A.М. Кулагін аб пляніроўцы і інтэр'ерах сядзібнага палацу Астраглядзкага маёнтку ў кнізе: Страчаная спадчына / Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, Ю.У.Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т.В. - Мн.: Полымя, 1998:
( => Гл.
поўны тэкст А. Кулагінa аб Астраглядзкай сядзібе на сайце knihi.com)
„Астрагляды (раней Астраглядавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.) першапачаткова з'яўляліся ўласнасцю Вішнявецкіх, потым Чарлінскіх і Ракіцкіх. Тэкля Ракіцкая прыўнесла маёнтак каля 1810 г. як пасаг ва ўладанне свайго мужа Ўладзіміра Прозара з Хойнікаў. [...] Прозары валодалі палацавай рэзідэнцыяй у Хойніках. Уладзімір Прозар, атрымаўшы ў спадчыну Астрагляды, узводзіць тут у 1810-1820-ых гг. яшчэ адзін палац у стылі ампір па праекту дойліда Генрыха Марконі. Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. [...]
Палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў «паляўнічым» стылі вестыбюль з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую пад блакітным плафонам, упрыгожаным зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, якая асвятлялася парамі вокнаў ад фронту і тылу. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчалася гасціная, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні Канстанцыі Прозар. Падлога парадных апартаментаў, выкладзеная ўзорыстым паркетам з ясеню, чорнага дубу, грушы і іншых драўляных гатункаў, удала спалучалася са сценавымі панелямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука; кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'еру. [...] ”