A.М. Кулагін аб пляніроўцы і інтэр'ерах палаца Асьвейскага маёнтку ў кнізе: Страчаная спадчына / Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, Ю.У.Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т.В. - Мн.: Полымя, 1998:
( => Гл.
поўны тэкст А. Кулагінa аб Асьвейскім маёнтку на сайце knihi.com)
„...Гільзены, а потым і Шадурскія жылі ў Асвеі ў вялізным палацы, які вылучаўся са шматлікіх панскіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай таго часу. Манументальная палацава-паркавая рэзідэнцыя была ўзведзена Янам Аўгустам Гільзенам у 1782 г. у стылі строгага класіцызму пад уплывам італьянскіх паладзіянскіх віл эпохі Рэнесансу. [...] Мураваны палац, вядомы па двух малюнках Н. Орды і фотаздымку пачатку XX ст., складаўся з галоўнага корпуса, аб'яднанага акруглымі кароткімі галерэямі-аркадамі з двума простакутнымі ў плане флігелямі. [...]
Калі знешні выгляд палаца па-класічнаму строгі і аскетычны, дык інтэр'еры, наадварот, вылучаліся багатым дэкорам. У вялізным вестыбюлі, які займаў усю шырыню цэнтральнага рызаліта, знаходзілася парадная мармуровая двухмаршавая лесвіца. На другім паверсе размяшчалася абсталяваная ў стылі Людовіка XV люстраная бальная зала, якая блішчала адлюстраваннем соцень свечак, што звісалі з плафонаў.
Падлога залы і суседніх салонаў была пакрыта ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонных парод дрэва. Акрамя бальнай і сталовай залаў, салонаў, кабінета і будуара ў верхнім паверсе мясцілася бібіятэка. У адным з крылаў быў створаны двухпавярховы зімовы сад, у якім раслі экзатычныя дрэвы і расліны: магнолія, пальмы, цытрусавыя і інш.
[...] Раскоша палацава-паркавага ансамбля захоўвалася да 1914 г., калі з пачаткам першай сусветнай вайны ён быў разбураны. Зараз тут сярод парадзелага парка сіратліва ўзвышаюцца рэшткі сцен былога палаца.”