арганізацыямі, іранскія камуністы мелі масавыя арганізацыі і адмысловую вайсковую арганізацыю. Нават пасьля разгрому 1983 г. у Народнай партыі заставаліся людзі у войску, а сотні чальцоў партыі, што былі ўцёкшы ў СССР да канца 1980-х заставаліся пад пільным кантролем сваіх партарганізацыяў, каб у спрыяльны момант вярнуцца ў Іран і зьдзейсьніць новую рэвалюцыю.

Дасягнуўшы гэтага СССР атрымаў бы наўпросты выхад да цёплых мораў. Больш за тое, Іран меў ужо адпаведную партовую інфраструктуру (ня толькі такія выдатныя парты Пэрсыдзкай затокі, як Бандар-Абас ці Бушэр, але і гатовыя да 1983 г. ўжо першыя пірсы больш глыбакаводнага порту Чабахар ў Аманскай затоцы - зь лепшым выхадам на Індыйскі акіян), выдатную (у параўнаньні з Аўганістанам) сетку дарог, і нават чыгунку, якая між іншым злучала савецкую мяжу з Пэрсыдзкай затокай.

Акупаваўшы ж Аўганістан, Савецкі Саюз проста выходзіў на мяжу з Пакістанам. Прычым нават да мяжы з Пакістанам яшчэ трэба было дабірацца праз неразбудаваную аўганскую дарожную сетку і неспрыяльны рэльеф. На пачатку 1980-х на Захадзе актыўна мусіравалася тэма таго, што Масква ў сваім руху да цёплых мораў захапіўшы Аўганістан будзе імкнуцца падбухторыць левы незалежніцкі рух у пакістанскай правінцыі Бэлуджыстан. Падбіць увесь Пакістан Саветы не маглі з-за адсутнасьці палітычных перадумоў - тамтэйшыя камуністы былі заслабыя, а левыя папулісты з Пакістанскай народнай партыі на чале з З.А.Бгута былі разгромленыя ў выніку ўсталяваньня ў 1977 г. вайсковай дыктатуры Зія-уль-Хака з выразнымі ісламісцкімі сымпатыямі.

Сапраўды, Пакістан толькі што перажыў у 1975 г. аддзяленьне (пры дапамозе Індыі) бэнгальскай часткі краіны і ўзьнікненьне незалежнай дзяржавы Банглядэш. Але маштабы незалежніцкага руху ў Бэлуджыстане былі непараўнальныя з бэнгальскімі, а самае галоўнае - нават у выпадку посьпеху, стварыўшы сацыялістычны Бэлуджыстан, Масква атрымала б толькі кавалак пустэчы - без камунікацыяў, без эканамічна важных рэсурсаў і базы, без партовай інфраструктуры (пакістанскі глыбакаводны порт Гвадар у правінцыі Бэлуджыстан сяньня яшчэ толькі будуецца). Атрымаўшы такі сумнеўны выйгрыш як выхад да цёплага мора праз Аўганістан і Бэлуджыстан, Масква - яшчэ не скарыстаўшыся здабытым - ужо ўвязалася б у буйнамаштабны канфлікт і тут жа страціла б здабыты выхад да мора - бо нават забясьпечваць свае і хаўрусныя войскі ў Бэлуджыстане ёй давялося б або праз складаны варыянт перакідваньня людзей і грузаў праз горы пры дапамозе вайскова-транспартнай авіяцыі або праз апору на ненадзейную дапамогу з боку Індыі.

Адным словам, варыянт з выхадам да цёплага мора праз Аўганістан выглядаў і малавыканальным і вёў да сумнеўных вынікаў. (Далей тут: http://bohdan-s.livejournal.com/8397.html)

Previous post Next post
Up